Фота Auto.onliner.by

Фота Auto.onliner.by

У мэтах папярэджання дарожна-транспартных здарэнняў на чыгуначных пераездах супрацоўнікі транспартнай міліцыі сумесна з інспектарамі падраздзяленняў ДАІ з 4 па 26 лютага правядуць адпрацоўку чыгуначных пераездаў, накіраваную на папярэджанне парушэнняў вадзіцелямі транспартных сродкаў правілаў праезду чыгуначных пераездаў. Аб гэтым БелаПАН паведаміў прэс-сакратар упраўлення ўнутраных спраў на транспарце МУС Аляксандр Марчанка.

3 лютага ў 14.35 на чыгуначным пераездзе аўтадарогі Стоўбцы — Івацэвічы — Кобрын паблізу вёскі Марможава 48-гадовы жыхар Бярозы, кіруючы трактарам «МТЗ-82», выехаў на пераезд на забараняльны светлавы і гукавы сігналы святлафора, дзе сутыкнуўся з электрацягніком маршрутам Брэст — Мінск. У выніку сутыкнення сцэпку трактара з прычэпам разарвала. Трактар адкінула, а прычэп электрычка працягнула яшчэ каля 500 метраў, пасля чаго сышла з рэек. У электрацягніку пацярпелых няма, трактарыст загінуў. Затрымка ў руху цягнікоў склала 1 гадзіну 5 хвілін. Па гэтым факце праводзіцца праверка. Устаноўлена, што сігналізацыя ў момант аварыі была ў спраўным стане.

Ва УУСТ МУС паведамілі, што з пачатку года на чыгуначных пераездах адбылося 9 ДТЗ (за аналагічны перыяд 2011 года — тры), у выніку якіх загінулі тры чалавекі і столькі ж атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці (за аналагічны перыяд 2011 года траўмаваны адзін чалавек).

Адзінай прычынай аварый з удзелам транспартных сродкаў і цягнікоў у транспартнай міліцыі называюць невыкананне Правілаў дарожнага руху вадзіцелямі аўтамабіляў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?