1 лютага ў Мінску адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да непаўналетняга актывіста аргкамітэта па стварэнні Нацыянал-бальшавіцкай партыі Уладзіслава Лобава. Малады чалавек прызнаны вінаватым у дробным хуліганстве і аштрафаваны на 1.050 тыс. рублёў.

Раніцай 3 снежня 2011 года трое маладых людзей правялі акцыю пратэсту каля будынка Белтэлерадыёкампаніі па вуліцы Макаёнка ў Мінску: яны вылілі на ганак каля цэнтральнага ўвахода ў будынак вядро з локшынай і раскідалі ўлёткі. У іх ад імя нацыянал-бальшавікоў гаварылася: «Беларускае тэлебачанне заўсёды славілася адкрыта замоўленымі, палітычна ангажаванымі рэпартажамі, якія выклікаюць то смех, то неўразуменне. <…>

Але хопіць! Ешце самі сваю локшыну, мы хочам атрымліваць праўдзівую і сумленную інфармацыю аб’ектыўнай рэчаіснасці!»

Раней па гэтай жа справе былі пакараны адміністрацыйнымі штрафамі актывісты нацыянал-бальшавіцкага руху Дзяніс Сахар і Яўген Контуш.

Лобаў паведаміў, што не згодны з рашэннем камісіі і, хутчэй за ўсё, будзе яго абскарджваць. «Апыталі мяне, сведак, паглядзелі відэазапіс і вырашылі, што я вінаваты.

Я не лічу сябе вінаватым, бо да будынка нават не падыходзіў, знаходзіўся метраў за дзесяць.
Дарэчы, і сведкі казалі, што твар мой першы раз бачаць, але «па целаскладзе падыходжу».
Тым не менш юнак саму акцыю падтрымлівае і лічыць, што «трэба было нават два вядры локшыны выплюхнуць, а не адно».

Лобаву давялося забраць дакументы з Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва, дзе ён вучыўся на першым курсе.

«Вучыцца не давалі, — тлумачыць ён. — На першым жа тыдні, як паступіў, кадэбэшнікі прыходзілі. Вырашыў не чакаць, калі адлічаць».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?