Палітолягі ў Маскве вынесьлі вэрдыкт: Лукашэнку ніколі ня стаць прэзыдэнтам Расеі. Апытаньне зрабіла агенцыя "Новы рэгіён".

Штуршок жа абмеркаваньню тэмы дало стварэньне ў Расеі "народнага руху ў пытаньні вылучэньня Аляксандра Лукашэнкі ў прэзыдэнты РФ". Дарэчы, сёньня рух афіцыйна абвесьціў аб пачатку дзейнасьці.

Ну а наведнікі сайту "НН" пасьпелі ўжо як сьлед адкамэнтаваць гэту калярытную ініцыятыву.

Зь ініцыятарамі ўсё зразумела. Зьдзіўляе хіба ступень ірацыяналізму.

Я нават не пра тое, што ў Лукашэнкі няма расейскага грамадзянства (і Пуцін пэўна ж не разгоніцца даваць :)

Гэныя людзі відавочна вераць, што "бацька" ёсьць шчырым адэптам інкарпарацыі дзеля інкарпарацыі, у імя "братняга яднаньня".

Яны ня ўбачылі простага факту: менавіта калі паўстала рубам пытаньне пра паглынаньне (хочаце танных энэрганосьбітаў — згаджайцеся на наш рубель і г.д.), Лукашэнка даў Крамлю адлуп.

Матывы пакінем у баку.

Вядома, ён са смакам згуляў бы на расейскім полі пры пэўных умовах. Але піцерскія хлопцы не такія дурні, каб калідор даваць. Таму і апынулася ў тупіку пытаньне пра "канстытуцыйны акт".

Цікава, ці жывяць новаствораны "народны рух" нейкія інвэстыцыі адсюль? Ва ўсякім разе, атрымалася капітальная антырэкляма. Далібог, ну ёсьць жа трохі танчэйшыя паліттэхналёгіі! А тут — такой "шурпатай моваю пляката" :)

Дарэчы, наведваньне, якім хваліцца сайт руху (тры тысячы за суткі) — для расейскага сэгмэнту сеціва вельмі сьціплае. Ды і ступень "бацькавай" папулярнасьці сярод расейцаў гіпэртрафуецца ягоным лобі ды беларускімі дзяржаўнымі мэдыямі.

Калі ў Менску і разьлічваюць неяк паўплываць на палітычны ляндшафт усходняй суседкі, то хіба праз выбары ў Думу. Але і тут інвэстыцыі могуць стацца марнымі. Бо ў хаўрусьніках збольшага "чырвоныя" ды нацыянал-патрыёты. Яны ж адціснутыя на маргінэс і бэсьцяць Крэмль за здраду.

Ну а Крэмль усю гэтую мітусьню надта не бярэ да галавы, бо ператварыў выбары ў такую самую дэкарацыю, як і ў нас. Хіба што болей густоўную — як у Вялікім тэатры, а не ў калгасным клюбе :)

Нядаўна ў этэры "Свабоды" мне давялося весьці дыялёг, у прыватнасьці, з маскоўскім палітолягам Андрэем Піянткоўскім. Дык вось ён на пытаньне пра магчымае гучаньне беларускай тэмы падчас іхніх электаральных кампаніяў сказаў як адрэзаў: беларуская тэма ніяк гучаць ня будзе, і ніяк Лукашэнка яе ня выкарыстае.

"Бо ўвогуле ніякай прэзыдэнцкай кампаніі ня будзе", — рэзюмаваў Піянткоўскі.

Лягічная эвалюцыя "кіраванай дэмакратыі".

Нездарма ж цьвердзіла БТ, што Крэмль спакваля пераймае беларускі палітычны досьвед :)

Вось і перанялі. Так, што ў Маскве лавіць няма чаго. Глуха як у танку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?