Міністэрства эканомікі будзе"больш агрэсіўна, мэтанакіравана працаваць з дзяржорганамі» над павышэннем інвестыцыйнага рэйтынгу Беларусі, заявіў кіраўнік гэтага ведамства Мікалай Снапкоў 7 лютага на пасяджэнні Савета міністраў.

Гэта, паводле слоў Снапкова, неабходна «для дасягнення ў кароткатэрміновым перыядзе не менш як 30-га месца ў рэйтынгу Doing Byisness». Як мяркуе міністр, увагу варта сканцэнтраваць на выраўноўванні і стварэнні больш прыцягальнага асяроддзя для працы бізнесу на тэрыторыі Беларусі.

Кіраўнік Мінэканомікі зазначыў, што Расія і Казахстан, партнёры Беларусі па Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП), актыўна адкрываюць свае прадпрыемствы для ўваходжання ў транснацыянальныя карпарацыі. «Намер „Даймлер“ набыць 27% акцый КамАЗа ў сувязі з гэтым выклікае сумненне далейшага зліцця з МАЗам», — цытуе Снапкова дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Міністр таксама ўказаў на прыход буйных сусветных інвестараў у іншыя галіны Расіі. Гэта азначае, што канкурэнцыя будзе ўзмацняцца, прычым не толькі ў традыцыйных галінах, але і ў іншых сферах, заўважыў Снапкоў.

«Нашы калегі па АЭП апярэджваюць нас па інстытуцыянальным пераўтварэнні, гэта павінна прымусіць нас задумацца і паскорыць сваю працу з міжнароднымі інвестарамі. Чаму мы першыя фарміруем ідэі, але не першыя іх увасабляем?» — задаў пытанне прысутным кіраўнік Мінэканомікі.

На яго думку, для дынамічнага прасоўвання працы неабходна задзейнічаць дырэктыву № 4 (дырэктыва аб эканамічнай лібералізацыі, падпісаная прэзідэнтам 31 снежня 2010 года). «Гэта наш пункт росту, гэта пачатак вобразу новай, гібкай, эфектыўнай, дынамічнай эканомікі», — упэўнены мініст.

Варта зазначыць, што ў цяперашнім рэйтынгу Doing Business, які штогод складаюць Сусветны банк і Міжнародная фінансавая карпарацыя, Беларусь займае 69-е месца сярод 183 краін. У параўнанні з папярэднім рэйтынгам яна ўзнялася на 22 пазіцыі. Палепшаны паказчыкі па такіх пазіцыях, як «рэгістрацыя ўласнасці», «абарона інвестараў», «падаткаабкладанне», «ліквідацыя прадпрыемстваў». Разам з тым па пазіцыях «адкрыццё бізнесу», «крэдытаванне», «міжнародны гандаль» і «забеспячэнне выканання кантрактаў», сітуацыя пагоршылася.

Нагадаем, на сённяшнім пасяджэнні Саўмін абмяркоўваў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2011 годзе і задачы на гэты год. На пасяджэнне было запрошана вузкае кола журналістаў. Для шырокага кола прадстаўнікоў СМІ заўтра ў Нацыянальным прэс-цэнтры пройдзе прэс-канферэнцыя з удзелам намесніка міністра эканомікі Аляксандра Ярашэнкі і намесніка міністра фінансаў Максіма Ермаловіча.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?