Серыя альбомаў сучаснага беларускага жывапісу «Калекцыя пARTызана» знаёміць з беларускім мастацтвам апошніх 30 гадоў.
У серыі— якасна выдадзеныя альбомы Уладзіміра Цэслера, Руслана Вашкевіча, Артура Клінава і зборнік «Беларускі авангард 80-х».

Пра тое, якія яшчэ выйдуць альбомы, чаму папулярны Уладзімір Цэслер і што ёсць у альбоме серыі «Беларускі авангард 80-х» расказвае “НН” Артур Клінаў, стваральнік серыі і рэдактар часопіса «пARTызан».

Аляксей Жданаў. «Мутант Сямёнаў».

Аляксей Жданаў. «Мутант Сямёнаў».

Артур Клінаў. «Пакаранне Пугачова».

Артур Клінаў. «Пакаранне Пугачова».

Аляксандр Малчанаў. «Менск. 1980-ыя».

Аляксандр Малчанаў. «Менск. 1980-ыя».

Андрэй Плясанаў. «Кампазіцыя ў стылі блюз».

Андрэй Плясанаў. «Кампазіцыя ў стылі блюз».

Наша Ніва: Як з’явілася ідэя стварэння серыі?

Артур Клінаў: У Беларусі шмат яскравых постацяў, але адсутнічае арт-прастора, таму беларускім творцам даводзіцца рэалізоўвацца на еўрапейскіх пляцоўках. Пра існаванне нашай арт-сцэны ўнутры краіны мала хто ведае, самога працэсу проста не бачна. Таму

мы вырашылі зрабіць серыю альбомаў, так бы мовіць, «вярнуць» беларускіх мастакоў на Радзіму. Гэта энцыклапедычная серыя, свайго роду The Best за 30 гадоў.

НН: Якая канцэпцыя ў серыі?

АК:

Альбомаў будзе 32, кожны з іх мае сваю літару на вокладцы.
Хацелася б, каб пераважалі аўтарскія зборнікі, але будуць і тэматычныя выпускі. Напрыклад, «Беларускі поп-арт», 90-я гады, ці нулявыя. Зараз у друку ўжо знаходзіцца альбом А.Р. Ч. Гэта малады, і пакуль не вельмі вядомы мастак. Была Яго выстава ў галерэі «Ў». Творчасць А.Р.Ч. вельмі контраверсійная, і, як паказала выстава, большасць не разумее гэтага мастацтва. Але мы вырашылі, што варта рабіць не толькі альбомы «класікаў», але і маладых мастакоў, што маюць працы, якіх бы хапіла не на адзін альбом. Гэты альбом будзе вельмі супярэчлівы і правакатыўны.

НН: Альбом «Беларускі авангард 80-х»: па якім прынцыпе адбіраліся працы мастакоў?

АК:

У 80-я быў створаны сапраўдны беларускі андэграўнд, у альбом мы ўключылі людзей, якія стаялі ля стварэння гэтага касцяка, альтэрнатывы партыйнаму жывапісу.
Магчыма дзе-небудзь у Францыі гэтыя творы авангардам не назвалі б. Аднак для нас гэта быў сапраўдны культурны выбух, калі з’явіліся дзясяткі фантастычных імёнаў. Гэтая эпоха вельмі слаба захавалася — і мы зрабілі энцыклапедыю авангарду.
Карціны адбіралі тыя, якія ўдалося знайсці: шматлікія працы знаходзяцца за мяжой. Мы ў асноўным абапіраліся на дзве калекцыі — Андрэя Плясанава і Аляксея Іванова.

НН: Якіх альбомаў чакаць сёлета?

АК: Серыя будзе выходзіць не год і не два.

За гэты год хацелася б выпусціць альбомы тры-чатыры. Найперш зрабіць альбом Аляксея Жданава, які памёр у 93-м. Хочацца выдаць альбом Ігара Кашкурэвіча.
Магчыма сёлета выйдуць зборныя альбомы — не толькі жывапісу, але і фота.

НН: Ці купляюць альбомы серыі?

АК: Цікаўнасць ёсць — такіх серый у Беларусі яшчэ не было.

Наклад альбома Цэслера са свістам разышоўся. Кожны хоць краем вуха чуў пра яго, але вось альбома, які можна было б памацаць, паглядзець дагэтуль не было.
І Цэслер — гэта цяжкая артылерыя, пасля яго людзі пачынаюць цікавіцца і іншымі альбомамі серыі.
Мы зрабілі вельмі дэмакратычны кошт,
дарэчы, не закладаем прыбытку.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?