Цікава, што аднадушнасці на ім не было.

Пра будучы саюз як адназначны пазітыў гаварылі Антон Кудасаў, намеснік міністра эканомікі, і Юрый Шаўцоў — палітолаг, які апошнім часам займаўся пераважна піярам рэжымаў Мінска і Масквы
і дыскрэдытацыяй апазіцыі. Як найчасцей у афіцыйных СМІ, круглы стол пададзены ў сухой манеры. І тым не менш,
два іх суразмоўцы выразна ім апаніравалі. Гэта прафесар эканомікі з Акадэміі навук Аляксандр Лучанок і прафесар гісторыі з БДУ Вячаслаў Мянькоўскі.

Напрыклад, Шаўцоў безапеляцыйна заявіў, што «перад нашай краінай» цывілізацыйны выбар не стаіць», бо «ў выступах прэзідэнтаў Беларусі і Расіі гучала думка, што Еўразійскі саюз не мысліцца як нешта супрацьстаячае Еўрапейскаму саюзу». Мянькоўскі жа звярнуў увагу на словы Пуціна, што «Захад сыходзіць у мінулае» і на тое, што слова імперыя ў вуснах расійскіх палітыкаў перастала страчваць негатыўны сэнс.

Па-рознаму Шаўцоў і Мянькоўскі бачаць і выклікі, якія стаяць перад нашай сістэмай адукацыі.
Юрый Шаўцоў: Мне здаецца, што самая галоўная нашая канкурэнтная перавага — існаванне моцнай дзяржавы.
Якая вось ужо 20 гадоў арыентуецца на падтрымку буйной прамысловасці.
На тэрыторыі Расіі няма ніводнага рэгіёна з такімі характарыстыкамі, якія ў нас.
Каб 10 мільёнаў чалавек насельніцтва тэрыторыі з індустрыяльным ядром былі кіраванымі і нацэленымі на актыўную замежнаэканамічную экспансію. Моцная дзяржава дазваляе нашым прадпрыемствам быць параўнаўча абароненымі перад націскам расійскіх алігархічных груп.
Яшчэ адной такой перавагай я бачу якасць нашай сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі кадраў, якасць нашай сістэмы адукацыі ў цэлым.

Сутнасць у тым, што трэба паступова ссоўваць цэнтр цяжару ад энерга- і матэрыялаёмістай прадукцыі да навукаёмістай. У нас ёсць патэнцыйны лішак кваліфікаваных кадраў, ёсць дастаткова высокі ўзровень адукацыі, вытворчай культуры, чаму гэта не выкарыстоўваць з карысцю? Выдаткаў у параўнанні з развіццём нейкага напрамку прамысловай вытворчасці у сотні і тысячы разоў меней.

Вячаслаў Мянькоўскі: На жаль, высокая ацэнка канкурэнтаздольнасці нашай сістэмы адукацыі, як мне здаецца, гледзячы знутры яе, крыху перабольшаная.
І я б не наважыўся зрабіць такія аптымістычныя высновы, як вы, Юрый Вячаслававіч. Мы губляем прывабнасць.
Маладыя аспіранты і маладыя навукоўцы не жадаюць заставацца ў нашым асяродку. Зразумела, што на першым месцы сярод прычынаў — нізкі ўзровень заробкаў. Але сутнасць не ў гэтым. Навуковае асяроддзе, адукацыйнае асяроддзе заўсёды выйгравала ў вачох маладых найперш тым, што яно было больш свабоднай часткай грамадства.
Мы пачынаем пагружацца ў бюракратычнае балота. Цяперашняя ВНУ — гэта часцяком не столькі адукацыйная ўстанова, колькі ўстанова бюракратычная.
Ю.Шаўцоў: Мне здаецца, што гэта вось нашая рыса ўвесь час і на ўсё скардзіцца ўжо пачала перахлёстваць праз край.
Я ўжо досыць даўно працую ў Цэнтральнай Азіі, з Казахстанам. Так, безумоўна, у іх ёсць прыклады проста цудоўных прарываў у справе падрыхтоўцы кадраў. Яны накіроўвалі сваіх студэнтаў вучыцца ў Гарвард, Оксфард, Сарбону.

А ў цэлым яны сваю сістэму адукацыя, якая была ў іх у савецкія часы, згубілі. У нас жа захавалася ўся сістэма адукацыі. У комплексе. Ад школы да падрыхтоўкі рабочых кадраў, спецыялістаў сярэдняга звяна. Гэтага ў іх няма.

В.Мянькоўскі: А чаму вы параўноўваеце нас з Казахстанам, з краінамі Цэнтральнай Азіі? Вы лепш параўнайце з краінамі Еўрасаюза, ЗША.
Каб было відаць, да чаго імкнуцца. А не супакойвацца ад таго, што ў Цэнтральнай Азіі сістэма адукацыі горшая.

Як бачым, у Беларусі існуюць розныя бачанні стану і перспектываў краіны. Больш за тое, унутры дзяржаўнай сістэмы нарастае разуменне, што для развіцця патрэбна свабода індывіда, разнявольванне яго творчага патэнцыялу. Такія людзі, як Шаўцоў, пакуль тое адмаўляюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?