03.02.2012 / 21:04

Махлярыў, выкарыстоўваючы імя Следчага камітэта

Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта Беларусі распачата крымінальная справа ў дачыненні да жыхара Мінска за ўчыненне махлярскіх дзеянняў у буйным памеры.

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК, 42-гадовы мінчанін, выдаючы сябе за супрацоўніка Следчага камітэта, прапанаваў бацькам абвінавачанага вырашыць пытанне аб яго вызваленні ад крымінальнага пераследу за ўчыненне разбойнага нападу. Свае паслугі ён ацаніў у 3 тыс. долараў.

Увайшоўшы да састарэлых людзей у давер і паказаўшы ў якасці пацвярджэння сваіх паўнамоцтваў і магчымасцяў копію пастановы аб працягу тэрміну ўтрымання іх сына пад вартай, махляр атрымаў ад пенсіянераў 25 млн. рублёў.

Падазроны затрыманы. Як высветлілася, ён неаднаразова судзімы за ўчыненне цяжкіх злачынстваў. Следствам устанаўліваюцца іншыя магчымыя факты яго супрацьпраўнай дзейнасці.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру