Мікіта Ліхавід пасля лукашэнкаўскай турмы.

Мікіта Ліхавід пасля лукашэнкаўскай турмы.

Мікіта Ліхавід сёння.

Мікіта Ліхавід сёння.

Сёння на сайце радыё «Свабода» прайшла анлайн-канферэнцыя з былым палітвязнем, грамадскім актывістам Мікітам Ліхавідам.

Мікіта, у прыватнасці, закрануў пытанне дыскусіі з жонкай Андрэя Саннікава Ірынай Халіп:

«На жаль, склалася парадаксальная сітуацыя. З аднаго боку, людзі, якія хочуць свабоды для Беларусі, пастаянна гавораць, што ў краіне не павінна быць цэнзуры, у краіне павінен быць плюралізм меркаванняў, мы павінны прыслухоўвацца адзін да аднаго.

Але ў той жа час некаторыя з гэтых людзей не церпяць альтэрнатыўнага меркавання, якое не супадае з іх думкай.
На жаль, Ірыне Уладзіміраўне не спадабалася тое, што я сказаў у інтэрв’ю радыё «Свабода», яна перайшла на асобы і дазволіла сабе лішняе. Жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Саннікава пазіцыянуе сябе як палітык і прадстаўляе яго інтарэсы, пакуль ён знаходзіцца ў турме, на мой погляд, не магла ў такой форме выражаць сваё абурэнне маім выказваннем, калі яно так яе закранула. Сёння ў сеціве разгарнулася дыскусія, але, як бачым, людзі збольшага не разумеюць, чаму ўсё адбылося ў той форме. Такога быць не павінна.
Калі мы не падзяляем пазіцыю іншага, мы павінны канструктыўна пра гэта казаць, а не пераходзіць на асобы, абразы. Мы цывілізаваныя людзі.
Гэта маглі быць эмоцыі, але ж гэта было напісана, значыць, над гэтай заявай думалі, асэнсоўвалі напісанае.

(…)

Увогуле, лічу, што наш канфлікт з Ірынай — канчатковае сведчанне велізарнага разрыву паміж апазіцыйнай вярхушкай (калі можна так сказаць) і звычайнымі грамадзянамі апазіцыйных поглядаў.

Я ішоў на Плошчу не на заклік нейкіх людзей, я ішоў туды з поклічу сэрца, гэта было неабходна мне, маім блізкім, маёй краіне. Так,

і на Плошчу я зноў пайду, бо я ведаю, што па-іншаму нельга, гэта адзінае выйсце, гэта адзіная магчымасць сказаць, што мы не хочам так болей жыць.

Апазіцыйныя лідары марнуюць час у гэтай мітусні паміж сабой, якая не набліжае нас да канчатковай мэты.

Разрыў паміж шараговымі грамадзянамі і вярхушкай апазіцыі настолькі ж велізарны, як паміж людзьмі і сённяшняй уладай. На жаль, апазіцыйныя лідэры робяць вельмі мала, каб гэтая сітуацыя змянілася».

На пытанне, «ці не лепш проста заняцца вучобай, лепш за межамі Беларусі. Рыхтавацца да будучыні» Мікіта Ліхавід адказаў: «Мяне заўсёды здзіўляла пазіцыя людзей: паеду за мяжу, буду вучыцца, а потым вярнуся і буду працаваць дзеля новай Беларусі.

Больш за 15 гадоў мы ўсё рыхтуем гэтых спецыялістаў за мяжой, але асаблівага эфекту няма. За гэты час ужо столькі спецыялістаў падрыхтавана, што хопіць на паўтары Беларусі. А потым, я не вельмі люблю бываць за мяжой, бо мне там сумна і хочацца дадому.
А ў Беларусі ёсць вялікая колькасць праблем, якія трэба вырашаць сёння, а не чакаць, калі можна будзе прыехаць з еўрапейскімі дыпломамі. Ні ў адным універсітэце не навучаць, як падняць краіну, перабудаваць грамадства, якое запужана, раз'яднанае. Тут ніякі дыплом не дапаможа, трэба працаваць па-чорнаму. Араць і араць».

* * *

Мікіта Ліхавід нарадзіўся 27 мая 1990 г. у Менску. Вучыўся завочна на юрыдычным факультэце недзяржаўнага Мінскага інстытута кіравання.

Затрыманы 19 снежня 2010 г. на плошчы Незалежнасьці падчас акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Асуджаны на 15-суткавы арышт, але 23 снежня пастанова аб арышце была адмененая і Ліхавіда перавялі ў статус абвінавачанага ў справе аб удзеле ў масавых беспарадках. З Жодзінскага СІЗА перавялі ў мінскую «Валадарку», а за дзень да суду ― у камеру да абвінавачаных у цяжкіх злачынствах.

29 сакавіка 2011 г. суддзя Партызанскага суда Мінска Наталля Пыкіна асудзіла Ліхавіда на 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі № 10. Абвяшчаў галадоўку супраць несправядлівага прысуду. У калоніі прадстаўляўся «незаконна асуджаны Мікіта Ліхавід». За гэта неаднаразова трапляў у штрафны ізалятар, яго змясцілі на 3 месяцы ў ПКТ ― памяшканне камернага тыпу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0