У Беларусі падрыхтаваны праект закона аб інвестыцыях, паведаміў 7 лютага на пасяджэнні Савета міністраў кіраўнік урада Міхаіл Мясніковіч.

«Распрацаваны і прадстаўлены прэзідэнту праект закона аб інвестыцыях. У ім сабраны лепшыя міжнародныя практыкі і айчынны вопыт», — цытуе прэм’ера БелТА.

Мясніковіч падкрэсліў, што прыцягненне прамых замежных інвестыцый — «не моднае захапленне, а жыццёвая неабходнасць для развіцця эканомікі».

На 2012 год Мінпрам, «Беллеспаперапрам», «Белдзяржхарчпрам», Віцебская і Гродзенская вобласці плануюць долю крэдытаў у крыніцах фінансавання на ўзроўні больш чым 35%, камунальныя прадпрыемствы Брэсцкай і Гомельскай абласцей — больш чым 50%. Пры гэтым доля прамых замежных інвестыцый — мізэрная, падкрэсліў кіраўнік урада.

«Мы звярнулі ўвагу кіраўнікоў, што гэта памылковы падыход, — заявіў прэм’ер. — Пры існуючых працэнтных стаўках і ліквіднасці банкаў рабіць галоўны разлік на ўнутраныя крэдытныя рэсурсы — нерэальна».

Мясніковіч даручыў усім кіраўнікам да 15 лютага «яшчэ раз збалансаваць інвестыцыйныя партфелі па крыніцах», арыентуючыся пры гэтым на дакументы, зацверджаныя прэзідэнтам, урадам і Нацбанкам.
«Прырост патрабаванняў банкаў да эканомікі ў адпаведнасці з грашова-крэдытнай палітыкай павінен быць па годзе ў межах 27–36 трлн. рублёў, — дадаў ён. — Просім банкаўскую сістэму забяспечыць эканоміку крэдытнымі рэсурсамі, што называецца, па верхняй планцы прагнозу на неэмісійнай аснове».

Мінфіну даручана «забяспечыць жорсткі кантроль за выкананнем бюджэтнай дысцыпліны, выключыць факты запуску праектаў у грамадскім сектары без пацверджаных крыніц фінансавання». Парушэнні ў гэтай галіне будуць класіфікавацца як шкодніцтва, папярэдзіў прэм’ер.

«Урад будзе ўдзячны дзяржкантролю за спыненне замарожвання сродкаў у незавершаным, непланавым, неэфектыўным будаўніцтве, — заявіў Мясніковіч. — Урад зацвердзіў аб’ектныя спісы жылых дамоў, малочна-таварных ферм і іншых аб’ектаў, якія крэдытуюцца ў цэнтралізаваным парадку. На астатнія аб’екты павінны прыцягвацца выключна камерцыйныя і ўласныя рэсурсы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?