Менш чым у 60 Купала выглядаў знішчаным, зломленым чалавекам.

Менш чым у 60 Купала выглядаў знішчаным, зломленым чалавекам.

Толькі ў Курапатах спачываюць дзясяткі тысяч ахвяр савецкага тэрору. Фота Сяргея Гудзіліна.

Толькі ў Курапатах спачываюць дзясяткі тысяч ахвяр савецкага тэрору. Фота Сяргея Гудзіліна.

Бібліятэкаркі ў аддзеле перыядычных выданняў Нацыянальнай бібліятэкі здзіўленыя: вялікі попыт на «Звязду» за 1937 год.

Давялося патлумачыць, што 75 гадоў таму з працэсу «паралельнага антысавецкага трацкісцкага цэнтру» пачаўся Вялікі Тэрор.

На лаву падсудных селі 17 чалавек.

Галоўнымі фігурантамі былі вядомыя бальшавікі Юры Пятакоў, Карл Радэк, Рыгор Сакольнікаў, Леанід Серабракоў і Мікалай Муралаў. Трынаццаці падсудным Вайсковая калегія Вярхоўнага суда СССР вынесла смяротны прысуд, тры чалавекі (у тым ліку Радэк і Сакольнікаў) атрымалі па 10 гадоў, адзін — 8 гадоў турмы. Пятакова расстраляюць 30 студзеня (паводле іншых звестак, 1 лютага), Серабракова і Муралава — 1 лютага 1937.

Праз два гады Радэка і Сакольнікава забілі ў турме, паводле афіцыйнай версіі, сукамернікі.

Камісія, створаная пры Мікіту Хрушчову, высветліла, што насамрэч іх забілі энкавэдысты, а заказчыкам забойства быў Іосіф Сталін.

Разгляду справы «паралельнага антысавецкага трацкісцкага цэнтру», як заўсёды ў такіх выпадках, папярэднічаў перадавы артыкул газеты «Правда». Пісаў яго, як правіла, сам генеральны сакратар.

Перадавы артыкул «Трацкісцкія шпіёны, дыверсанты, здраднікі Радзімы» з’явіўся ў «Правде» 21 студзеня — у дзень смерці Уладзіміра Леніна, а 23 студзеня ў Маскве пачаўся гучны працэс.

І ў той самы дзень перадавы артыкул «Правды» ў перакладзе на беларускую надрукавала «Звязда».

Калі хто не ведае, як у СССР праводзіліся палітычныя кампаніі (а палітычны судовы працэс — таксама кампанія), тлумачу, што на старонках кожнай газеты ў падтрымку прынятага ці магчымага рашэння ўладаў павінен быў прагучаць голас усіх сацыяльных групаў: рабочых, калгаснікаў, чырвонаармейцаў, інтэлігенцыі (а сярод інтэлігентаў — у першы чарод галасы навукоўцаў, пісьменнікаў і артыстаў).

Паколькі

ў нумары «Звязды» за 24 студзеня месца для «голасу савецкага народа» не хапіла (друкавалася абвінаваўчае заключэнне), а 25 студзеня газета не выходзіла, гэты голас прарэзаўся ў газеце толькі 26-га.

«Нянавісць і абурэнне» — так называўся рэпартаж 2-тысячнага мітынгу на менскай (яшчэ менскай) швейнай фабрыцы «Кастрычнік». У нумары можна ўбачыць таксама здымак з мітынгу на менскім заводзе імя Варашылава. У тыя дні якраз праходзіла сесія Акадэміі навук БССР. Рэпартаж з сесіі называўся «Гнеў і абурэнне». Пераказаўшы выступленні акадэмікаў Івана Сурты і Сямёна Вальфсона, карэспандэнт «Звязды» працытаваў рэзалюцыю, прынятую вучонымі мужамі. Сэнс дакумента — у двух сказах: «Сесія аднадушна патрабуе расстрэлу ўсёй гэтай банды фашыстаў. (…) Няхай жыве наш мудры правадыр і настаўнік вялікі Сталін!».

У сваіх інтэнцыях вучоныя мужы БССР не былі самотныя. 27 студзеня ў «Звяздзе» з’явіўся пераклад звароту расійскіх акадэмікаў і прафесараў пад назвай «Мы патрабуем бязлітаснай расправы з подлымі здраднікамі нашай вялікай Радзіме» (!).

Тут звяртае ўвагу на сябе слова «расправы». Хацелі акадэмікі ці не, але яны напісалі, што ў Маскве сапраўды адбываецца расправа.

27 студзеня выказаліся нарэшце і інжынеры чалавечых душаў — пісьменнікі. «Адзін прысуд — расстрэл» — загаловак допісу Андрэя Александровіча.

«Пад савецкім сонцам няма і не будзе месца здраднікам», — чытаем у загалоўку допісу Якуба Коласа.

Вось я напісаў, што выказаліся інжынеры чалавечых душаў. Але ж гэта больш датычыць А. Александровіча. 29 студзеня ён выступіць у «Звяздзе» і з вершам «Усіх — да аднаго», у якім былі й такія радкі:

Ніякай літасці бандытам не дамо!
.............................
Ніякай літасці! Усіх да аднаго!
Чарга за Троцкім! Дойдзе й да яго!

Здагадваўся паэт пра фінальную мэту Сталіна. Зрэшты, і свой арышт ён прадчуваў.

Але пра гэта іншым разам. Для нас больш важна, што з допісам выступіў і Янка Купала.

Апублікаваны 27 студзеня, допіс Янкі Купалы меў загаловак «Ворагі народаў павінны быць раздаўлены!»

Такі загаловак дадзены яму і ў «Чырвонай змене». А ў 8-м томе Поўнага збору твораў ён мае загаловак «Ворагі народаў павінны быць знішчаны». І друкуецца паводле «ЛіМа» за 28 студзеня. Пераклады ж гэтага допісу надрукаваныя ў газеце «Рабочий» пад загалоўкам «Смерть изменникам Родины», а ў маскоўскай «Литературной газете» — «Прокляты навеки». Каментатары 8-га тома не ўлічваюць звяздоўскую публікацыю, а адрозненні ў загалоўках тлумачаць адвольным абыходжаннем з купалаўскім тэкстам у рэдакцыях газет.

А ці пісаў Купала гэты тэкст?

Яшчэ ў 1973 годзе паваенны прэм’ер-міністр БНР Аўген Калубовіч, які ведаў паэта асабіста, папярэджваў: «…трэба будзе ў будучыні быць асцярожным з публіцыстыкай Янкі Купалы. У тыя змрочныя гады ён мог падпісаць тэкст, які не толькі не выказваў ягоных паглядаў, але нават і не быў чытаны ім». А мог паэт і не падпісваць апублікаваны пад ягоным імем тэкст. У гэтым пераканаў мяне Віталь Скалабан.

Архівіст паказаў мне тэкст Купалы, «адстуканы» на машынцы старшыні Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР Міхася Клімковіча і ягонаю ж рукою папраўлены.

Што тэкст, апублікаваны 27 студзеня 1937 года, Купала не пісаў, я больш чым упэўнены.

Я ўжо паказаў, што «пралетарскі паэт» Андрэй Александровіч не абмежаваўся допісам у «Звязду». Натхніўся ён і на верш. А вось Купалу, чыйго допісу было ўладзе было малавата, на верш, падобна на тое, натхнілі. Гаворка — пра сумнавядомы твор «Мала іх павесіць…»

28 студзеня «Звязда» апублікавала рэзалюцыю агульнага сходу Саюза пісьменнікаў (на якім, вядома ж, Купала не мог не прысутнічаць).

29 студзеня вынесены прысуд «сябрам» «паралельнага антысавецкага трацкісцкага цэнтру». 30-га «Звязда» выступіла з перадавым артыкулам «Гадзіна раздаўлена» і апублікавала пераклад прысуду. 31 студзеня ўсю трэцюю паласу газета аддала на матэрыялы пад шапкай «Воля савецкага народа выканана». 1 лютага газета не выходзіла. Уранку таго ж чысла асуджаных на смерць бальшавікоў былыя таварышы па партыі расстралялі. 2 лютага «Звязда» аддала матэрыялам пад шапкай «Воля савецкага народа выканана» толькі частку 3-й паласы, а на наступны дзень змясціла адно чатыры тэксты і на гэтым кампанію скончыла.

Верш Купалы «Мала іх павесіць…» быў змешчаны якраз у апошняй падборцы — 3 лютага. Праз пяць дзён пасля вынясення прысуду і праз два дні пасля расстрэлу асуджаных.

Нехта (не памятаю, хто) вусна, а пазней Пётра Садоўскі пісьмова паведаміў мне, што

Купалава пляменніца Ядвіга Раманоўская апавядала, як паэта прымушалі напісаць гэты верш: пагражалі, што калі ён не напіша, дык арыштуюць Якуба Коласа і скажуць яму, што арышт учынены на аснове ягоных, Купалавых, паказанняў.

Верыць ці не верыць Купалавай пляменніцы — кожны вырашае сам, але

трэба, мусіць, згадзіцца, што заклік «мала іх павесіць» 3 лютага быў ужо неактуальны, запознены.

Гэты заклік быў неактуальны і таму, што верш датаваны 29 студзеня, а гэта дзень, калі вынеслі прысуд.

Паўстае пытанне: чаму верш не апублікавалі 30 і 31 студзеня або 2 лютага? Адказу няма. Няўжо «Звязда» атрымала яго толькі 2 лютага? Калі так, паўстае трэцяе пытанне: ці сапраўдная дата пад вершам? І яшчэ пытанні: ці не напісаў Купала гэты верш сапраўды пад прымусам і ці не паставіў пад ім задняе чысло?

Што Купала пісаў верш без натхнення і імпэту, падказвае тое, што

праз год, калі будуць судзіць за «праватрацкісцкі блок» Мікалая Бухарына ды іншых, на падстрахоўку мабілізуюць Якуба Коласа. І ён напіша верш «Ачысціць радзіму ад гнойнай заразы».

Так сістэма тэрору прымушала людзей дэманстраваць сваю «падтрымку». Каб пасля перамалоць і тых, што падтрымалі.

* * *

Да працэсу над бандай трацкістаў-дыверсантаў

Мала іх павесіць
На сухой асіне,
Бо нават асіна
Ад сябе адкіне.

Дзерава адкіне,
Дзерава сухое,
Сябе не спаганіць
Поскуддзю такою.

Прадавалі немцу,
Немцу ды японцу
Нашую радзіму,
Долі нашай сонца.

Пятакоў і Радэк,
Троцкі — ўся арава —
Хлёбалі, зладзюгі,
З адной міскі страву.

Страву, што ім Гітлер
Варыў смачна, ласа,
Страву, што мікада
Запраўляў закрасай.

Гандляры айчынай
Па чужым заказу…
Вынішчыць дашчэнту
Гэтую заразу!

*

Ураздроб, агулам
Намі гандлявалі —
Па цане даступнай,
Па цане крывавай.

Дынаміт і порах
Запускалі ў дзела, —
На шматкі хай рвецца
Народнае цела!

Плача горка ўдоўка,
Плача горка маці
Па забітым мужу,
Спаленым дзіцяці.

Спіце вы, нявінна
Згінуўшы, ахвяры!
Пакараем катаў
Самай лютай карай!

*

Пятакоў і Троцкі,
Муралаў і Радэк
Пакінуць хацелі
Царскі нам парадак.

Не вам, інтэрвенты,
Шпегі, дыверсанты,
На прыстані нашы
Выпускаць дэсанты.

Не вам край савецкі
Знішчыць, крывапіўцы…
У нашых чэкістаў
Зоркія зраніцы!

*

Шэстоў, Ліўшыц, Радэк,
Пятакоў, Муралаў, —
Растаптаць, як гнідаў,
Вас, звяр’ё, замала!

Няхай жа ў зямлі вам
Не будзе спагады
За ваша зладзейства,
За вашыя здрады.

Хай калом магіла
Для вас, злыдні, будзе,
Каб гэтай магілы
Цураліся людзі!

Каб гукалі совы
Па-над вамі, псамі,
Косці расцягалі
Груганы з ваўкамі!

*

Чуй, народ савецкі,
Чуй, мая радзіма!
Сваёй долі, волі,
Чуй, не аддадзім мы!

Будзеш векі жыці,
Зямелька саветаў,
На радасць, на шчасце
Працоўнаму свету.

Ворагаў зніштожыш,
Хатніх і замежных,
Сонцам апранешся,
Як табе належна.

Мы ідзем наперад
Пераможна, ў сонцы…
Глядзіць яно ярка
У нашыя аконцы.

Засяваць мы самі
Будзем нашы нівы,
Збіраць самі будзем
Ураджай шчаслівы.

Хай пад сонцам знаюць,
Чым мы сёння сталі…
Мы падставім грудзі
За цябе, наш Сталін!

Мінск. 29 студзеня 1937 г.

Ад рэдактара. Янка Купала напісаў гэты верш маральна зломленым, пасля таго, як над ім самім навісла пагроза знішчэння саветамі. Ён яшчэ не ведаў, што пік людабойства наступіць пазней: калі на пачатку 1937-га судзілі асобных «кіраўнікоў змовы», верш супраць якіх і заказалі паэты, то пад восень 1937 года будзе знішчана татальна ўся эліта беларускай нацыі: ад міністраў да паэтаў, у рытме соцень чалавек у дзень, каб у паняволенай краіне не засталося нікога, здольнага ўзначаліць супраціўленне. Аналагічна дзейнічалі ў заваяваных краінах нацысты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?