На сьценах дамоў у Менску зьявіліся налепкі, што заклікаюць прыйсьці 25 Сакавіка а 12:00 на Кастрычніцкую плошчу, каб адсьвяткаваць Дзень Волі як Дзень беларускага адзінства. На налепках намаляваныя сьцягі – бел‑чырвона‑белы і чырвона‑зялёны, а таксама надпісы «За свабоду!» і «За Беларусь!». У цэнтры налепкі зьмешчаны эўразьвязаўскія зорачкі. Нічога падобнага раней апазыцыя не рабіла. Ці правільна зьмяшчаць чырвона-зялёны сьцяг побач зь бел-чырвона-белым?

Што пра гэта думаюць маральныя аўтарытэты?

Народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч мяркуе, што нельга сумяшчаць у адно дзьве абсалютна розныя сымболікі. «Адзін сьцяг нацыянальны, другі – савецкі. Яны неспалучальныя. Аб’ядноўваць нацыю трэба, але ці такім шляхам. Тое, што робіцца цяпер у дэмакратычных сілах, выклікае больш пытаньняў, чым адказаў. Праз усе іхныя сваркі не вымалёўваецца адзінай лініі, ня бачна, што трэба канкрэтна рабіць у гэтай сытуацыі простаму чалавеку, які не цікавіцца палітыкай. Таму я стаўлю вялікі пытальнік па ўсім гэтым».

Палітвязьня Артура Фінькевіча бянтэжыць толькі спалучэньне двух сьцягоў. «Нічога кепскага ў самой прапанове нацыянальнага прымірэньня я ня бачу. Асабліва ў сувязі зь нядаўнім лістом Аляксандра Мілінкевіча да Лукашэнкі з прапановай разам адзначыць Дзень Волі. Гэта правільныя крокі. Няхай улада злачынная, нелегітымная, але мы першыя працягваем ёй руку супрацоўніцтва. Ім жа застаецца толькі даць адказ ці гатовыя яны пайсьці на кантакт. Таму гэты ход цалкам лягічны».

Паэтка Ніна Мацяш пазытыўна ўспрымае такія крокі апазыцыі. «Мне б хацелася адзінства, але ня ведаю ці варта ставіць побач гэтыя сымболікі. Пэўна, было б лепей, каб сьцягоў увогуле не было на налепках. Неабходна ісьці на кампраміс, бо гэты супраціў апошніх гадоў паміж уладай і апазыцыяй вычарпаў сябе. Дыялёг заўсёды магчымы. Я ўхваляю дзеяньні Мілінкевіча, які робіць крокі насустрач. Нельга прыкрывацца толькі адным нейкім лёзунгам. Трэба быць адначасова і за свабоду, і за незалежнасьць, і за Беларусь».

Паэт Генадзь Бураўкін таксама лічыць, што такія захады апазыцыі ёсьць слушнымі. «Я вітаю такі крок нашых палітыкаў. Я быў бы вельмі шчасьлівы, калі б улады пайшлі на тое, каб прызнаць 25 Сакавіка афіцыйным сьвятам. Я быў бы рады, каб у гэты дзень на плошчах краіны поруч зь бел‑чырвона‑белымі сьцягамі ўзьняліся і чырвона‑зялёныя. Гэта ва ўсякім выпадку лепш за дубінкі, якія звычайна ўздымаюць улады на Дзень Волі. Калі ўлады згодзяцца на дыялёг, то я гатовы дараваць шмат каму і што. Галоўнае, каб гэтыя людзі сапраўды пакаяліся. Я ня ведаю, ці хопіць мужнасьці ў людзей, якія на працягу многіх гадоў займаліся вынішчэньнем беларускай мовы, прыйсьці на пляц, але я іх туды шчыра запрашаю. Ня ведаю, ці ёсьць гэтыя налепкі сымптомамі нейкага дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй, але б вельмі гэтага хацелася б».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?