Раман Клінава можна чытаць як вінную карту.

Усе раздзелы кнігі, акром апошняй, маюць «алкагольныя» назвы: «Чылійскае чырвонае», «Егермайстар», «Фінляндыя», «Крупнік», «Скарб Радзівілаў», «Белая Русь», «Крыжачок». Яшчэ ў рамане прадстаўлены віскі, ром, партвэйн, грапа, а таксама піва.

Апісаныя з веданьнем справы пах, колер, смак алкагольных напояў, іх уплыў на арганізмы насельнікаў кнігі фарміруюць ідэю і сюжэт, рухаюць аповед, робяць разделы «Шалому» стылістычна разнастайнымі, а этапы падарожжа галоўнага пэрсанажа, беларускага мастака Андрэя (Андрэ) Міхайлавіча Н., — непаўторнымі.

Асноўная перадумова сюжэта «Шалому» ня проста час, як ва ўсіх літаратурна-мастацкіх кнігах, а час спажываньня алкаголю.
І яшчэ: алкаголь/выпіўка — як прырода ў творах Міхала Прышвіна — выступае фонам і героем «Шалому» адначасова.
Тыя, хто чытаюць мастацкія кнігі дзеля самаадукацыі, паглыбленьня ведаў, даведаюцца шмат новага пра алкаголь дзякуючы раману Клінава.
Прыкладам, пра арыгінальную вэрсію паходжаньня назвы напою «Крыжачок» і тое, як «утрымаць» гэты напой у сабе (лепш за ўсё «Крыжачок» закусваць салёным агурком ці цыбулінай, але ні ў якім разе не цукеркай ці кавалкам хлеба!). Альбо атрымаюць зьвесткі пра розныя стратэгіі «вядзеньня бою» з алкаголем — сам-насам і ў кампаніі — і пра новы, правераны на практыцы, спосаб змаганьня з пахмельлем.
Алкаголь, быццам таварыш, суправаджае галоўнага героя
ў падарожжы з Захаду на Ўсход, бадзёрыць, весяліць, супакойвае, надае моцы, натхняе, дапамагае лепш пачувацца на самоце і з людзьмі. Праўда, праз гэтага сябрука з супярэчлівым характарам у Андрэ ўзьнікаюць праблемы, але ж ці можна вымагаць бездакорных паводзінаў ад свайго таварыша і бясконца крыўдаваць на яго?
У той жа час «Шалом» — не паэма ў прозе «Масква-Петушкі»; занадта разумных маналёгаў пра алкаголь і матэматычных загадак Сфінкса наконт выпіўкі ў Клінава няма,
бо ён вырашае іншыя мастацкія задачы. Станоўчыя героі «Шалому», такія як Хведар ці Буян, — вясёлыя, адкрытыя раблезіянцы. Яны — мастакі; аўтар любіць іх, а яны любяць жыцьцё і алкаголь, прагнуць радасьці, але паколькі сьвет — злы, варожы, густа населены гунамі, яго трэба таленавіта пераўвасабляць (на гэта яны мастакі!), няспынна насычаць тэатральным дзеяньнем і карнавальным сьмехам, ладзіць аднаактавыя балеты ў самых людных месцах, такіх, як Александэрпляц у Бэрліне.
Аднак жыцьцёвага аптымізму і творчага крэатыву, маляваньня карцін і ладжаньня пэрформансаў з ужываньнем алкаголю і без яго недастаткова — з гэтым сьветам трэба няспынна ваяваць, бо ён пагражае табе, мастаку,
тым, што скажае сутнасьць і прыроду мастацтва, начэплівае ярлыкі і цэньнікі на тваю творчасьць, свабоду і ідэалы, каталагізуе прыгажосьць на свой цынічны, сквапны лад.

Нездарма Андрэ ўжо ня лічыць сьвятам адкрыцьцё выставаў, дзе экспануюцца і ягоныя працы, — там усё вырашаюць грошы, а не таленты. Наведвальнікі гэтых культурных мерапрыемстваў насамрэч не цікавяцца мастацтвам, не спрабуюць зразумець яго, і толькі маладзенькай прыгажуні з ліку прысутных Андрэ можа з ранейшым імпэтам распавесьці пра геніяльнасьць і двухсэнсоўнасьць саломы як матэрыялу, пра тое, што «пры сьвятле яна зьзяе чыстым золатам, але, калі прыглядзецца, кожны прадмет, выраблены з саломы, уяўляе сабой узор спарахненьня матэрыі, пацяруху, якой, па сутнасьці, ёсьць усё зямное».

Андрэ разумее, што

да практычна-павярхоўнага погляду на мастацтва людзей прызвычаілі ўплывовыя асобы, якія ў наш час вырашаюць лёс мастацтва.

Ушчыльную наблізіўшыся да Радзімы, беларускі мастак учыняе пагром у доме варшаўскага сябры, скіраваўшы свой гнеў на мастацкіх куратараў, якія прысутнічалі там. Ён прылюдна адмаўляецца ўдзельнічаць у фінансавай пірамідзе пад назваю «сучаснае мастацтва», дзе дывідэнды атрымліваюць адно тыя, хто знаходзіцца наверсе. Выказаць сваю волю і моц Андрэ здолеў пры дапамозе кайзэрскага шалому прускага жаўнера, набытага ім у вулічнага нямецкага гандляра.

Надзеўшы шалом і паабяцаўшы самому сабе аніколі яго не здымаць, беларус, які ў юнацтве марыў здабыць славу вялікага мастака, а стаў ўдзельнікам бясконцых замежных пленэраў-тусовак і шараговым выкладчыкам малюнку ў магілеўскім унівэрсітэце, творыць з сябе канцэптуальны арт-праект.

Цяпер Андрэ робіцца падобным да звышчалавека, вышэйшага за астатніх, і мэта ягонага жыцьця, яго эстэтычная праграма — ваяваць са сьветам за ідэю. Дзеля таго, каб адбыцца, чалавеку-шалому неабходна выправіцца на ўсходні фронт — самы небясьпечны з усіх, дзе вайна ня скончыцца ніколі, пэўны Андрэ.

Раман Клінава можна чытаць як гісторыю парушэньня ўсталяваных межаў, пераходу за вызначаныя грамадзтвам рамкі.

Па сутнасьці, «Шалом» прысьвечаны здабываньню чалавекам самога сябе на камяністым шляху жыцьця, гартаваньню асобы і яе ахове (шалом з гледзішча вайсковай справы прызначаны менавіта для абароны ад траўмаў і раненьняў). Андрэ пакутліва набліжаецца да райскіх садоў свайго «Я», а збоку здаецца — спускаецца ў пекла, і цяжкі рух той у чорна-графітавую пустэчу ня скончыцца аніколі.

З часу, калі герой кнігі набыў і надзеў сваю прыгожа-пагрозьлівую амуніцыю, пачынаецца ваенны раман: доўгі паход і суворыя выпрабаваньні, жорсткая бязьлітасная вайна — зіхоткі бляск шалому прыцягнуў увагу навакольнага сьвету, гуны імкліва рушылі ў атаку, пабачыўшы ў Андрэ генерала нябачнага войска, свайго галоўнага ворага. Зьнявагі і зьдзекі з чалавека-шалома хвалямі коцяцца з усіх бакоў — герой кнігі спрабуе адбіцца пры дапамозе ня толькі сілы, як у бойцы з нэафашыстамі ў Бэрліне, але і ўжываючы гумар, фантазію, міралюбіва распавядаючы дзівосныя гісторыі пра паходжаньне і прызначэньне шалому.

Так, маладому немцу Андрэ даводзіць, быццам ён маршалак, які атрымаў заданьне германскага генштабу і цяпер вяртаецца з эміграцыі; спадарожніцы сьціпла паведамляе аб сваёй прыналежнасьці да культу Бісмарка; знаёмага мастака запэўнівае, што на галаве ў яго шалом мэдыюма; памежніку тлумачыць, што ён веруючы Царквы Ўзьнясеньня Шостага Дня і можа здымаць шалом толькі па суботах; пажарнаму кажа, быццам дбае пра бясьпеку і таму носіць пажарны шлем. Такіх гісторыяў Андрэ навыдумляў блізу двух дзясяткаў — ім пераважна вераць, бо ўладальнік шалому гаворыць пераканаўча і выглядае сур’ёзна.

Тым ня менш, прысутнасьць Андрэ прымушае астатніх пэрсанажаў раману нэрвавацца — ён ім не падабаецца, ён анталагічна іншы.

Сапраўднае паляваньне і неаслабны ціск на Андрэ пачынаецца на ягонай радзіме, у Беларусі. Памежнікі заяўляюць, што шалом ня можа больш пакідаць межы краіны, бо ён — гістарычная каштоўнасьць, якая цяпер належыць дзяржаве; у чаргах і на вуліцах на Андрэ касавурацца з нянавісьцю і страхам — па ўсім відаць, ён фашыст ці бэнээфавец, а хутчэй, і тое, і тое адначасова.

Нават у трывожных снах уладальніка шалому перасьледаюць спэцслужбы. Што ж, Андрэ хацеў бунту, прагнуў вайны — калі ласка, нашыя заўсёды раздражнёныя, злыя людзі гатовыя да канца ваяваць ня тое што з адным адрозным ад іх чалавекам, але з усім астатнім сьветам, хоць самі ўнутрана гатовыя кардынальна зьмяніцца і ў любы прыдатны момант прасьлізнуць цераз шчыліны памежнага плоту, не чакаючы запрашэньня, каб распаўзціся па ўсёй Эўропе, «ствараючы маленькія, у прынцыпе бясшкодныя й нікому не заўважныя калёніі ў Бэрліне, Брусэлі, Амстэрдаме, Варшаве».

Родныя і знаёмыя, у тым ліку калегі-мастакі, выпрабоўваюць Андрэ, пераконваючы зьняць шалом.
Яны шчыра хочуць, каб ён стаў нармальным чалавекам, падобным да астатніх. Пазьней да іх просьбаў далучаюць свае пагрозы прадстаўнікі ўлады, сьвецкай і рэлігійнай: начальства ўнівэрсітэту, міліцыянты, кантралёры грамадзкага транспарту, пажарнік, кэдэбіст, сьвятар.
Жадаюць ня бачыць шалому і мінакі на вуліцы, і рэдкія кліенты Андрэ —
так, камерцыйнае мастацтва ёсьць і ў Беларусі. Што праўда, за мяжой гэта выставы і пэрформансы, якія прыносяць арганізатарам і мастакам някепскія грошы, а тут, у Магілёве, пад ім маецца на ўвазе танны выраб надмагільных бюстаў — «выродцаў, якія лыбяцца вар’яцкімі, дэбілаватымі тварамі». Але сутнасьць у сучаснага мастацтва з Бэрліну, Варшавы ці Магілёву — адна, як і ва ўсіх прэтэнзіяў людзей да Андрэ.
Урэшце ўладальнік шалому ня проста перасякае мяжу — ён назаўжды вызваляецца ад меркаваньняў людзей аб сабе, назаўсёды адмаўляецца ад мастацтва, засяродзіўшыся на пераўстварэньні сваёй асобы — найважнейшым жыцьцёвым і творчым акце з усіх магчымых.
І робіць гэта без дапамогі сьпіртнога — назва фінальнай главы, як адзначалася вышэй, не «ўтрымлівае» аніякай алкагольнай вадкасьці, у тэксьце ёсьць толькі халодная вада Дняпра.
Пасьля сканчэньня гэтага акту пачынаецца новы (увага, spoiler!):
па волі нябачнага і нячутнага аўтара Андрэ бярэ ўдзел у батлейцы: лялькі Бога, Д’ябла і Сьмерці ўжо абступілі Жаўнера ў шаломе, каб выпрабаваць яго.

Ці стане гэты акт фінальным, ці адбудзецца перараджэньне?

Раман Клінава трэба чытаць да канца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?