Перад першым хакейным матчам зборнай Беларусі на «Турніры чатырох на прызы BelSwissBank» адбудзецца ўрачыстая цырымонія замацавання 24-га нумара за шматгадовым капітанам і лідарам беларускай зборнай Русланам Салеем,
які трагічна загінуў у авіякатастрофе разам з камандай «Лакаматыў» 7 верасня 2011 года. Пра гэта 8 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў генеральны менеджар зборных Беларускай федэрацыі хакея Уладзімір Сафонаў.

«Перад матчам пройдзе ўзняцце майкі Салея пад купал „Мінск-Арэны“. Такім чынам мы ўшануем памяць пра гэтага выдатнага чалавека, хакеіста і сем’яніна», — сказаў Сафонаў.

Таксама, паводле слоў Сафонава, перад матчам Беларусь — Германія адбудзецца ўшанаванне беларускіх хакеістаў, якія атрымалі гістарычную перамогу над камандай Швецыі на Алімпіядзе 2002 года. Нагадаем, у лютым 2002 года на Гульнях у Солт-Лэйк-Сіці зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Крыкунова зрабіла галоўную сенсацыю турніру, прабіўшыся ў паўфінал. Гэты вынік праз 10 гадоў застаецца найлепшым у гісторыі айчыннага хакея.

«Мы хацелі б выказаць падзяку і развітацца з імі, яны перадаюць эстафету хакея новаму пакаленню гульцоў. Наперадзе цяжкія гульні — трэба займаць больш высокае месца ў рэйтынгу і трапіць на Алімпіяду або праз чэмпіянат свету, або праз кваліфікацыю», — сказаў Сафонаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?