15 лютага стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка Беларусі зніжана на 2 працэнтныя пункты да 43% гадавых.

Як тлумачыць упраўленне інфармацыі Нацбанка, у апошнія месяцы назіраюцца «ўстойлівыя пазітыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы». Інфляцыйныя працэсы замарудзіліся, рост спажывецкіх цэн у снежні 2011 года — студзені 2012 года знізіўся да ўзроўню прыкладна 2% у месяц.

Змяншэнне стаўкі рэфінансавання заклікана знізіць крэдытную нагрузку на пазычальнікаў.

Далейшая дынаміка стаўкі рэфінансавання будзе залежаць ад сітуацыі ў грашова-крэдытнай сферы і эканоміцы ў цэлым. Па меры ўмацавання пазітыўных тэндэнцый Нацбанк плануе працягнуць паступовае зніжэнне стаўкі рэфінансавання і агульнага ўзроўню працэнтных ставак у эканоміцы.

Паводле прагнозаў урада, да канца года стаўка рэфінансавання можа знізіцца ўдвая, заявіў віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін на прэс-канферэнцыі ў Мінску 14 лютага.

Як раней паведамлялася, на працягу 2011 года стаўка рэфінансавання павялічвалася 12 раз, апошнім разам — 12 снежня, з 40 да 45% гадавых.

6 лютага на сустрэчы з кіраўніком Нацбанка Надзеяй Ермаковай Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на высокую стаўку банкаў па крэдытах. «Вельмі дарагія крэдытныя рэсурсы. Эканоміка, зразумела, трываць такую сітуацыю з крэдытамі доўга не можа, — сказаў Лукашэнка. — Таму стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка паволі-паволі павінна зніжацца. Мы павінны даваць і сігналы нармальныя эканоміцы нашай краіны, суб’ектам гаспадарання, дый фактычна стаўка павінна быць ніжэйшай, таму што пры цяперашняй казаць пра нейкае інтэнсіўнае развіццё эканомікі нельга».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?