Прадстаўнікі рыэлтарскіх кантораў неафіцыйна пацвярджаюць, што былы кыргызскі лідар Курманбек Бакіеў купіў за 2 мільёны даляраў элітны катэдж у Раўбічах пад Мінскам, аднак падрабязнасці здзелкі падаваць баяцца — непакояцца, што гэта нэгатыўна адаб’ецца на бізнэсе.
Як кажуць супрацоўнікі агенцтваў нерухомасці, не так даўно былы кыргызскі лідар займеў у Беларусі ўласны кут. Адпачатку Бакіеў з маладой жонкай і двума малымі дзецьмі жыў у адным з санаторыяў у Бярэзінскім біясфэрным запаведніку, аднак ці то беларускі бок перастаў задавальняць спецыфічны кватарант, ці то Бакіеў сабраўся пусціць у Беларусі карані надоўга, але сітуацыя зьмянілася.
На ўмовах ананімнасці адзін з рыэлтараў распавёў, што Бакіеў аформіў досыць адметную па беларускіх мерках здзелку:
«У Раўбічах катэдж — цагляны, трохпавярховы, з цэнтральнымі камунікацыямі. Кошт — 2 мільёны 50 тысяч даляраў.Зразумела, што такі кошт мае на ўвазе наяўнасць усіх выгодаў, якія толькі можна сабе ўявіць».
Праўда, пры гэтым рыэлтар удакладняе, што кошт урэшце мог быць «збіты» да 1 мільёна 700 тысяч даляраў, бо такая папярэдняя дамоўленасць з гаспадаром была. Таксама пакуль няма звестак, калі канкрэтна навасёлы мяркуюць перасяліцца ў новае жыллё. Дарэчы, трапіць на тэрыторыю, дзе ў Раўбічах месцяцца элітныя катэджы, досыць складана: уезд у ахоўную зону — праз шлагбаўм, які адкрываецца адмысловым чыпам.