25.02.2007 / 01:51

Кулі над Брадвэем 25 лютага 2007, Лад, 18.55

Дасьціпны шэдэўр Вудзі Алэна на беларускім тэлеэкране.

Кулі над Брадвэем (Bullets Over Broadway)

ЗША, 1994, каляровы, 98 хв.

Рэжысэр: Вудзі Алэн

Ролі выконваюць: Джон К’юсак, Даян Ўіст, Джэніфэр Цілі, Чэзэ Палмінтэры, Трэйсі Ўлмэн, Роб Райнэр, Джо Вітэрэлі

Жанр: Іранічная камэдыя

Адзнака: 7,5 (з 10)

Малады драматург напісаў п’есу. Але грошай на пастаноўку няма. Іх дае Н’ю-Ёрскі гангстэр, які патрабуе ўзяць на галоўную ролю сваю бяздарную палюбоўніцу. А тут шчэ ахоўнік палюбоўніцы (Чэзэ Палмінтэры) пачынае даваць драматургу парады… і перапісвае п’есу.

Карціна насычаная дасьціпнымі цытатамі. Так імя бандыта – містэр Валенці (зьдзек з галівудзкага кінапракатчыка 40-ых), касьцюмы й атмасфэра гангстэрскага кіно пазьмяшаныя з тэатральнай бутафорыяй, а alter ego Вудзі Алэна (актор Джон К'юсак) - інкарнацыя недарэкаў, сыграных рэжысэрам.

Бяздарная актрыса ў фільме - гратэскная, целаахоўнік-гангстэр – натхнёны, тэатральная зорка - шаржавана-ўзьнёслая, а сцэнічны палюбоўнік - пражэрлівы.

Бліскучы сюжэт, выбітны акторскі склад, тоеснасьць рэжысуры й гангстэрызму. П’еса, выпраўленая бандытам карысталася шалёным посьпехам. Тое ж тычыцца й стужкі Алэна.

Усе фільмы

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру