Сілавікі ўзялі штурмам штаб Алы Джыоевай, якая перамагла вызначанага Масквой фаварыта на прэзідэнцкіх выбарах у Паўднёвай Асеціі. Гэта адбылося ў чацвер, напярэдадні інаўгурацыі Джыоевай, прызначанай на пятніцу.

Гэтыя падзеі ў Цхінвалі да болю нагадалі драму ў Мінску 19 снежня 2010 года.
Пры штурме Джыоеву ўдарылі прыкладам па галаве. Як і беларускі кандыдат у прэзідэнты Някляеў, яна знепрытомнела і была дастаўлена ў бальніцу. Праўда, у адрозненне ад лукашэнкаўцаў, сілавікі ў Цхінвалі пакінулі Джыоеву ў рэанімацыі.
Паводле афіцыйна распаўсюджанай інфармацыі, яна «перанесла інсульт у выніку ўдару, у яе часткова паралізаваная правая частка цела».
Паўднёвая Асеція фармальна абвешчаная незалежнай дзяржавай, але на справе гэта тэрыторыя, акупаваная расійскімі войскамі.
Абавязкі прэзідэнта там выконвае цяпер грамадзянін Расіі — прысланы з Масквы прэм’ер-міністр Броўцаў.
Менавіта ён мусіў сачыць за выкананнем кампраміснага пагаднення між Джыоевай і Крамлём. Прыхільнікі Джыоевай палічылі сябе падманутымі і вырашылі правесці інаўгурацыю.
«Падчас аказання ёй дапамогі ў пакой, дзе ёй здымалі кардыяграму, зноў уварваліся людзі ў масках, узброеныя аўтаматамі, —
расказала яе памочніца. — Схапілі яе. Як ката за чатыры лапы яе ўзялі і вынеслі яе неапранутую, кінулі ў сваю машыну і павезлі. Яны пагражалі, нікому нічога не патлумачылі. Вочы шалёныя».

Былі затрыманы таксама ўсе мужчыны, якія дзяжурылі ў штабе Джыоевай.

Броўцаў і падкантрольны Маскве КДБ Паўднёвай Асеціі звінавацілі Джыоеву ў «спробе дзяржаўнага перавароту».

На выбарах Джыоева атрымала каля 60% галасоў. Яна таксама стаяла на прарасійскіх пазіцыях, але па-іншаму бачыла будучыню Асеціі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?