Гурт «Или-или» зьняў кліп на песьню «Восень як вясна», а таксама падзяліўся навінамі пра дэбютны альбом ды скарэньне калужанаў.

Песьня напачатку была створаная па-руску, аднак пазьней хлопцы перапісалі яе і моўна, і музычна. Увосень «v.v.» выйшла з засьценкаў студыі.

«У новым варыянце яна нас натхняла куды болей. Калі Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў, наш сябра і рэжысёр дэбютнага кліпу "Курортный романс", выпадкова спытаў, ці ёсьць у нас нейкая песьня пра восень, бо ў яго даўно ёсьць ідэя відэа, усё неяк і супала. Праўда, пасьля ідэя знайшлася яшчэ цікавейшая і яна сама сабою разьвівалася. Ды напрыканцы кліп атрымаўся больш шматзначным,чым задумваўся. Працэс здымак быў цяжкаваты,бо ў Беларусі вельмі халодна ў лістападзе бегаць па палях у адным строі. Аднак тое, што атрымалася, зараз нас грэе», — распавялі Generation.by музыкі.

Песьня «v.v.» запісаная на студыі Sunflowers з гукарэжысёрам Віталем Кулеўскім. Зь ім жа «Или-или» цяпер працуюць над сваім дэбютным альбомам.

«Невядома пакуль, ці ўвойдзе "v.v." у альбом, бо ён атрымоўваецца рускамоўным, але ідэйна песьня падыходзіць. З прычыны запісу мы пакуль не плянуем вялікага канцэрту, хочацца засяродзіцца на стварэньні плыткі. Але, магчыма, зладзім нешта накшталт кватэрніку ў "Ля Мора"».

Тым часам іншая песьня гурта «В июле» літаральна на днях перамагла ў конкурсе калужскага радыё «40рок». Цяпер калужане будуць слухаць беларусаў у «гарачай» ратацыі. Дарэчы, гэтую ж песьню «Или-или» выконвалі пры здымках беларускага сэрыялу «Вышэй неба», што неўзабаве выйдзе на тэлеэкраны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?