Паводле звестак апошняга перапісу насельніцтва, які прайшоў у 2010 годзе, у Расійскай Федэрацыі жывуць 512 тысяч беларусаў. Пра гэта паведаміў кіраўнік федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі», давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты РФ Уладзіміра Пуціна, пісьменнік Валерый Казакоў.

За дзесяць гадоў дагэтуль, дадаў ён, беларусаў было ў Расіі 832 тысячы, а дваццаць гадоў таму — 1,2 мільёна.
«Калі так і далей пойдзе, беларуская самаідэнтыфікацыя ў Расіі знікне, — канстатаваў ён. — І гэта не толькі праблема беларусаў, якія жывуць у Расіі, але і праблема беларускіх уладаў. Каб адчуваць сябе больш-менш камфортна, выхадцы з Беларусі перастаюць ідэнтыфікаваць сябе як беларусы і становяцца этнасам».

На думку Казакова, у Беларусі павінна быць дзяржаўная праграма падтрымкі дыяспары, павінны быць дзяржінстытуты, чыя дзейнасць была б на гэта скіраваная. «Дзякуй Богу, урад Беларусі пачынае сёлета будаўніцтва „Беларускага дома“ ў Маскве, — паведаміў кіраўнік нацыянальна-культурнай аўтаноміі, — з яго будаўніцтвам мы ўжо спазніліся на дваццаць гадоў. Пры такім падыходзе праз дзесяць гадоў, я баюся, у Расіі застануцца 300 тысяч беларусаў».

Паводле слоў Казакова,

арганізацыі беларускай дыяспары працуюць на самадзейным узроўні.
Ён упэўнены, што беларуская дзяржава павінна праяўляць увагу да сваіх суайчыннікаў: «Дапамагаць так, як немцы, ізраільцяне, палякі дапамагаюць сваім. Прычым гэта не толькі фінансавая (хаця і гэта неабходна), але і этнакультурная дапамога, тым больш што ў Расіі існуюць законы, якія даюць магчымасці для такой працы».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?