Вызначыўся склад тэнісных зборных Беларусі і Малдовы на матч другой групы Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса, які адбудзецца ў Мінску 10–12 лютага.

Капітан беларусаў Сяргей Цяцерын разлічвае на дасведчанага Максіма Мірнага, які займае трэцяе месца ў сусветным парным рэйтынгу, а таксама на яго маладых партнёраў Уладзіміра Ігнаціка (206 нумар адзіночнага рэйтынгу), Аляксандра Бурага (549) і Дзмітрыя Жырмонта (604).

Для 34-гадовага Максіма Мірнага будучы матч стане 43-м у складзе беларускай дружыны ў Кубку Дэвіса,
21-гадовы Уладзімір Ігнацік дзясяты раз выступіць за нацыянальную зборную, 24-гадовы Аляксандр Буры згуляе ў зборнай 4-ы раз, а 22-гадовы Дзмітрый Жырмонт з’яўляецца дэбютантам гэтых спаборніцтваў.

Капітан каманды Малдовы Вадзім Шустар запрасіў Раду Албата (271), Рамана Барванава (283), Андрэя Гарбана (767), Максіма Дубарэнку (1099).

У рэйтынгу Кубка Дэвіса зборная Беларусі займае 51 месца.
А малдаване знаходзяцца на 77-й пазіцыі. Раней гэтыя каманды паміж сабой не сустракаліся. Пераможца іх будучага матчу ў наступным раўндзе ў пачатку красавіка згуляе з лепшай камандай пары Турцыя-Боснія і Герцагавіна.
Гульні пройдуць на закрытых кортах мінскага Палаца тэніса, што на Камсамольскім возеры (Пераможцаў, 63), прычым уваход для заўзятараў бясплатны.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?