Дзяржаўныя органы могуць падаваць у суд на «прафесійных скаржнікаў», каб спагнаць з іх расходы на разгляд іх зваротаў. Пра гэта паведаміла намеснік міністра юстыцыі Ала Бодак 1 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Адпаведная норма прадугледжана законам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», які набыў моц 22 студзеня.

«Ёсць гэтак званыя прафесійныя скаржнікі, якія звяртаюцца па адным і тым жа пытанні.

Калі дзяржаўны орган адказаў на скаргу, але яму зноў паступаюць звароты, на іх разгляды неабгрунтавана расходуюцца рэсурсы, то ён можа звярнуцца ў суд аб спагнанні са скаржніка расходаў», — сказала Бодак.

Паводле яе слоў, да «прафесійных скаржнікаў» адносяцца людзі, якія «спрабуюць сваімі лістамі і зваротамі аказаць пэўны націск на вырашэнне свайго пытання».

У прыватнасці, паведаміла намеснік міністра, часта такія скаржнікі выказваюць нязгоду з нейкім судовым рашэннем. «Скаржніку адказалі, што гэта не адносіцца да сферы кампетэнцыі дзяржаўнага органа. Тым не менш грамадзянін не згодны з нашым адказам, звяртаецца ў вышэйшую арганізацыю, лічыць, што яго зварот не быў разгледжаны належным чынам і яму не былі дадзены адказы на пастаўленыя пытанні. Але гэта не кампетэнцыя дзяржоргана, гэтым павінен займацца суд. Па такіх пытаннях скаргі могуць паступаць і год, і два», — адзначыла яна.

Бодак паведаміла, што рэестр «прафесійных скаржнікаў» весціся не будзе. «У дзяржорганах такіх скаржнікаў ведаюць у твар. Гэта людзі, якія моцна крычаць, яны не саромеюцца сваіх паводзін. Так што прозвішчы іх на слыху», — сказала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?