Знакаміты «Доктар Хаўс» прыедзе ў Мінск з джазавым канцэртам 22 чэрвеня. Канцэрт адбудзецца ў Палацы Рэспублікі.

Х’ю Лоры са сваімі джазавымі экзэрсісамі ўпісваецца ў вельмі пашыраную на Захадзе плынь — ягоны гурт выконвае каверы класічных песень 30-х і 40-х гадоў.
Калі паглядзець на трэкліст альбома Let Them Talk, то ўсе кампазіцыі кампактна ўкладаюцца ў такое любімае ў нас вызначэнне «тое, што ўсе ведаюць». З той розніцай, што гэтыя песні ведаюць не зусім усе, а тыя, хто хоць трошкі арыентуецца ў джазавых, блюзавых і кантры-стандартах.
Але падыход Лоры да выканання стандартаў заслугоўвае ўвагі — ўсё ж такі ён не гучыць, як рэстаранны аркестр.
Напрыклад песня St. James Infirmary, чые карані губляюцца ажно ў XVIII стагоддзі, хоць і мае звыклае гучанне блюза 30-х, упрыгожаная разнастайнымі музычнымі хадамі, якія робяць яе цікавай нават для тых, хто чуў яшчэ з пяцьдзесят яе версій.

Падчас праслухоўвання альбома ўзгадваюцца

і рок-н-ролы Джэры Лі Льюіса (Swanee River), і крунерскія спевы ў стылі Бінга Кросбі (ізноў жа Swanee River), і нават пратэстныя народныя песні (Police Dog Blues) Вудзі Гатры,
а таксама класічны нова-арлеанскі карнавальны джаз Прафесара Лангхэйра (Tipitina).

Карацей,

такой музыкі ў Мінск не прывозілі даўно,
шкада толькі, што зорных гасцей са свайго дэбютнага альбома (а гэта Том Джонс, Ірма Томас і Доктар Джон) Лоры не давязе. І, дарэчы, голас Лоры пасуе да гэтай музыкі — усё ж такі знешне гэты акцёр заўжды выглядаў як музыкант з Поўдня ЗША, нават нягледзячы на яго оксфардскае паходжанне.

А дзякуючы "Доктару Хаўсу" Let Them Talk стаў самым прадаваным блюзавым альбомам у Брытаніі (192 000 копій). Таму калі вы любіце лёгкі, вясёлы, мэйнстрымавы джаз -- на канцэрт ісці варта. Заадно і на доктара Хаўса жывога паглядзець.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?