Упершыню такая праграма зацверджаная на дзяржаўным узроўні. «Замкі Беларусі» распрацавала Міністэрства культуры.

Макет Старога замка ў Гродне.

Макет Старога замка ў Гродне.

Лідскі замак.

Лідскі замак.

Любча.

Любча.

У Крэве адновяць княскую вежу.

У Крэве адновяць княскую вежу.

Палац Сапегаў у Ружанах.

Палац Сапегаў у Ружанах.

У Міры адновяць італьянскі парк.

У Міры адновяць італьянскі парк.

Скляпенні «чорнага замка» Гальшанскага.

Скляпенні «чорнага замка» Гальшанскага.

У Быхаўскім замку была фабрыка і вайсковая часць.

У Быхаўскім замку была фабрыка і вайсковая часць.

Падмуркі, адкапаныя ў Рыжкавічах.

Падмуркі, адкапаныя ў Рыжкавічах.

Сцяна палаца Вішнявецкіх у сённяшнім Тэльмане.

Сцяна палаца Вішнявецкіх у сённяшнім Тэльмане.

Калісьці ў Беларусі было больш за сто замкаў.
На жаль, захаваныя абарончыя збудаванні можна пералічыць па пальцах. Што не зруйнавалі войны, дабіваў час і народная гаспадарка.
У спіс праграмы планавалі ўключыць 16 аб’ектаў. Але ў выніку ўвайшло 38 — улічылі просьбы абласнога ды раённага чынавенства.

На аднаўленне замкаў плануюць выдаткаваць каля 131 мільярда рублёў цягам 2012—2018.

«Замкі» — як «Дажынкі»

Праграма прадугледжвае аднаўленне такіх легендарных збудаванняў, як Стары замак у Гродне (на яго выдаткоўваецца 37 млрд 200 млн рублёў), замкі ў Лідзе і Любчы, Сапегаўскі палац у Ружанах.

Гродна займае другое месца пасля Мінска па аб’ёме ўкладанняў. Найменшы кавалак бюджэту (1,5 млн рублёў) прызначаны Слуцку — на добраўпарадкаванне тэрыторыі гарадзішча ІХ—ХІІІ ст. Прычым выдзяляць сродкі плануюць у 2017—18 гадах. Будзем спа­дзявацца, інфляцыя іх не зжарэ аж настолькі, каб не хапіла заплаціць чалавеку, які абкосіць гарадзішча.

Возьмуцца і за прылеглыя да замкаў тэрыторыі. У Міры адновяць рэгулярны італьянскі парк.
Праўда, звестак пра яго выгляд не захавалася. А заадно рэстаўруюць стаў, дамбу, агароджу і нават мемарыял на месцы знішчэння мірных жыхароў нямецкімі фашыстамі.
У Камянецкай вежы плануецца замяніць дах — на гэта з мясцовага бюджэту выдаткавана 51,8 млн.
Рамантаваны шматкроць помнік ужо выклікае кпіны турыстаў шклопакетамі ў байніцах. Затое ў Крэўскім замку плануюць аднавіць паўночную, княскую вежу, у якой падпісвалася Унія. На Крэва выдаткуюць 2 млрд 500 млн цягам 2012—15 гадоў.
Замкі ў Навагрудку, Крэве, Гальшанах, Быхаве, Геранёнах, Смалянах і Тэльмане чакае кансервацыя з «частковай рэстаўрацыяй».
Самыя цэлыя іх фрагменты прыстасуюць пад музейныя экспазіцыі. Як, напрыклад, частку замка Сапегаў у Быхаве, дзе была мэблевая фабрыка і вайсковая часць.
Бюджэтныя сродкі абу­дзяць адвечны канфлікт між рэстаўратарамі, гатовымі бясконца ўдасканальваць праекты, і мясцовай уладай, якая плануе выкарыстаць грошы на навядзенне парадку.
Так, праектная група Беларускага камітэта ICOMOS на чале з Ігарам Раханскім настойвае на навуковых даследаваннях у Гальшанскім замку. Чынавенства ж плануе абмежавацца рамонтам.

Парк Вішнявецкіх фундуюць французы

Парк з рэшткамі сцяны замка Вішнявецкіх у вёсцы Тэльман пад Брагінам збіраюцца парадкаваць за французскія грошы:
25 млн рублёў выдаткоўвае грамадская арганізацыя «Спадчына без межаў» і асацыяцыя «Валь дэ Луар». Цяперашні палескі аграгарадок імя нямецкага камуніста — гэта колішняя вёска Двор­-Гарадзішча.
Там стаяў Брагінскі замак, цэнтр вялізарных латыфундыяў Вішнявецкіх.

Некалі Адам Вішнявецкі, руплівец праваслаўя ў Рэчы Паспалітай, прытуліў тут Лжэдзмітрыя I, які ўпершыню прызнаўся менавіта яму, нібы ён — сын Івана Грознага. У 1648 годзе жыхары Брагіна адчынілі браму ардзе Хмяльніцкага і за здраду замак з мястэчкам быў разбураны. На ягоным месцы ўзнік палац з фальваркам, якім валодаў і Міхал Вішнявецкі — кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

Будзе што расказаць турыстам, калі, канечне, знойдуцца смелыя. Брагінскі раён — самы забруджаны ў Чарнобыльскай зоне.
Радыяцыя тут сягае 20—30 Кюры/км.

Гарадзішчы для пікнікоў

Дзевятнаццаць замчышчаў, у тым ліку ў вёсцы Жабер Драгічынскага раёна, Крыўлянах Жабінкаўскага раёна, у Заслаўі і Браславе, запланавана добраўпарадкаваць.
Калі чуеш слова «добраўпарадкаванне», міжволі прыгадваецца замчышча ў Мазыры, на якім прадпрыемства «Мазырдрэў» збудавала пахабны рэкламны церамок. Ці замчышча ў Браславе, дзе панастаўлялі альтанак для аматараў выпіць-закусіць...

На добраўпарадкаванне гарадзішча ў курортным Браславе, дарэчы, выдаткоўваюць 2 млрд 500 млн — утрая болей, чым на полацкі Верхні замак.

Фартэцыя ля дома Галіны Радзівонаўны

На пяці гарадзішчах (у Тураве, Мілаградзе, Глуску, Рыжкавічах і Мінску) запланаваныя работы па музеефікацыі.
Уражвае, што ў адным шэрагу з Мінскім стаіць замчышча ў Рыжкавічах. Так, гэта рэшткі сярэднявечнага Шклова XVI—XVIII cт., дзе быў колісь замак Хадкевічаў, кляштар з касцёлам дамініканцаў, мураваная ўніяцкая Петрапаўлаўская царква... Але Рыжкавічы пакуль не ўнесеныя ў ніводны даведнік.
На музеефікацыю археалагічнага комплексу ў вёсцы Рыжкавічы Шклоўскага раёна, у якой жыве Галіна Радзівонаўна Лукашэнка, запланавана выдаткаваць 40 млн з бюджэту раёна і вобласці.
Мінск атрымае найбольшую частку сродкаў — 62 млрд 573 млн рублёў.
План аднаўлення Мінскага замчышча, распрацаваны «Мінскпраектам», прадугледжвае пабудову новай праваслаўнай царквы на падмурках храма XII ст. Той храм — адна з найвялікшых таямніцаў старажытнага Менска: ён так і не быў дабудаваны, а пасля, сведчаць археолагі, ператварыўся ў паганскі некропаль. Ніякіх звестак пра тое, як мог выглядаць храм, няма. Калі паставяць фальсіфікат на аўтэнтычных падмурках, чаму б не панабудоўваць новых замкаў і на ўсіх пустых гарадзішчах?
Мінскае замчышча — сэрца ўсёй Беларусі, пачатак пачаткаў.
Дыскусіі вакол праекта аднаўлення Ніжняга замка ў Вільні расцягнуліся на 100 гадоў. У Беларусі дыскусіяў не было.

Немагчыма без нас

Я б вельмі хацеў, каб замак у Крэве, дзе колісь вырашаўся лёс краёў ад Балтыкі да Чарнамор’я, узняў свае спічастыя муры,
каб і пад Брагінам, у вёсцы з вернутым спрадвечным імем Двор-­Гарадзішча, паўстаў цікавы асветны асяродак, каб тлумы турыстаў захапляліся Шклоўшчынай і каб старажытны Мінск урэшце зажыў уласным паважным людскім жыццём...
Але гэта немагчыма без удзелу нас усіх, каму гэта неабыякава.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?