У ім аўтар заклікае Касьцёл далучыцца да меркаванага «рэмэйку» Майдану ў Менску. Але заклікаць вернікаў да ўдзелу ў палітычнай барацьбе на тым ці іншым баку — цалкам супярэчыць місіі Касьцёлу.

Уцягваньне Касьцёлу (як і любой іншай канфэсіі) у змаганьне розных палітычных сілаў — жахліва небясьпечная зьява. Яшчэ ні ў якой краіне сьвету не было прэцэдэнту, каб яна прынесла карысьць як вернікам, так і грамадзтву ў цэлым.

Дастаткова прыгадаць сумны досьвед паўстаньня 1863—1864 гадоў, неасьцярожны ўдзел ксяндзоў у якім выклікаў цяжкія рэпрэсіі — закрыцьцё парафій і скасаваньне ўсіх кляштараў, масавую высылку духавенства і ў выніку — рэзкае зьмяншэньне прысутнасьці Касьцёлу ў культурнай прасторы, яго магчымасьці бараніць прысутнасьць лацінскай цывілізацыі ў Беларусі. Задача Касьцёлу — ня клікаць людзей на барыкады, а абуджаць у іх душах мудрасьць, разважнасьць і стрыманасьць.

Хачу таксама ўдакладніць, што змаганьне сталічных вернікаў за вяртаньне касьцёлу Сьв.Язэпа — ня «марнае». Яно працягваецца і, будзем за гэта маліцца, скончыцца вяртаньнем Касьцёлу ягонай законнай уласнасьці, а парафіянам — дому малітвы.

Але ліст уздымае важную праблему: якімі мусяць быць формы і мэты ўдзелу Касьцёлу ў грамадзкім жыцьці? Амаль на кожнай бэнзакалёнцы, у краме сёньня бачым пушкі з ахвяраваньнямі на патрэбы Праваслаўнай Царквы і ледзь ня ў кожным супэрмаркеце — шапік з праваслаўнай духоўнай літаратурай. Гэта ня можа ня цешыць. Аднак засмучае, што няма побач скрынак каталіцкіх (як і пратэстанцкіх). Касьцёл застаецца сацыяльна пасіўным, абмяжоўваючы свае патрабаваньні да цывільных толькі ўдзелам у Сьв.Імшы. Што робяць каталікі, выйшаўшы за дзьверы храму, ніхто ня ведае.

У гэтай пасіўнасьці ёсьць некалькі прычынаў: па-першае, шмат каму як з ксяндзоў, так і з шараговых вернікаў дагэтуль падаецца, што Касьцёл «прыгнятаюць», забываючыся, што ён рэальна зьяўляецца канфэсіяй №2 у краіне і ніякіх канкрэтных фактаў яго перасьледу не зафіксавана. Але многім ксяндзам, а таксама цывільным, проста больш утульна нічога не рабіць: не займацца актыўнай эвангелізацыяй, не нагадваць усім пра каталіцкія сьвяты і звычаі, не распаўсюджваць каталіцкі друк такімі самымі спосабамі, як гэта робяць праваслаўныя. Я ўжо не кажу пра каталіцкія дзіцячыя садкі, гімназіі і ўнівэрсытэт. Вельмі камфортная пазыцыя: глуха намякаць на нейкія «забароны» і «перашкоды», якія дзяржава нібыта чыніць каталіцкім культурным ініцыятывам — не прыводзячы пры гэтым ніякіх фактаў забаронаў і перашкод.

Па-другое, трэба здаваць справу з катастрафічных стратаў, якія панесла каталіцкая супольнасьць Беларусі падчас ІІ сусьветнай. Татальнае зьнішчэньне духавенства і актыву абодвума таталітарнымі рэжымамі, якія сышліся ў гіганцкай мясарубцы, і масавая эміграцыя — спачатку ў 1944 г., потым некалькімі хвалямі ў 1940-х — 1950-х гадах (якая, дарэчы, дала ўсю вярхушку сучаснага істэблішмэнту Польшчы). З усіх даваенных этнічных і канфэсійных супольнасьцяў Беларусі, бадай, толькі габрэі зазналі большыя страты ў працэнтным дачыненьні.

Паўстагодзьдзя таму ў Беларусі засталіся пераважна горш адукаваныя, зь нізкім сацыяльным статусам каталікі, пераважна жыхары аграрных раёнаў Гарадзенскай вобласьці, і працэс іх урбанізацыі далёка не завершаны нават сёньня. Гэта адбіваецца на культурным узроўні як духавенства, так і цывільных. Вельмі часта на фоне ксяндзоў — выхадцаў з Польшчы, Літвы, Украіны, якія і больш актыўна адбудоўваюць парафіі, і арганізоўваюць сацыяльную актыўнасьць парафіянаў — выпускнікі Гарадзенскай сэмінарыі, якія часам не валодаюць элемэнтарнымі цывілізацыйнымі ведамі па-за катэхізісам, глядзяцца вельмі «блякла». Паляпшэньне якасьці каталіцкай адукацыі мусіць стаць асноўным клопатам Касьцёлу на бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?