Адзін з асуджаных на смяротнае пакаранне па справе аб тэракце ў мінскім метро Уладзіслаў Кавалёў і ягоны адвакат скончылі знаёміцца з пратаколамі судовага паседжання.

Пра гэта паведаміў журналістам намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Валерый Калінковіч. Ён не выключае, што Кавалёў і яго абарона могуць прадставіць дадатковую аргументацыю, і гэта зойме пэўны час. Ён не паведаміў пра тэрміны разгляду нагляднай скаргі Кавалёва.

Маці Уладзіслава Кавалёва, спадарыня Любоў, паведаміла, што

абарона рыхтуе наглядную скаргу і заўвагі на пратакол.
Таксама яна сказала, што даслала скаргу ў пракуратуру, каб далі канкрэтны адказ наконт яе даверанасцяў.
«Яны мяне футболяць з Вярхоўнага суда ў пракуратуру, пракуратура ў КДБ, а КДБ зноў мяне накіроўвае ў пракуратуру. Я ўжо два месяцы не магу высветліць, дзе згубіліся мае скаргі на тое, што дзве давернасці, напісаныя сынам на вядзенне яго спраў, недзе згубіліся ў судзе».

Яна распавяла, што 23 студзеня не змагла сустрэцца з сынам з-за паездкі ў Страсбург. З Уладам сустракалася толькі сястра. Чарговае спатканне можа адбыцца праз месяц.

У сваім прашэнні на імя кіраўніка краіны Улад папрасіў яго памілаваць і зняць з яго крымінальную адказнасць.

31 студзеня Любоў Кавалёва атрымала ліст ад сына. Улад спадзяецца на сустрэчу ў лютым, цікавіцца яе паездкай у Страсбург.

«Мамуля, прывет табе вялікі, люблю цябе моцна і абдымаю. Дзякуй усім за падтрымку. Пакуль вы са мной, мяне на многа хопіць. Пішыце часцей, я таксама пастараюся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?