25.02.2007 / 00:36

Як Шушкевіч мытніку анэкдот пра лысага распавёў Сьмешныя фрагмэнты замежных палітычных вандровак 3

Мілінкевіч працягвае гнуць сваё. Дэлегацыя беларускіх апазыцыянэраў мусіць выбірацца ў Штаты безь яго.. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Мілінкевіч працягвае гнуць сваё. Дэлегацыя беларускіх апазыцыянэраў мусіць выбірацца ў Штаты безь яго.

Перад адлётам Сяргей Калякін заявіў: "Наша галоўная задача — распавесьці пра цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі". Лідэр апазыцыйных камуністаў лічыць, што зараз да падзеяў у нашай краіне "прыкаваная ўвага ўсяго сьвету".

Усе мы трохі грашым беларусацэнтрызмам.

Выказваньні Калякіна нагадалі мне адзін выпадак з Шушкевічам, калі ён быў старшынём Вярхоўнага Савету.

У 93-м годзе ў Вашынгтоне група кангрэсмэнаў запрасіла яго на сьняданак ў Капітоліі. Трэба было вельмі коратка расказаць пра Беларусь. Шушкевіч ўклаўся ў чатыры хвіліны. Праўда, потым закідалі пытаньнямі, дык адказваў хвілін дваццаць.

Але самае пікантнае было далей.

Вось як я запісаў гэта некалі для этэру "Свабоды" са слоў былога сьпікера.

"Пасьля мерапрыемства падыходзіць да мяне адзін сталага ўзросту кангрэсмэн ды кажа:

— Я даўно ведаю і вельмі люблю Беларусь. Цудоўная краіна! А калі вы далі рады вашаму Чавушэску, я палюбіў вашу краіну яшчэ болей".

Трэба думаць, з таго часу узровень абазнанасьці кангрэсмэнаў у беларускім пытаньні падвысіўся :)

Хаця выказваньні некаторых заакіянскіх палітыкаў, што напэўна ж шчыра зычаць беларусам лепшай долі, сьведчаць пра адарванасьць ад нашых рэаліяў.

Фразы пра народ, што стогне пад ярмом дыктатуры, падаюцца яўнай нацяжкай.

У тым і рэч, што ярмо муляе, скажам шчыра, меншай частцы беларусаў. Электаральная база цяперашняй улады застаецца даволі шырокай. Канешне, паводле вэрсыі незалежнай сацыялёгіі, лічбы прыкметна меншыя, чым як падае афіцыйная статыстыка "элегантных перамог". Але казаць пра размах апазыцыйнай барацьбы і тым болей "перамогу ў галовах" — заўчасна.

Ці ня лепей было б, адкінуўшы недарэчны патас, даводзіць палітыкам заходніх дэмакратыяў ўсю праўду пра нашу сапраўды драматычную сытуацыю?

Чым болей адэкватнае ўяўленьне, тым хутчэй намацаюць і адэкватную парадыгму вырашэньня "беларускага пытаньня".

* * *

Мне давялося зьлётаць у Амэрыку ў 1995-м.

Тады, дарэчы, упершыню міжволі адгадаваў шчаціньне.

Ня ведаў, што там побытавае напружаньне 110В дый самі рызеткі іншай канструкцыі. Мая электрабрытва "Харків", разьлічаная на савецкі стандарт, сталася пустой цацкай :)

Яшчэ стаялі на Мангэтэне вежы Сусьветнага гандлёвага цэнтру.

Эмігрант Уладзімер Левін, былы менскі журналіст, паказваючы мне тыя хмарачосы, сказаў: уяві сабе, ня так даўно нейкія адмарозкі хацелі ўзарваць! Дзякуй богу, абышлося!

Трагедыя такога маштабу, што грымнула 11 верасьня 2001 году, тады, бадай, ня мроілася нават сцэнарыстам галівудзкіх трылераў.

Зрэшты, наўрад ці хто думаў, што і ў Беларусі пойдзе такі жахлівы шматгадовы адкат.

Памятаю, як адказваў на пытаньні амэрыканскіх беларусаў у будынку фундацыі Крачэўскага ў Нью-Ёрку.

На сустрэчы былі такія знакавыя фігуры дыяспары, як Янка Запруднік, Антон Шукелойць, Вітаўт Кіпель...

У прыватнасьці, прысутныя пыталіся пра магчымы зыход парлямэнцкіх выбараў, якія тады набліжаліся. У Вярхоўным жа Савеце 12-га скліканьня панавала пракамуністычная бальшыня. І, мусіць, многім у залі здавалася, што парлямэнт новага, 13-га скліканьня акажацца болей прагрэсіўным, нацыянальна сьвядомым ды здолее даць рашучы бой "маладому прэзыдэнту" з аўтарытарнымі схільнасьцямі. І што хутка сытуацыя вернецца ў дэмакратычнае рэчышча.

Яшчэ кружыла галовы адраджэнская рамантыка пачатку 90-х.

Мой стрыманы прагноз, здаецца, ня ўсім спадабаўся.

Бой галінаў улады, зрэшты, адбыўся — перад рэфэрэндумам-96.

Але вы ж ведаеце, як маскоўскі дэсант на чале з Чарнамырдзіным за адну ноч зламаў супраціў Шарэцкага і кампаніі.

Далейшы разгром мяцежных парлямэнтароў стаў справай тэхнікі...

Вярхоўны Савет сышоў у нябыт.

І цяпер яго былым дэпутатам застаецца падчас замежных ваяжаў "прыкоўваць увагу" прагрэсіўнага чалавецтва.

* * *

Зрэшты, можа, таго амэрыканскага сэнатара, які ляпнуў пра Чавушэску, проста падвялі дарадцы?

Аднойчы ў падобнае пікантнае становішча, клясычнае qui pro quo, трапіў з падачы атачэньня і сам Шушкевіч.

Неяк напачатку 90-х яго падвялі пад манастыр нашы службоўцы ў Жэнэве.

Прылятае старшыня Вярхоўнага Савета на Давоскі эканамічны форум. Натуральна, папярэдне папрасіў дыпляматаў, каб як мага болей насыцілі праграму кантактамі з замежнымі дзяржаўнымі асобамі.

"Прыляцеў, — распавядаў мне потым Шушкевіч. — Дакладаюць: так і так, у ліку іншых вас чакае рандэву з прэм'ер-міністрам Галяндыі. Ну добра, вітаемся, пачынаем гутарку. На пятай хвіліне высьветлілася, што ніякі гэта не галяндзец, а зусім нават прэм'ер Даніі! Скажу шчыра, выкруціўся я тады не бязь цяжкасьці. Зрэшты, Данія таксама добрая краіна!".

* * *

Натуральна, тады службоўцы стаялі перад Шушкевічам навыцяжку.

А цяпер...

Цяпер, кажа ён, у айчынных уладаў стае імпэту, каб, перасякаючы мяжу, былы сьпікер "пачуваўся нібыта бальшавік з накладам газэты "Искра".

І вось вам яшчэ адзін выпадак вуснамі Шушкевіча.

"Аднойчы мытнік старанна шукаў крамолу ў маім багажы, што складаўся з трох рэчаў — кашулі, асадкі і дыскеты. Ён нават захацеў прагледзець, што на дыскеце запісана.

Тады распавёў я яму стары анекдот, як злавілі дзікуны лысага ды ўсьцешыліся, што нацягнуць ягоны скальп на барабан, але паабяцалі за гэта выканаць апошняе жаданьне вязьня. Той папрасіў цьвік і, дратуючы сам сабе лысіну, стаў ўсклікаць: "Вось вам барабан, вось вам барабан!". Так і я. Храснуў тую дыскету, сказаўшы: запісы не для вас!

Назаўтра жонка даслала мне праз электронную пошту ў Варшаву копіі файлаў, што былі на дыскеце.

Што ні кажыце, а цяжка цэрберам у эпоху электронных тэхналёгіяў!".

P.S. Але ж у прагрэсу і адваротны бок. Дыскеты аджываюць. А флэшку храснуць ня ў кожнага апазыцыянэра рука падымецца :) Трэба вынаходзіць супраць цэрбераў новыя мэтады!

Фота з архіву аўтара.

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
abrykos / Адказаць
25.02.2007 / 14:56
2 Трагедыя такога маштабу, што грымнула 11 верасьня 2001 году, тады, бадай, ня мроілася нават сцэнарыстам галівудзкіх трылераў. Да трагедыі ў розныя гады Галівуд выпусьціў ня менш за 7 (сем) фільмаў, дзе руйнуюцца гэтыя славутыя хмарачосы.
0
Аляксандар КЛАСКОЎСКІ to abrykos / Адказаць
25.02.2007 / 15:31
У галівудзкіх сюжэтах на тле розных жахаў амэрыканскія супэрмэны заўжды ўзорна караюць купку адмарозкаў, што нанесьлі нейкі лякальны ўрон. У рэале ж, як мы ведаем, адбылося і адбываецца трохі іначай. І Ўсаму не спаймалі, і ў Іраку ўсё наперакасяк, і г.д. У Амэрыку ідуць дамавіны, а барацьбе з тэрарыстамі канца-краю няма. Амэрыка нясе ня толькі людзкі ды матэрыяльны, але і псыхалягічны, маральны ўрон. Так што трагедыі такога маштабу сапраўды не прадбачылі.
0
Naziral'nica / Адказаць
26.02.2007 / 15:48
Прыгадваю выпадак з швэдзкай дэмакратыі. Гэта было ў Гётэборгу, на штогадовай кніжнай выставе, дзе быў і беларускі стэнд. Ня толькі з кнігамі, але і з праектамі няўрадавых арганізацыяў. Вінцук Вячорка выступаў выдатна, гаварыў пра беларускую дыктатуру, каля стэнду зь беларускай прадукцыяй сабралося даволі шмат людзей, студэнты. Адна швэдка азіяцкага паходжаньня ўважліва слухала і запыталася, калі Вінцук Вячорка завяршыў выступ: "А калі ён памёр?". "Хто?"- зьдзівіўся Вячорка. "Ваш дыктатар..." "Хм... ён яшчэ жыве..." "А чаму вы яго не пераабяраце?", - без усялякай іроніі сказала швэдзкая студэнтка. Мяне замілаваў адзін з куткоў беларускага стэнду - "Пінскія фэміністкі". Арганізацыю прадстаўлялі цудоўныя мілыя дзяўчаты.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру