Першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заклікае Мінпрам хутчэй прымаць рашэнне па стварэнні альянсу МАЗа з замежнай кампаніяй. Пра гэта ён заявіў 2 лютага на пашыраным пасяджэнні калегіі Мінпрама, паведаміла прэс-служба ўрада.

Сямашка адзначыў, што ўжо год як ідуць перамовы паміж ААТ «МАЗ» і ААТ «КамАЗ» аб стварэнні холдынгу. «Праект няпросты, складана прымаць рашэнні, але трэба прыплываць да нейкага берага», — лічыць першы намеснік прэм’ер-міністра.

Паводле яго слоў, МАЗу складана будзе ў далейшым працаваць на знешнім рынку ў адзіночку. МАЗ вырабляе ў год каля 25 тыс. аўтамабіляў. Але такі аб’ём не робіць яго гульцом на знешнім рынку, лічыць Сямашка.

Прыкладам буйных беларускіх прамысловых гульцоў на сусветным рынку можна лічыць «Беларуськалій», БелАЗ, МТЗ.

«Але МАЗ пакуль не дацягвае па аб’ёмах, таму і трэба шукаць альянс», — лічыць першы віцэ-прэм’ер.
«Разумею асцярогі пры прыняцці такога рашэння, — сказаў Сямашка. — Калі трэба, давайце абмяркоўваць гэта пытанне ва ўрадзе, усе плюсы і мінусы. Калі будзе больш плюсоў, то трэба ісці на гэта, але без мінусаў таксама нічога не бывае».

* * *

Нагадаем, 18 лістапада 2011 года на сустрэчы з працоўным калектывам ААТ «МАЗ» прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч заявіў, што канчаткова рашэнне аб стварэнні холдынгу на базе МАЗа і КамАЗа яшчэ не прынята.

Мясніковіч падкрэсліў, што ўрад Беларусі не пойдзе на пагаршэнне стану МАЗа. «Гаворка ідзе аб тым, каб узаемна дапаўняць адзін аднаго, атрымліваць вялікі прыбытак і весці ўзгоднены продаж тэхнікі, не перабягаючы адзін аднаму дарогу, а ўзгоднена працуючы на знешнім рынку», — сказаў кіраўнік урада.

Раней гендырэктар КамАЗа Сяргей Кагогін заяўляў, што кампанія разлічвае да канца 2011 года «закрыць здзелку» па стварэнні холдынгу з Мінскім аўтамабільным заводам.

Дзяржкарпарацыя «Растэхналогіі», якая валодае 49,9% акцый КамАЗа, зімой прапанавала аб’яднаць КамАЗ і МАЗ. Сямашка ў пачатку лета 2011 года паведаміў, што праекты дакументаў па стварэнні холдынгу з удзелам КамАЗа і МАЗа плануецца падрыхтаваць да канца года. Аднак ужо ў канцы чэрвеня кіраўнік «Растэхналогій» заявіў, што перамовы зацягваюцца па палітычных прычынах.

Першапачаткова бакі разглядалі абмен акцыямі КамАЗа і МАЗа ў межах аб’яднання дзвюх кампаній, але беларускія ўлады адмовіліся ад гэтага варыянту. Затым было прапанавана стварыць СП, у якое будуць унесены 49,9% акцый КамАЗа і 49,9% акцый МАЗа, а таксама шэрагу прадпрыемстваў, якія вырабляюць аўтакамплектуючыя як у Расіі, так і ў Беларусі. Кіраўнік «Растэхналогій» Сяргей Чэмезаў адзначаў, што пакет акцый КамАЗа аб’ектыўна значна даражэйшы, чым аналагічны пакет МАЗа. Паводле слоў Чэмезава, пасля правядзення ацэнкі стане зразумела, якія прадпрыемствы ўвойдуць у СП.

Акрамя таго, на супрацоўніцтва з МАЗам прэтэндуе расійскі машынабудаўнічы холдынг «Рускія машыны», асноўны акцыянер «Групы ГАЗ». Гендырэктар «Рускіх машын» Аляксандр Філатаў заяўляў, што карпарацыя бачыць «сур’ёзную сінергію ад супрацоўніцтва з МАЗам». Так, бакі разглядаюць магчымасці перадачы ў кіраванне «Групе ГАЗ» Мінскага аўтазавода, куплі мінарытарных пакетаў ці інвестыцыйных пакетаў.

Міхаіл Мясніковіч у жніўні мінулага года заяўляў, што лічыць больш пераважным варыянт стварэння холдынгу МАЗа з «Растэхналогіямі», а не з «Рускімі машынамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?