Ён узмацніць патрабаванні аб бюджэтнай дысцыпліне да ўдзельнікаў еўразоны.

Мінулы год для еўрапейскай эканомікі быў найцяжэйшым у гісторыі існавання еўрапейскага інтэграцыйнага праекту. Крызіс паказаў ўпушчэнні ў часе паўстання супольнай валюты, выявіў праблемную фінансавую палітыку некаторых краінаў, падкрэсліў недавер да еўрапейскіх статыстычных дадзеных. І найважнейшае — паказаў немагчымасць супольнага кіравання крызісам.

Грэцыя стала галоўным сімвалам крызісу, літаральна праядаючы крэдыт за крэдытам. Грэцкая эканоміка, пабудаваная на велізарнай бюджэтнай сферы, замест якаснага інвеставання займалася беспадстаўным нарошчваннем грашовай масы, вынікам чаго стаў крызіс, што адбіўся на большасьці краін ЕС.
Сёння, нягледзячы на спробы ЕС дапамагчы Грэцыі (ЕС не толькі крэдытуе Грэцыю, але напрыканцы мінулага году лідэры еўрапейскіх краінаў дамовіліся аб спісанні паловы доўгу Грэцыі), шанцы на адбудову гаспадаркі мізерныя.

На думку экспертаў Fitch Ratings сёлета грэцкім уладам не застанецца нічога, апроч абвяшчэння дэфолту. Дарэчы, Грэцыя адна з тых краінаў, каторая ў пэўным сэсне акрэсліла недавер да еўрапейскіх статыстыкаў. Варта нагадаць, што Грэцыя літаральна сфальсіфікавала стастычныя дадзеныя аб стане ўласнай гаспадаркі для прыняцця яе ў еўразону.

Але Грэцыя не адзіная праблемная краіна ЕС. Гаспадаркі гэтай званай групы PIIGS — апроч Грэцыі да яе належаць Партугалія, Італія, Ірландыя і Іспанія — за мінулыя гады панеслі велізарныя страты.
Абразлівая назва выдатна адлюстоўвае стаўленне шмат якіх палітыкаў і экспертаў да неадпаведнай фінансавай палітыкі гэтых дзяржаваў. Прыход новых уладаў у гэтых краінах на пэўны час даў надзею да вяртання даверу да іх гаспадарак. Адметным стаў прыход у Італіі на месца папулістычнага Берлусконі тэхнакрата Марыё Монці, у мінулым еўрапейскага камісара. На жаль, утрымаць крэдытны давер новым уладам не атрымалася і 14 студзеня рэйтынгавым агенцтвам Standard & Poor’s

былі паніжаныя крэдытныя рэйтынгі адразу 9 краінаў еўразоны.

Варта зазначыць, што не толькі даўгавыя і фіскальныя праблемы сталіся прычынай крызісу еўразоны. Магчыма, галоўнай прычынай з’яўляецца ўпадак канкурэнтаздольнасці некаторых краінаў (перадусім, вышэйзгаданых PIIGS).

Кажучы пра вырашэння сённяшніх праблемаў, то ў часе кожнага эканамічнага крызіса ў Еўрапейскім Саюзе шмат хто бачыць унутраны рынак шляхам вырашэння праблемаў.
Але гэты крызіс таксама адметны жаданнем некаторых краінаў ЕС падвесьці фінальную рысу часоў неўтрымання бюджэтнай дысцыпліны і падпісаць Фіскальны пакт. Напрыканцы мінулага году прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі адмовіўся падпісваць змены да еўрапейскіх трактатаў, такім чынам, вымушаючы іншыя краіны падпісаць асобную дамову. Традыцыйна еўраскептычная Брытанія асцерагаецца пашырэння паўнамоцтваў Еўрасаюзу, а фактычна абмежаваньня ўласнага суверэнітэту. Большасць краінаў наадварот, гатовыя абмежаваць некаторыя свае паўнамоцтвы ў імя забеспячэння фінансавай стабільнасці. Фіскальны пакт абавяжа краін-чальцоў да мінімальнага бюджэтнага дэфіцыту і захавання фінансавай дысцыпліны.
Сёння, нягледзячы на шматлікія прагнозы аб знікненні еўразоны, дадзены сцэнар выглядае недарэчным. Паўночным краінам ЕС з больш моцнымі гаспадаркамі хопіць сілаў стрымаць крызіс і нават самім за яго расплаціцца. Пытанне толькі ў тым, што адна Нямеччына не хоча расплочвацца за ўсіх.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?