Апошнім разам афіцыйны лідар з’яўляўся на публіцы 17 студзеня, калі даваў інтэрв’ю кітайскім СМІ. Прайшло ўжо два тыдні, а з Сочы — ад яго імя толькі віншавальныя лісты.

Гэтая гісторыя практычна адзін у адзін паўтарае леташнюю. Тады, у крызісны перыяд (пасля падзей 19 снежня), кіраўнік дзяржавы накіраваўся разам з малодшым сынам Колем у Сочы.

Прэзідэнцкая прэс-служба рапартавала: кароткатэрміновы адпачынак, не больш за тыдзень. Але падарожжа падоўжылася каля двух.

Праз год, у перыяд крызісу эканамічнага, Лукашэнка зноў з сынам у Краснай Паляне. І таксама, з кароткатэрміновым адпачынкам, які, мяркуючы па апошнім з’яўленні на публіцы 17 студзеня, расцягнуўся амаль на два тыдні.

Дакладная дата вяртання Аляксандра Лукашэнкі на працоўнае месца, па традыцыі, паведамляецца постфактум. Але, як і ў мінулым годзе, яго апарат спраўна рассылае віншаванні: каралю Іарданскага Хашыміцкага Каралеўства Абдалу II, кіраўніку Узбекістана Ісламу Карымаву, кіраўніку «Газпрому» Аляксею Мілеру, народнаму артысту Расіі Льву Лешчанку.

Усмешку выклікае і той факт, што «кубак гарбаты» за перамогу Вікторыі Азаранка Аляксандр Лукашэнка разам з сынам падымалі на фоне горналыжных схілаў. У той час як сёння на прэзідэнцкім сайце паказваецца, што ў Расійскай Федэрацыі ён знаходзіцца «з працоўным візітам».

З кім сустракаецца? Якія пытанні вырашае? Калі вернецца з «працоўнага візіту, сумешчанага з кароткатэрміновым адпачынкам»? Ні слова…

Хоць, вядома, куды спяшацца… ВУП расце, заробак хутка зноў будзе 500 даляраў, і, наогул, усё ў нас выдатна. І хай увесь свет пачакае…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?