У апошнюю суботу лютага ў Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве (ТБК) адбылася сустрэча з дырэктарам вядомага далёка па‑за межамі Беларусі ліцэя імя Я.Коласа Уладзімерам Коласам, гэтым разам адбылася ў Вільні прэзентацыя яго кнігі «Лёс ліцэя», наладжаная таварыствам. Чакалі і пісьменьніцу Вольгу Іпатаву, але ж толькі пад час мерапрыемства даведаліся, што яна захварэла і ня зможа быць з намі разам. Кожны хто заходзіў у ТБК пытаўся ;»А ці будзе сп. Вольга?» І былі расчараваны адмоўным адказам, асабліва журналісты. Іх гэтым разам было нямала; і з радыё «Палонія», і з літоўскага радыё і тэлебачаньня, беларускія журналісты,акрэдытаваныя ў Вільні.

Традыцыйна мерапрыемства пачаў старшыня ТБК Хведар Нюнька, ён прадставіў гасьцей. Ул.Колас‑ галоўная асоба мерапрыемства. Уражаньнямі пра кнігу падзяліўся Хведар Нюнька і аўтарка гэтага допісу. Кніга «Лёс ліцэя» аўтабіяграфічная, частка гісторыі нашай Бацькаўшчыны,звязаная з лёсам беларускай мовы і адукацыі на роднай мове. Чытаеш і зьдзіўляешся мужнасьці выкладчыкаў, навучэнцаў, і ўпершую чаргу бацькоў, якія не забралі сваіх дзяцей, а разам змагаюцца і перамагаюць.

Ул.Колас распавёў пра гісторыю ўтварэньня навучальнай установы, аб сваіх паплечніках і з гонарам адзначаў што ўсе выпускнікі ліцэя паступаюць у ВНУ,прыемна, што і мая вучаніца Адэля Дубавец закончыла ліцэй, а цяпер друкуецца ў часопісе «Дзеяслоў». Наступная прамоўца‑ выкладчыца геаграфіі і завуч ліцэя Ірына Сідарэнка, яе выхаванцы занялі на Сусьветнай алімпіядзе ў Паўднёвай Афрыцы трэцяе месца, адзначаны ліцэісты прызывымі месцамі і па іншых прадметах. Гэта было ў 2002 годзе. Зараз ліцэй знаходзіцца ў складаных умовах, спрабуюць зьліквідаваць. Умовы падпольнага навучаньня. вучобы ў выгнаньні вось ужо чатыры гады, у якіх апынуўся ў апошнія гады ліцэй, з боку здаюцца небясьпечнымі, цяжкімі і ненармальнымі. Але ж гэта і ёсьць магчымасьць па‑сапраўднаму змагацца, ахвяраваць дзеля Праўды, Дабра і Справядлівасьці, і мець столькі сяброў‑ аднадумцаў, прыхількаў ва ўсім сьвеце, і ў першую чаргу ў Вільні. Разам‑сіла. Аб гэтым і кніга. У прыватнасьці Ул. Колас піша:»Ліцэй здолеў утварыцца і захавацца перад усім дзякуючы таму. што вакол яго аб»яднала свае намаганьні вялікая колькасьць шчырых беларусаў. Упэўнены; калі такое адчуваньне еднасьці, прыналежнасьці да свайго народа, адданасьці сваёй Бацькаўшчыне аб»яднае нас усіх, беларусы абавязкова здолеюць разьвітацца са сваёй змрочнай спадчынай і адбудуюць нармальнае, годнае і заможнае жыцьцё. Гэта і ёсьць галоўны ўрок, які ўсім нам дае ліцэй». А самае галоўнае‑ ёсьць конкурс паступаючых, ёсьць жадаючыя вучыцца, значыць ёсьць і будучыня ў ліцэя, а яна зьвязана зь Вільняй, у якой ужо часткова адбываюцца лекцыі. Уразіла прысутных і канцэртная праграма навучэнцаў у ТБК, яны выканалі некалькі песень, у тым ліку і гімн ліцэя, але асабліва кранула «Малітва» ў сольным выкананьні А.Вараб»ёва. Гэта не першая і не апошняя сустрэча ў ліцэі.

Сябра ТБК Алесь Адамковіч прадоўжыў цыкл лекцый «Беларускія карані на Віленшчыне», ён расказваў пра ксяндзоў‑ арыянаў, дапоўніў расказ пра біскупа Юрыя Матулевіча. Зьмястоўны артыкул пра Ю.Матулевіча з багатым ілюстраваным архіўным матэрыялам Алесь Адамковіч зьмясьціў у літоўскай гістарычнай газэце «VORUTA», журналістам якой зьяўляецца дакладчык. Вядома, сябры таварыства пазнаёміся з нумарамі гэтага года, аформляна падпіска ў бібліятэку, а на мерапрыемстве ўсе жадаючыя мелі магчымасьць падпісацца бясплатна на тыднёвік.

Заля ТБК упрыгожана ў клясічным стылі: на стале, на сьцяне выцінанкі ў форме разгорнутай кнігі. Дызайнам і кармленьнем займаецца мастачка Хрысьціна Балаховіч.

Напрыканцы імпрэзы прысутныя атрымалі кнігу Ул.Коласа «Лёс ліцэя» з аўтографам аўтара.Такія сустрэчы духоўна ўзбагачаюць,яднаюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?