Аўдытарская кампанія Ernst & Young праводзіць паўторную ацэнку кошту актываў ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» (МАЗ) для магчымага стварэння расійска-беларускага сумеснага прадпрыемства. Пра гэта паведаміў гендырэктар МАЗа Аляксандр Бароўскі.

У 2011 годзе кампанія Ernst & Young ацаніла кошт актываў МАЗа ў 800 млн. долараў. Беларускі бок гэтая лічба не задаволіла. Кампаніі было даручана перагледзець метады ацэнкі і вынік. У лістападзе ўрад аб’явіў конкурс на выбар новага незалежнага ацэншчыка.

Сёння гендырэктар прадпрыемства заявіў: «Мы другога ацэншчыка не выбіралі. Паўторную ацэнку кошту актываў праводзіць Ernst & Young». Паводле слоў Бароўскага, вынікі ацэнкі чакаюцца найбліжэйшым часам.

Бароўскі таксама адзначыў, што магчымая купля нямецкім аўтаканцэрнам Daimler акцый расійскага КАМАЗа не паўплывае на перспектывы стварэння холдынгу «Росбелаўта», які будзе арганізаваны ў тым выпадку, калі Беларусь выбера КАМАЗ стратэгічным партнёрам.

Год таму дзяржкарпарацыя «Растэхналогіі», якая валодае 49,9% акцый КамАЗа, прапанавала аб’яднаць два прадпрыемствы. У пачатку лета 2011 года першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў, што праекты дакументаў па стварэнні холдынгу з удзелам КамАЗа і МАЗа плануецца падрыхтаваць да канца года. Аднак неўзабаве кіраўнік «Растэхналогій» заявіў, што перамовы зацягваюцца па палітычных прычынах.

Першапачаткова бакі разглядалі абмен акцыямі КамАЗа і МАЗа ў рамках аб’яднання дзвюх кампаній, але беларускія ўлады адмовіліся ад гэтага варыянту. Затым было прапанавана стварыць СП, у якой будуць унесены 49,9% акцый КамАЗа і 49,9% акцый МАЗа, а таксама шэрагу прадпрыемстваў, якія вырабляюць аўтакамплектуючыя як у Расіі, так і ў Беларусі. Кіраўнік «Растэхнологій» Сяргей Чэмезаў адзначаў, што пакет акцый КамАЗа аб’ектыўна нашмат даражэйшы, чым аналагічны пакет МАЗа. Паводле слоў Чэмезава, пасля правядзення ацэнкі стане зразумела, якія прадпрыемствы ўвойдуць у СП.

На супрацоўніцтва з МАЗам прэтэндуе таксама расійскі машынабудаўнічы холдынг «Рускія машыны», асноўны акцыянер «Групы ГАЗ». Гендырэктар «Рускіх машын» Аляксандр Філатаў заяўляў, што карпарацыя бачыць «сур’ёзную сінергію ад супрацоўніцтва з МАЗам». Так, бакі разглядаюць магчымасці перадачы ў кіраванне «Групе ГАЗ» Мінскага аўтазавода, куплі мінарытарных пакетаў або інвестыцыйных пакетаў.

У жніўні 2011 года прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч заяўляў, што лічыць лепшым варыянт стварэння холдынгу МАЗа з «Растэхналогіямі», а не з «Рускімі машынамі».

2 лютага гэтага года на пасяджэнні калегіі Міністэрства прамысловасці першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заклікаў хутчэй вырашаць пытанне па стварэнні альянсу МАЗа з замежнай кампаніяй.

Сямашка адзначыў, што ўжо год як ідуць перамовы паміж МАЗам і КамАЗам аб стварэнні холдынгу. «Праект няпросты, цяжка прымаць рашэнні, але трэба прыплываць да нейкага берага», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, МАЗу складана будзе надалей працаваць на знешнім рынку ў адзіночку. МАЗ вырабляе ў год каля 25 тыс. аўтамабіляў. Але такі аб’ём не робіць яго гульцом на знешнім рынку, лічыць Сямашка.

Прыкладам буйных беларускіх прамысловых гульцоў на сусветным рынку можна лічыць «Беларуськалій», БелАЗ, МТЗ. «Але МАЗ пакуль не дацягвае па аб’ёмах, таму і трэба шукаць альянс, — лічыць першы віцэ-прэм’ер. — Разумею апасенні пры прыняцці такога рашэння. Калі трэба, давайце абмяркоўваць гэтае пытанне ва ўрадзе, усе плюсы і мінусы. Калі будзе больш плюсаў, то трэба ісці на гэта, але без мінусаў таксама нічога не бывае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?