Тадэвуш Гавін быў у шэрагу невялікага кола асобаў, якія ў 1988 годзе стварылі Польскае культурна‑асьветніцкае таварыства імя Адама Міцкевіча зь якога пазьней паўстаў Саюз палякаў Беларусі. Гавін быў шматгадовым старшынём найбуйнейшай арганізацыі польскай меншасьці ў Беларусі, а ў выніку яна сталася найбунейшым недзяржаўным аб’яднаньнем на тэрыторыі ўсёй рэспублікі.
Сваю апошнюю кнігу, прысьвечаную зьнішчэньню ўладамі Саюзу палякаў, аўтар называе рэфлексіяй над 17 гадамі дзейнасьці заснаванага ім аб’яднаньня.
Т. Гавін: Гэта мае рэфлексіі на тыя падзеі, якія адбываліся ў Саюзе палякаў у 2005 годзе, калі рэжым зьнішчыў незалежнасьць арганізацыі.
Калі дзейнасьць арганізацыі была цяжэйшай, зараз ці ў 1988 годзе, яшчэ пры савецкай уладзе?
Т. Гавін: Розьніца паміж гэтымі пэрыядамі напэўна ёсьць. Тады панавала савецкая ўлада, а зараз улада ў Беларусі ў руках аднаго чалавека й краінай ён кіруе па‑дыктатарску. Тады, як гэта ня дзіўна, было працаваць лягчэй, бо распадалася савецкая імпэрыя. Цяпер жа рэжым узмацняецца й усе ягоныя дзеяньні скіраваныя на зьневаленьне грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку й яе польскай часткі.
Як зараз вы ацэньваеце дзейнасьць Саюзу? Гэта вэгетацыя ці нармальная дзейнасьць?
Т. Гавін: Яна дзейнічае нармальна, хаця ёсьць шмат перашкодаў на шляху нармальнай працы. Часта гэтая дзейнасьць адбываецца ў падпольлі. Тым ня менш арганізацыя не паддалася. Дзяйнасьць саюзу зараз — гэта адначасова й адраджэньне польскасьці й прыбліжэньне дэмакратызацыі Беларусі.
Падчас самога канфлікту шмат у польскай прэсе пісалася пра канфлікт беларусаў і палякаў. Дык як па‑вашаму — гэта сапраўды канфлікт паміж народамі?
Т. Гавін:Гэта канфлікт паміж уладаю і чальцамі Саюзу палякаў. Канфлікту паміж палякамі й беларусамі не было, наадварот у гэтай барадзьбе беларусы пастаянна падтрымлівалі Саюз палякаў.
На сустрэчы прысутнічаў ваявода Ніжняй Сылезіі Кшыштаф Гжэльчык, які зрэшты быў і адным з арганізатараў сустрэчы. Ваявода можа пахваліцца не толькі тым, што ва Ўроцлаве «кіпіць беларускае жыцьцё», але й тым, што ваяводства мае адмысловую дамову аб супрацы з Горадняй.
К. Гжэльчык: Уроцлаў меў і далей мае фармальную партнэрсукую дамову з Горадняй. Але дзеяньне гэтай умовы было прыпыненае ў сувязі з рэпрэсыямі беларускіх уладаў адносна польскай меншасьці. Незалежна аднак ад гэтага працягваюцца досыць плённыя кантакты паміж жыхарамі абодвух гарадоў, гэта рэалізуецца ў першую чаргу дзякуючы дзейнасьці недзяржаўных арганізацыяў. Ва Ўроцлаве адбываецца Фэстываль беларускай культуры ў якім бяруць удзел найлепшыя беларускія творцы, у нашым горадзе выдаецца шмат кніжак беларускіх аўтараў на польскай мове. Акрамя таго мы ўтрымліваем добрыя кантакты з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі ну й вядома Саюзам палякаў на Беларусі. На жаль у ліпені мінулага году я асабіста ня змог уехаць на Беларусь. Беларуская амбасада адмовіла мне ў выданьні візы. З таго, што мне вядома, гэтае рашэньне было прынятае ў сувязі з ацэнкаю маіх ранейшых кантактаў з Беларусьсю.
Падчас прэзэнтацыі кнігі Тадэвуша Гавіна адбыўся й невялікі канцэрт гарадзенскага барда Віктара Шалкевіча. Грамадзянін Вялікага княства Літоўскага, як можна найлепш акрэсьліць Віктара, не захацеў казаць пра прыналежнасьць да беларускай ці польскай нацыі. На ягоную думку гэта не так істотна. Віктар Шалкевіч адказаў на некалькі пытаньняў Польскага радыё.
В. Шалкевіч: Я зараз успамінаю словы Ежы Гедройця які скзаў: Калі мне будзе сумна быць палякам, то я пайду да летувісаў. Паколькі гэтае пытаньне вельмі спрэчнае, то я паставіў сабе заданьне ніколі ў жыцьці яго не ўздымаць і не адказваць на яго. Мне абсалютна блізкая як польская, так і беларуская культура.
Ты даўно ўжо ведаеш Тадэвуша Гавіна, як ты асабіста ацэньваеш ягоную дзейнасьць?
В. Шалкевіч: Тадэвуш — гэта сын свайго часу. Мне б таксама было горка, калі б тое, што я рабіў усё жыцьцё ўзяло й ляснула ў адзін момант. Да гэтага трэба было быць гатовым і можна было нават прадказаць. Мне здаецца, што калі чалавек хоча гаварыць па‑польску дык яго ніякая халера не прымусіць, напрыклад, хадзіць на імшу па‑беларуску. Ёсьць Рэспубліка Беларусь і існуюць беларускія ўстановы. Яна сама сябе ўмацняе й будзе прасіць каб у касьцёл уваходзіла беларуская мова. Дзе ж гэта бачна каб у Вугоршчыне служылі па‑славацку. Вугорцы таксама будуць зацікаўленыя ў тым, каб ужываньне іх мовы пашыралася. Там дзе жывуць палякі яны павінны дабіцца свайго й гвалтам ніхто нічога не ўводзіць.
Дык у такім выпадку ці існуе ўвогуле праблема Саюзу палякаў на Беларусі? Ці перасьледуюцца палякі як меншасьць, ці, як кажа Лукашэнка, гэта праблема групы грамадзянаў Рэспублікі Беларусь?
В. Шалкевіч:Не адкажу на гэтае пытаньне, бо сапраўды гэтым не займаюся. У адрозьненьні ад палітыкаў творцы не ведаюць горшых ці лепшых часоў: от сеў і напісаў. Ім трэба было перш за ўсё паміж сабою дамаўляцца. Два беларусы, а ў выніку тры палітычныя партыі, гэтаксама адбываецца й у палякаў. Гэта такі парадокс калі адныя не разумеюць другіх, хаця й першыя й другія ходзяць да аднаго касьцёла й ядуць тыя самыя пельмені.
Яшчэ ў гэтым годзе кніжка Тадэвуша Гавіна пабачыць сьвет на беларускай мове. Гэта станецца магчымым дзякуючы намаганьням беларусаў, якія пражываюць на Беласточчыне. Акрамя таго плянуецца выданьне адной кнігі ў якой будуць сабраныя ўрыўкі зь некалькіх працаў Тадэвуша Гавіна.