12 лютага паэту, медыку і дысідэнту Алесю Наўроцкаму споўнілася 75 гадоў.

Жалезны стол. Вам так нязвыкла.
З усіх бакоў трымаюць вас.
Расколваецца ад крыку
у акушэркі галава.

Што ж, рукі мы заспіртавалі,
і нам цяпер патуг чакаць.
Крычыце, як да вас крычалі
і будуць пасля вас крычаць.

Вы самі з вёскі. Вам сямнаццаць.
Дацэнт вас прыпісаў у Мінск.
Былі за няньку. Усміхацца
вам стаў таго дацэнта сын.

Што ён жанаты быў, — вы зналі.
Вы зналі, што ён меў сям’ю.
І ўсё ж вы гэтак сплюсавалі
з яго ўсмешкаю сваю,

што зараз звонкі крык ударыць
і усміхнуцца ўсе вакол…
Э, не гаруйце! Шмат хто марыць
Патрапіць на такі вось стол.

Я знаю, што непадалёку
дзяўчына ёсць, жыве адна —
пакінутая, адзінокая…
А час не дрэмле. Сівізна

асядзе хутка ёй на скроні
на пышнасць чарнаватых кос.
Мужчыны на сваёй далоні
яшчэ яе трымаюць лёс.

Той, хто прынесці мог бы ласку,
травой пакрыты ў полі спіць,
з яго прабітай ў полі каскі
у неба жаўранак ляціць.

Ёй сніцца ваша доля часам,
як глыб нябеснай сінявы,
яна б не войкнула ні разу,
каб толькі легчы там, дзе вы.

Што ж, рукі мы заспіртавалі,
і нам цяпер патуг чакаць.
Крычыце, як да вас крычалі
і будуць пасля вас крычаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0