У Беларусі праводзіцца штучнае скарачэнне папуляцыі баброў, паведаміў міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч.

Як адзначыў міністр, бабры, колькасць якіх у апошнія гады значна вырасла, наносяць сур’ёзную шкоду лясам, знішчаючы дрэвы.

Паводле слоў кіраўніка ведамства, у Беларусі доўгі час не рэгулявалася шчыльнасць пражывання баброў. У 2011 годзе спецыялісты сур’ёзна ўзяліся за гэту праблему, паведаміў Амельяновіч.

«Быў распрацаваны план кропкавага адлову баброў, і да 1 лютага гэтага года задача выконвалася.
Мы адрэгулюем шчыльнасць баброў і мінімізуем адмоўныя наступствы ад жыццядзейнасці гэтых жывёл у лясной гаспадарцы», — сказаў ён.

Пры гэтым міністр таксама паведаміў, што праводзіцца перасяленне баброў у тыя месцы, дзе іх колькасць невялікая.

Акрамя таго, Амельяновіч адзначыў, што цяпер стаіць праблема са збытам бабровага футра.

Зніжэнне папулярнасці гэтага футра прыводзіць да рэзкага зніжэння цэн на яго.

Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, згодна з апошнімі звесткамі папуляцыя баброў у Беларусі складае 63,3 тысячы. У параўнанні са звесткамі за 2010 год іх колькасць павялічылася амаль на тысячу. На думку вучоных, аптымальная папуляцыя гэтых жывёл павінна складаць каля 30 тысяч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?