Праграма святкавання 50‑годдзя падпісання Рымскай дамовы, якая паклала пачатак стварэнню Еўразвяза, была прадстаўленая ў Міністэрстве замежных спраў Бельгіі ў Брусэлі. Афіцыйныя святы з удзелам кіраўнікоў дзяржаў краін ЕЗ адбудуцца 25 сакавіка 2007 года ў Берліне, сталіцы Нямеччыны, якая старшынствуе цяпер у Еўразвязе, аднак паралельныя святы будуць таксама арганізаваныя ў Рыме, дзе была падпісаная дамова аб Еўрапейскіх супольнасцях, і ў Брусэлі, дзе знаходзяцца асноўныя інстытуты і ўстановы ЕЗ. Як заявілі прэс‑цэнтру Хартыі’97 у штабе Аляксандра Мілінкевіча, распрацоўваецца магчымасць прамога тэлемосту паміж Менскам і Берлінам 25 сакавіка з удзелам лідэраў еўрапейскіх краін і беларускіх палітыкаў.

У Брусэлі святы адбудуцца за дзень да берлінскіх – 24 сакавіка. У гэты дзень на паўночным захадзе горада каля выставачнага комплексу Эйзэль на эспланадзе перад знакамітым будынкам Атоміум адбудзецца трохгадзінны музычны канцэрт з удзелам вядомых еўрапейскіх «зорак» поп‑ і рок‑музыкі.

Месца правядзення канцэрту было абранае не выпадкова: брусэльскі Атоміум, 102‑метровы сталёвы будынак, вагай 2400 тон, у форме малекулы жалеза, павялічанай у 165 мільярдаў разоў, з’яўляецца, мабыць, самым вядомым сімвалам Бельгіі. Ён быў пабудаваны ў 1958 годзе да Сусветнай выставы ў Брусэлі, праз год пасля падпісання Рымскай дамовы.

Паводле інфармацыі арганізатараў мерапрыемства, ужо пацвердзілі свой удзел у канцэрце такія музыкі як Хельмут Лоці (Бельгія), Калажэра (Францыя), Зукера (Італія), Хуліа Іглесіяс (Іспанія), а таксама музычныя групы «Сімплі Рэд» (Вялікабрытанія), «Скорпіенз» (Нямеччына) і пераможца конкурсу «Еўрабачанне–2006» фінская рок‑група «Лордзі».

У той самы дзень у бельгійскай сталіцы адбудзецца канцэрт класічнай музыкі ў найбуйнейшай канцэртнай зале Пале дэ Базар, а таксама сімпозіум у Каралеўскім палацы на тэму «Значэнне еўрапейскай інтэграцыі», у якім возьмуць удзел вышэйшыя службоўцы ЕЗ і еўрапейскія палітыкі, у тым ліку, кароль бельгійцаў Альберт Другі, кіраўнік Еўрапарламента Ганс‑Герт Потэрынг і прэзідэнт Латвіі Вайра Віке‑Фрейберга.

Праграма бельгійскага святкавання 50‑годдзя Еўразвяза разлічаная на некалькі месяцаў, у яе ўвайшлі шмат іншых культурных і грамадскіх мерапрыемстваў, у прыватнасці, выставы «Брусэль – сталіца Еўропы», «Леанарда да Вінчы, еўрапейскі геній», музыкальны фэст «Джаз у Еўропе», фэст еўрапейскіх цыркаў, кніжны салон і іншыя. Еўрапейскай тэматыцы будзе прысвечаны і чарговы буйнейшы ў Еўропе культурны фэст «Еўрапалія», які пачнецца ў Брусэлі 7 кастрычніка 2007 года і пройдзе пад дэвізам «Еўрапалія –Еўропа».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?