Толькі за першы месяц сёлета цэны на жыльлё ў Менску вырасьлі на 30%. Сёньня аднапакаёўка ў сталіцы каштуе больш за 50 тысяч даляраў.

Не адстаюць ад Менску і абласныя цэнтры. Цэны там пакуль яшчэ не астранамічныя, але таксама нашмат перавышаюць магчымасьці большасьці патэнцыйных пакупнікоў. А спэцыялісты па нерухомасьці сьцьвярджаюць катэгарычна – цэны на жыльлё будуць расьці і надалей.

«Людзей сапсавала жыльлёвае пытаньне», – гэтая цытата з савецкай клясыкі захоўвае сваю актуальнасьць дагэтуль. Для пераважнай большасьці маладых сем’яў купіць кватэру сёньня нерэальна. Ды й для ня вельмі маладых — таксама. За апошнія сем гадоў квадратны мэтар жыльля падаражэў на рынку продажу ў 6‑7 разоў.

Колькі разоў з высокіх трыбунаў гучалі абяцанкі зрабіць жыльлё даступным, а нічога не мяняецца. Дзяржаўныя праграмы будаўніцтва ня ў стане зьняць напружаньне на рынку жыльля. Ды ніхто, выглядае, і не імкнецца да гэтага ўсур’ёз.

Існуюць розныя спосабы зрабіць жыльлё даступным. Гэта так званая іпатэка, розныя сыстэмы будаўнічых укладаў у банках – яны дзейнічаюць у розных эўрапейскіх краінах. Але ўсе спробы ўкараніць іх на беларускай глебе рана ці позна правальваліся. Урад, відаць, не зацікаўлены ў вырашэньні кватэрных праблем насельніцтва. А ўсе спробы зрушыць справу з дапамогай камандна‑адміністрацыйных мэтадаў неэфэктыўныя паводле вызначэньня.

Цяперашні рост цэнаў спэцыялісты зьвязваюць з ростам цэнаў на расейскія энэрганосьбіты. Насамрэч, тут можна вылучыць два складнікі. Першы зьвязаны з чаканьнямі насельніцтва. Дакладней сказаць, нічога добрага ў сувязі з ростам цэнаў на энэрганосьбіты яно для сябе не чакае. Ходзяць чуткі аб дэвальвацыі рубля, дэнамінацыі. Выглядае, што ніякія абвяржэньні чыноўнікаў дзяржаўных органаў кіраваньня ўжо ня могуць пераканаць беларусаў у тым, што абвалу рубля ня будзе. Як сказаў адзін знаёмы эканаміст, «грамадзтву, у якім усе вераць у абвал курсу нацыянальнай валюты, гэтага абвалу не пазьбегнуць». Па‑сутнасьці, для таго, каб пачалася ланцуговая рэакцыя, дастаткова, каб частка насельніцтва пачала здымаць грошы з банкаўскіх рахункаў. За імі пацягнуцца астатнія, і беларускі рубель паляціць дагары нагамі. Тым больш, што цяперашні яго курс адносна даляра і без таго, мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасьці.

Спрыяюць панічным настроям і банкі, якія перасталі выдаваць крэдыты ў беларускіх рублях, у тым ліку – на будаўніцтва жыльля.

У сувязі з гэтым многія імкнуцца ўкладваць назапашаныя грошы ў нерухомасьць, бо на сёньняшні дзень гэта самы эфэктыўны спосаб захаваць і памножыць свае зьберажэньні. Гэта і паслужыла штуршком росту цэнаў на жыльлё.

Другая праблема – непазьбежнае падаражаньне з‑за цэнаў на энэрганосьбіты. У будаўнічай галіне пачалося ўжо бязладзьдзе. Прадпрыемствы, якія вырабляюць будматэрыялы, ня хочуць іх прадаваць па сёньняшніх цэнах, бо гэта азначае для іх страты. А павысіць цэны яны ня могуць з‑за дзяржаўнага рэгуляваньня. Сёлета, як кажуць будаўнікі, не пачалі будаваць ніводнага новага дому. Зь цяжкасьцю спрабуюць завершыць будаўніцтва, пачатае раней. Уступіў у сілу новы парадак налічэньня падатку на дабаўлены кошт у будаўніцтве. І калі раней будаўніцтва жыльля было вызваленае ад платы ПДК, дык зараз гэта тычыцца толькі аб’ектаў, якія трапілі ў сьпіс, зацьверджаны асабіста прэзыдэнтам.

Пакуль такога сьпісу няма, і калі ён зьявіцца – ніхто ня ведае. А значыць, у лютым згаданы падатак будуць плаціць усе. Адно гэта прывядзе да росту цэнаў на 18%.

Дзяржава спрабуе цыраваць дзіркі ў бюджэце за кошт любой магчымасьці. А будаўніцтва заўсёды ў гэтым сэнсе было зручнай галіной. Зразумела, што жыць на вуліцы пры беларускім клімаце ня будзеш, і кожны, хто мае магчымасьць адкласьці хоць нешта на жыльлё, будзе вылузвацца са скуры, каб дамагчыся жаданай мэты – набыць кватэру.

Паводле прагнозу, цэны на жыльлё хутка стабілізуюцца. Але не таму, што вырасьце прапанова. Проста ў большасьці насельніцтва ня будзе магчымасьці нешта купіць. А вось больш танным жыльлё дакладна ня стане. Для гэтага няма ніякіх падставаў. А ўсе дзяржаўныя казкі пра даступнае жыльлё застануцца казкамі. Памятаеце, як за савецкім часам абяцалі кожнай сям’і асобную кватэру да 2000‑га году?

Зараз на двары год 2007‑ы. Для таго, каб вырашыць праблему жыльля, трэба мяняць сыстэму эканомікі. Але ніхто гэтага рабіць не сьпяшаецца.

Алег Ман, Газэта «Свабода»

***

На рынку нерухомасці Віцебска зноў адзначаецца рост коштаў. У параўнанні з лістападам 2006 г. кватэры сталі каштаваць на 25% даражэй. Рыэлтары тлумачаць гэта абвастрэннем інфляцыйных чаканняў і жаданнем людзей захаваць свае грошы ўкладаннем іх у нерухомасць. У цэлым з 2001 г. кватэры ў Віцебску падаражэлі ў 4 разы.

1‑пакаёвая кватэра новай планіроўкі ў абласным цэнтры зараз каштуе 28 тысяч долараў. Гэткая ж кватэра старой планіроўкі – не менш за 18 тысяч долараў. 2‑пакаёўкі новай планіроўкі выстаўляюцца за 35‑38 тысяч долараў, старой – у сярэднім за 28 тысяч долараў. 3‑4‑пакаёвыя кватэры ў спальным раёне прадаюцца ад 43 тысяч долараў. Асобны пакой ў кватэры – ад 7 тысяч долараў.

Драўляны дом без камунікацый у межах горада абыйдзецца ў 10 тысяч долараў. Набыццё дома з цэглы з праведзенымі газам і вадаправодам пацягне ад 25 да 150 тысяч долараў. За камфартабельны катэдж з еўрарамонтам, падлогай з падагрэвам і іншымі зручнасцямі трэба выкласці ажно 150 тысяч еўра.

Яна Ільіна, «Народныя навіны Віцебску» паводле газэты «Народнае слова»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0