У «Ітэры» былі падставы ўсумніцца ў запланаваных тэрмінах акупнасці праекта будаўніцтва Мінск-Сіці. Такое меркаванне БелаПАН выказаў дырэктар беларускага офіса міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Colliers International Андрэй Алешкін, каментуючы скасаванне дагавора паміж Беларуссю і расійскай кампаніяй «Ітэра» — інвестарам праекта «Мінск-Сіці».

«Эканоміка праекта пралічвалася на той этап развіцця рынку нерухомасці, калі праект пачынаў рэалізоўвацца. Але тады і рынак, і стаўкі арэнды былі іншымі. Цяпер усё змянілася і ў Еўропе, і ў Расіі, і ў Беларусі. Стаўкі арэнды ўпалі, таксама як і кошт жылля. Эканоміка паказала не зусім тыя вынікі, якія чакаліся», — адзначыў Алешкін.

Паводле слоў эксперта, калі адкінуць камерцыйную частку праекта і ўзяць толькі жыллё, «то пры цяперашнім кошце крэдытавання (51—60%) развіць такі праект немагчыма ні пры якіх умовах, ні пры ніякіх танных грошах».

Алешкін падкрэслівае, што жыллё і камерцыйная нерухомасць паміж сабой узаемазвязаны: «Калі не будзе жылля ў вялікіх аб'ёмах, то не патрэбны гандлёвыя цэнтры. А калі няма гандлёвых цэнтраў, не будзе і бізнесу, адпаведна не трэба і бізнес-цэнтры. Гэта ўзаемазвязаныя рэчы, якія паслужылі нагодай, каб усумніцца ў акупнасці такіх велізарных інвестыцый у запланаваныя тэрміны».

Паводле ацэнкі эксперта, акупнасць укладанняў у будаўніцтва Мінск-Сіці пры цяперашняй сітуацыі на рынку «добра, калі складае на сёння 20 гадоў». «Але, думаю, акупнасць нават вышэйшая», — сказаў Алешкін.

Паводле яго меркавання, знайсці аднаго новага інвестара «на такое салодкае месца наўрад ці атрымаецца». «З такім аб'ёмам будаўніцтва цяпер ніводны інвестар не справіцца. Самы аптымальны варыянт — раздрабніць праект сярод некалькіх інвестараў, каб кожны з іх рэалізоўваў нейкую частку праекта», — адзначыў эксперт.

Нагадаем, у студзені гэтага года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь не супраць перадаць будаўніцтва Мінск-Сіці Кітаю.

Андрэй Алешкін згодны з тым, што кітайскія кампаніі могуць увайсці ў праект. «Безумоўна, у Кітая шмат танных рэсурсаў. Але проста так Кітай не будзе ўкладвацца. Кампаніі таксама будуць лічыць акупнасць», — адзначыў эксперт.

Паводле яго слоў, каб паскорыць рэалізацыю праекта і не дапусціць паўтору сітуацыі з «Ітэрай», «неабходна нанова пралічыць эканоміку праекта, прааналізаваць патэнцыяльны попыт, прыстасаваць праект да сённяшняга стану рынку, паменшыць аб'ёмы і развіваць паэтапна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?