«Ды які ён лідэр, ён слабак!.. Ён павінен стварыць рух, ад імя якога мог бы выступаць, бо інакш ён нікога, апроч сябе, не прадстаўляе… У яго няма сваіх структур!.. Ды хто даў яму права выступаць на Захадзе ад імя ўсёй апазыцыі?!. Як ён мог напісаць ліст Лукашэнку – хто ён такі?.. Трэба забараніць называць яго лідэрам дэмакратычных сіл!..»

Інтэрнэт і партыйныя кулюары гудуць з нагоды апошніх крокаў Мілінкевіча – ягонага ліста Лукашэнку і ягонай адмовы ўдзельнічаць у кангрэсе аб’яднаных дэмсіл. Да гэтых папрокаў дадаецца яшчэ адзін, сур’ёзны: за час пасьля выбараў экс‑кандыдат «нічога не зрабіў». Цяпер напалоханыя дэмаршам лідэра кіраўнікі партыяў насьцярожана чакаюць – які яшчэ фінт выкіне Мілінкевіч. Зрэшты, «фінта» чакаюць усе.

Тое, што ў асяродзьдзі беларускіх дэмакратаў за шмат гадоў упершыню пачало адбывацца нешта неардынарнае – ужо добра. Бо над усімі гэтымі «пакрокавымі стратэгіямі», «фарматамі аб’яднаньня» ды іншай абрыдлай рыторыкай даўно вырас магільны груд.

Закіды Мілінкевічу, з цытаваньня якіх я пачаў гэты артыкул, прымушаюць згадаць гісторыю ўзыходжаньня Лукашэнкі 12 гадоў таму. Гэты апошні ішоў без уласнага руху, нікога не прадстаўляў, ня меў структур і ніякага права пісаць лісты прэзыдэнтам. Тым ня менш, ён прыйшоў. Магчыма, інтуітыўна зразумеўшы, што якраз бяз гэтага ўсяго ў яго ёсьць шанец. На што ён абапіраўся? На каманду «маладых ваўкоў», уласную папулісцкую рыторыку і падтрымку савецкага электарату, а яшчэ, кажуць, на спэцслужбы РФ.

Гэта з аднаго боку. Зь іншага, — ані структуры, ані легітымнасьць сярод апазыцыйных калег, ані кансалідаваныя рашэньні, калі гэта плюс, не зрабілі за 12 гадоў нашу апазыцыю мацнейшай, больш уплывовай і электаральна прывабнай. Дык, можа быць, гэта і ня плюс?

Трэба дадаць – у нашай палітычнай сытуацыі. Калі за гэтыя 12 гадоў яна і зьмянілася, дык зусім ня ў бок плюралізму і шматпартыйнасьці, а толькі наадварот. Магчыма, гэта і рухае Мілінкевічам, які зразумеў, што ў такога вось асобна ўзятага героя ў гэтых умовах шмат болей шанцаў, чым у рухаў, партыяў ці кааліцыяў. А калі гэта і сапраўды так, дык будзем выбудоўваць схему знаёмым чынам – лідэр, аточаны камандай крэатыўных асобаў, падтрымка Захаду і – езьдзіць, езьдзіць па краіне, замяняючы плошчамі ды рынкамі недаступны пакуль тэлевізар.

Нешта тут моцна нагадвае вядомы канфлікт фізыкаў і лірыкаў. Мабыць, і ў палітыцы настае час бюракратаў, і калі бюракратыя ахоплівае ўсе сфэры жыцьця грамадзтва, перамяніць сытуацыю могуць хіба што паэты. Героіка або артыстызм, калі яны становяцца галоўнай зброяй апазыцыі, сьведчаць пра прымітыўнасьць усёй палітычнай сыстэмы ў краіне. Але гэта якраз наша сыстэма. Аўтарытарны рэжым заўжды прымітыўны, і яго ніколі не адужае тая апазыцыя, якая ўяўляе, нібы сама сабой існуе паводле законаў парлямэнтарызму і дэмакратычных працэдур. У такім выпадку яна і застаецца – сама сабой.

Дыктатар беражэ свой бясцэнны досьвед і не паддаецца на спакусы стварыць партыю ўлады або нейкі грамадзкі рух у сваю падтрымку. Значыць, і супрацьстаяць яму можа толькі «асоба, за якой – народ».

Ці варта ствараць рух «За свабоду» – вялікае пытаньне. Нездарма ж ні сам рух не стварыўся пасьля Плошчы, ні Мілінкевіч яго не стварыў, а ўсё вагаўся й адкладваў. Ці не абернецца цяпер інэрцыйнае канструяваньне структур яшчэ адной па сутнасьці партыяй – у тым самым стылі, што і ўвесь наяўны букет? А калі ня рух, тады што? Моцная каманда ў неструктураванай атмасфэры моцнай грамадзкай падтрымкі? Цалкам можа быць, што такое вось сьвядомае публічнае жывое асяродзьдзе накшталт пэрманэнтнага пэрфомансу ў нашай сытуацыі будзе і больш жывучым і больш эфэктыўным за канструкцыі пад вызначанай шыльдай. Дастаткова таго, што ёсьць брэнд.

Як пісаў клясык беларускай філязофіі Ігнат Абдзіраловіч, «змаганьне духу проціў запанеўшай формы становіць зьмест жыцьця й яго нядолю; патрэбна ліючаяся, зьменная, заўсёды адпаведная жыцьцёвым праявам форма, але гэтага – няма».

Лукашэнка за 12 гадоў страціў значную частку тых, хто гатовы быў за яго рваць на сабе кашулю; за яго галасуюць па інэрцыі, ня бачачы альтэрнатывы. Мілінкевіч – ужо дастаткова важкая постаць, каб выступаць у ролі альтэрнатывы. Калі нас цікавіць, якім будзе яго наступны крок, значыць, пытаньня, што зь ім рабіць, увогуле не стаіць.

Пытаньне стаіць, што рабіць з партыйнай апазыцыяй? Яе наступны крок мы ведаем – гэта Кангрэс і ўсё тая ж «пакрокавая» рыторыка. Пытаньне стаіць – ці браць яе ў разьлік (што, бадай, толькі зьменшыць тваю электаральную прывабнасьць), ці ня браць увогуле.

Заўважце, сёньня ўсё залежыць ад Мілінкевіча. Усё, у тым ліку й ягонае ўзыходжаньне або падзеньне. Першае небясьпекі на сваім шляху – быць другім пасьля Ганчарыка рытуальна зьедзеным адзіным апазыцыйным кандыдатам – ён, здаецца, пазьбегнуў. Цяпер гісторыя дае яму новыя шанцы.

І зусім нічога не залежыць ад партыйных структур. Мяч не на іх полі. Іх адзіны шанец палітычна выжыць – гэта падтрымаць яго. Інакш – поўная дэмаралізацыя і рызыка быць зьмеценымі на звалку гісторыі першымі ж павевамі ІНШАЕ апазыцыі.

Даўно і кожнаму бачна, што сёньняшняя канфігурацыя дэмакратычных сіл не працуе, бо не адпавядае ані сытуацыі ў краіне, ані чаканьням найбольш прагрэсіўнай часткі народу. Стварэньне іншай канфігурацыі і мусіла б стаць задачай Мілінкевіча. Разам з партыямі ці бязь іх.

Алесь Кебік, газэта «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0