У Салігорску ў завале ў панядзелак загінуў шахцёр. На 48‑гадовага гарняка «Беларуськалію» на глыбіні 575 метраў абрынуўся бакавы пласт пароды.
У сюжэце тэлеканалу АНТ паведамлялася, што на пачатку змены Мікалай Кісель паведаміў начальству, што ў лаве №78 працаваць небяспечна, бо там «гуляе глеба». Аднак яму загадалі працягваць працу, што і прывяло да трагедыі.
Вынікі расследавання спецыяльнай камісіі з супрацоўнікаў спецслужбаў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях чакаюцца праз два тыдні. Праца ў шахце не спынялася.
Еўрарадыё пагутарыла з сябрам Мікалая — гарняком, які не пажадаў назваць сваё прозвішча:
«Я ведаў Мікалая добра. Для мяне гэта боль: калі чалавек знаёмы — гэта ўдвая больш балюча. Калі працавалі разам… Да тых часоў, пакуль патагонная сістэма будзе працаваць… Вы калі‑небудзь былі ў шахце? Не былі? Шчаслівы чалавек! І не трэба там быць.
Усе кажуць, што аб’яднанне «Беларуськалій» і шахцёры — тлустыя каты. Насамрэч, гэта зусім не так.
Тое, што там чалавек загінуў, — што яшчэ лепш патлумачыць? Быў здабыўца ў сям’і, а як цяпер сям’і жыць? Тым больш, у Салігорску, калі гэта — горадаўтваральнае прадпрыемства, а больш, у прынцыпе, і няма куды ўладкавацца на працу.»
Фота Андрэя Лянкевіча