Беларускі Чырвоны крыж у гэтыя выходныя дні працуе ў надзвычайным рэжыме: у звязку з моцнымі маразамі адкрытыя кругласуткавыя пункты дапамогі бяздомным у Мінску і іншых гарадах краіны. Па цёплую вопратку, гарачую ежу і гарбату туды ўжо звярнуліся дзясяткі чалавек.

Галоўнае месца збору бяздомных у Мінску гэтымі днямі — у двары былой бальніцы № 2 на вуліцы Багдановіча, 2. Тут размешчаны перасоўны пункт па зборы цёплых рэчаў, дзе пацярпелыя ад холаду таксама могуць выпіць гарачай гарбаты.
Гутару з валанцёркай Галінай Уладзіміраўнай:

Карэспандэнтка: «Ці даўно вы тут стаіцё?»

«Я з адзінаццаці стаю і буду да другой гадзіны, пасля мяне зменяць іншыя — такі ў нас расклад працы — мы тут валанцёры».

Карэспандэнтка: «Ці прыходзяць людзі?»

«Так, пры мне толькі чалавекі чатыры цёплую вопратку прынеслі, але яна адразу разбіраецца. Бо бамжы патрабуюць цёплыя рэчы — курткі, шапкі, пад вопратку таксама нешта апрануць. Ну і кормім іх: «ролтаны», супчыкі будзем даваць, гарачую гарбату — на два дні харчаванне разлічанае».

Карэспандэнтка: «А тыя, каму патрэбная дапамога, ці прыходзяць?»

«Прыходзяць паесці, гарбаты папіць».

Літаральна падчас нашай гаворкі да валанцёрскага пункту на легкавіку пад’ехаў сталага веку чалавек, які пачаў выгружаць торбы зь цёплымі рэчамі. Нічога сказаць з гэтай нагоды, аднак, не пажадаў. Больш ахвотна пра сваю дзейнасць апавёў кіраўнік мабільнай групы Чырвонага крыжа і ўсёй аперацыі «Беларусь — экстрымальныя зімовыя ўмовы» Дзмітрый Русакоў, які таксама на дзяжурным аўтамабілі падвёз цёплую вопратку:

«Ад 2 лютага Беларускі Чырвоны крыж пераведзены на працу ў надзвычайным рэжыме, які доўжыцца да заўтрашняга дня. Усе нашыя раённыя і абласныя арганізацыі працуюць без выходных. У абласных і частцы раённых гарадоў працуюць пункты абагрэву, у Мінску мы таксама адкрылі Дом часовага знаходжання. Што тычыцца якіхсьці цікавых момантаў, то зараз

разам з Мінскводаканалам мы патрулюем аб’язную дарогу і дапамагаем аўтааматарам. Тым, чые машыны заглохлі, даём гарачую гарбатку, абаграём. Маем адмысловае абсталяванне, дапамагаем завесці.
Мы штогод працуем падчас маразоў, але ў такім аб’ёме толькі сёлета. Ці патрэбная такая праца? Патрэбная. Нам ужо ідуць падзякі і да кіраўніцтва, і нам непасрэдна: і ад бяздомных, і проста ад звычайных людзей, якія атрымалі кубак гарачай гарбаты ў такія маразы».
Дом часовага знаходжання адкрыты ў самім будынку былога мінскага шпіталя ў выглядзе некалькіх палат. Да 1 красавіка тут знойдуць прытулак тыя, хто яго зусім не мае. Цяпер такіх каля дзясятка чалавек.
Аднак пагутарыць зь імі і пабачыць умовы іх часовага пражывання не дазволіў міліцыянт, які дзяжурыць пры ўваходзе, спаслаўшыся на розныя абставіны.

Затое не было цяжкасцяў паразмаўляць з наведнікам перасоўнага пункту, які й прыйшоў па дапамогу:

«Я грамадзянін Сяргей Спон, я вызваліўся зь месцаў пазбаўлення волі 30 снежня. Тут я ўпершыню».

Карэспандэнтка: «Вы сюды прыйшлі чаго?»

«Гарбаткі папіць. Паесці таксама — вось чыпсаў мне далі. Дапамагаюць, прынамсі не кідаюць людзей, дапамагаюць як могуць. Я падтрымліваю гэтую арганізацыю. І калі я стану на ногі, то абавязкова ўступлю ў гэты звяз».

Як паведамілі супрацоўнікі Чырвонага крыжа, ад нядаўняга часу да іх працы дапамагаць людзям у моцныя маразы далучыліся таксама дзяржаўныя Цэнтры сацыяльнай дапамогі ў розных раёнах Мінска. Аднак працуюць яны паводле звычайнага раскладу: у Ленінскім раёне на вуліцы Янкі Лучыны ў суботу цэнтр працаваў ад 9.00 да 13.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?