25.02.2007 / 17:29

Як мы земляка праз акіян з мужчынскім сьвятам павіншавалі :) Гісторыя з гэаграфіяй 12

Беларускія апазыцыянэры сёньня зробяць падарожжа ня толькі ў прасторы, але і ў часе. Напачатку 90-х гэтыя гэаграфічныя акалічнасьці яшчэ ня надта ў галаве былі...

Учора я распавядаў, што адным з маіх гідаў па Нью-Ёрку быў эмігрант Уладзімер Левін, былы менскі журналіст. Нейкі час пасьля пераезду ў ЗША, напачатку 90-х, ён дасылаў артыкулы ў "Народную газету" (тую яшчэ, эпохі Сярэдзіча).

Аднойчы мы селі ў галёш, вырашыўшы павіншаваць заакіянскага калегу з мужчынскім сьвятам.

У Менску яго памяталі як вялікага жартаўніка. Напрыклад, працягваючы руку падчас знаёмства, прэзэнтаваў сябе так:

— Ульянаў-Левін!

Звычайна візаві бянтэжыўся. Былі ж савецкія часы, правадыр сусьветнага пралетарыяту лічыўся сьвятым, а тут — такі кашчунны калямбур!

Левін сьмяяўся, задаволены эфэктам.

І толькі аднойчы атрымаў адэкватны адказ.

Віцебскі журналіст Сяргей Буткевіч маланкава парыраваў:

— А я — Бонч-Буткевіч!

(Даведка для маладзейшых: быў такі паплечнік у Ільіча — Бонч-Бруевіч.)

Карацей, атрымалася 1:1.

Дык вось, неяк на пачатку 90-х мы ўжо з раніцы трохі адзначылі ў рэдакцыі "Народнай" 23 лютага.

Карацей, усе вясёлыя. Адзін з калегаў, наразаючы на газэціне селядзец, натыкаецца вокам на допіс Левіна.

Мільгае сьветлая ідэя. А давайце, кажа, павіншуем калегу з мужчынскім сьвятам! Сагрэем душу вэтэрану пяра. Бо амэрыканцы ж не здагадаюцца...

Нейкі эрудыт уставіў тры грашы: маўляў, розьніца ў часе, здаецца, сем гадзінаў.

Правільна, кажа ініцыятар. Разважым лягічна (гэты эпізод нагадваў сцэну ў аэрапорце зь "Іроніі лёсу". Памятаеце, там Буркоў бліскуча грае?). Такім чынам, у нас дзесятая раніцы. Плюс сем. Атрымліваецца 17-я. Акурат ужо недзе і ён там чарачку ў абед узяў. У гуморы будзе.

Набіраем нумар, уключылі гучную сувязь, каб усім чутно было.

Пасьля добрага дзесятку гудкоў — сіпаваты голас: "Алё...".

Ініцыятар пачаў галёкаць: так і так, віншуем ад імя калектыву і усё такое!

Паўза.

Потым:

— Канешне, дзякуй вялікі! Але, калі шчыра, дык пайшлі б вы з такімі жартачкамі...

У адказ на віншаваньне з мужчынскім сьвятам мы пачулі ўзор суровай мужчынскай лексыкі.

Потым ужо спакайней заакіянскі суразмоўца патлумачыў:

— У нас жа тут трэцяя ночы. Я падумаў, у сваякоў у Менску нейкае няшчасьце...

З таго дня ў рэдакцыі цьвёрда засвоілі: пры сэансах сувязі са Штатамі сем гадзінаў трэба адымаць.

Вось сьмеяцеся, што мы заблыталіся ў трох соснах. Але ж за часамі жалезнае заслоны Амэрыка была як Марс. Тады і замежныя мовы бальшыні здаваліся непатрэбшчынай. Плюс, не забывайце, усе дзюбнулі.

Неўзабаве ж я і сам пераканаўся : як ляціш са Старога Сьвету ў Штаты, час нібыта замаруджвае хаду. Ляйнэр рухаецца за сонцам, і ты даганяеш дзень, што сыходзіць.

Так што і беларускія апазыцыянэры сёньня зробяць падарожжа ня толькі ў прасторы, але і ў часе.

На здымку: ля помніка пакутнікам-імігрантам у Нью-Ёрку.

Фота з архіву аўтара.

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Cikaunaja / Адказаць
26.02.2007 / 15:58
Аляксандар, а Вы верыце ў тое, што "добра там, дзе нас няма?":)
0
Аляксандар КЛАСКОЎСКІ 2 Cikaunaja / Адказаць
26.02.2007 / 16:36
Дык жа сэнс гэтага выразу -- зусім не літаральны! Сэнс я разумею так: ня варта ганяцца па сьвеце за ілюзорным шчасьцем, а трэба шчыраваць дзеля шчасьця найперш у сябе дома. А перадусім, лічу, варта імкнуцца ствараць гармонію ва ўласнай душы. Тады і навакольны сьвет падаецца лепшым :) Вось у гэта я веру.
0
Cikaunaja / Адказаць
26.02.2007 / 17:28
Ну, дзякуй:) А то б я пыталася, каб літаральна сэнс разумела. Як сапраўдны аналітык адказалі:) Што да ганяцца - па сьвеце пагойсаць можна, а такога панятку як ілюзорнае шчасьце - няма. Як казаў Быкаў - "шчасьце - гэта адсутнасьць няшчасьця". А што важней - верыць у Бога ці каб Бог верыў у канкрэтнага чалавека?:) Проста падабаецца Ваша праца. Вось і радуюся, гледзячы на Вашую ўсьмешку.
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру