Артэфакт часоў заходнепалескага аўтанамісцкага руху пачатку 90-х.

Артэфакт часоў заходнепалескага аўтанамісцкага руху пачатку 90-х.

Гістарычны герб ваяводстваў на тэрыторыі Палесся (сучасная рэканструкцыя, паводле Вікіпедыі).

Гістарычны герб ваяводстваў на тэрыторыі Палесся (сучасная рэканструкцыя, паводле Вікіпедыі).

(Заканчэнне. Пачатак у артыкулах «Думкі пра аўтаномію Палесся: дзе мяжа паміж беларусамі і ўкраінцамі?" і «Думкі пра аўтаномію Палесся-2: чаму палешукі не зрабіліся нацыяй?«)

Дыскутуючы пра гістарычную прыналежнасць Берасцейшчыны неабходна адзначыць, што з сярэдніх вякоў

Заходняе Палессе большую частку гістарычнага шляху прайшла разам з Беларуссю, а не з Украінаю.
Берасцейшчына была часткай Вялікага княства Літоўскага і не была часткай Кароны, як сённяшняя Ўкраіна.
Мясцовым гербам спрадвеку была мясцовая версія «Пагоні» — гэтаксама, як і ў іншых беларускіх зямель — вайводзстваў Вялікага княства Літоўскага.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Берасцейшчына разам з Беларуссю апынулася ў складзе Расіі. За адзінкавымі выключэннямі тагачасная мясцовая эліта, як і эліта астатняй Беларусі, жыла і бачыла сябе пераважна ў літоўска-польскім культурным і палітычным кантэксце, а не ў, так бы мовіць, руска-казацкім (згадайма палешчукоў Тадэвуша Касцюшку, Напалеона Орду ці Рамана Скірмунта).

Палешчукі традыцыйна былі падданымі аднаго дзяржаўнага ўтварэньня з астатнімі беларусамі, і сёньня яны (мы) такая ж складовая частка беларускай палітычнай нацыі, як і польскакультурныя гарадзенскія літвіны, якія ідэнтыфікуюць сябе ў якасьці беларускіх палякаў.

Берасцейцы занялі заўважнае месца сярод беларускай культурнай і палітычнай эліты — прычым у тым ліку сярод беларускамоўных нацыянальных дзеячаў, ад Васіля Сёмухі да дынастыі Вячорак.

У канцы 80-х у Беларусі з’явіўся рух палескіх аўтанамістаў пад кіраўніцтвам прадпрымальніка Міколы Шэляговіча. Рух выдаваў газету «Збудінне», праводзіў культурніцкія імпрэзы і пазіцыянаваў палешчукоў як ці то яшчэ адзін славянскі, ці то яшчэ адзін балцкі народ.

Пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады палескі рух раптоўна і бесслядоўна знік, а Шэляговіч з’ехаў у Расію. Канспіралагічная фантазія можа паставіць той палескі сепаратызм у адзін шэраг з паўсталымі на руінах СССР сепаратызмамі ў Прыднястроўі, Крыме, Закарпацці, Абхазіі з Паўднёвай Асетыяй ды Карабаху. Тыя сепаратызмы аслаблялі адпаведныя постсавецкія краіны і дапамагалі на месцах умацаванню ўплыва Расіі — патрэба чаго ў Беларусі знікла з прыходам Лукашэнкі да ўлады.

Фантазія фантазіяй, але гэта не касуе факту

аб’ектыўнай наяўнасці «палескага пытання» і патрэбы самавызначэння палешчукоў, больш арганізаванай падтрымкі мясцовых дыялектаў і традыцый.

Калі б перад беларускай грамадзянскай супольнасцю не стаялі куды больш вострыя пытанні, можна было б гаварыць пра патрэбу гуртавання і самаарганізацыі палескай меншасці, пра яе 

самаасэнсаванне ў якасці, хутчэй за ўсё, ўкраінскамоўных беларусаў — па аналогіі з галандскамоўнымі фламандцамі ў Бельгіі ці франкамоўнымі квебекцамі ў Канадзе.

Тое ж самае варта сказаць і пра актыўнасць іншых традыцыйных этнічных меншасцяў Беларусі — татараў, габрэяў і палякаў, з якіх толькі апошнія, маючы за сваёй спіной падтрымку польскай дзяржавы, праяўляюць дастатковую актыўнасць.

Тое ж самае можна казаць і проста пра беларускія рэгіянальныя супольнасці — і тут не магу не прывесці выдатны прыклад рэгіяналізма Наваградчыны, які прасоўвае гісторык Кірыла Карлюк у сваім блогу: http://datcanin.livejournal.com/ , альбо дзейнасць у гэтым кірунку гісторыка і кулінара Алеся Белага.

Прыкра, што на фоне перамагаючай урбанізацыі і русіфікацыі гаварыць пра культурную адметнасць Палесся (як і іншых рэгіёнаў) можна з умоўнасцю, якая расце з кожным годам. UNESCO ўнесла палескую мову ў спіс «слабых» (vulnerable), разам з беларускаю.

Літаратурная беларушчына, не гледзячы на акупанцкую палітыку ўлады ў дачыненні да яе, мае шэраг агульнанацыянальных СМІ, мае якасных беларускамоўных музыкаў, мае моцную гарадскую беларускамоўную субкультуру. Палешчукі нічога гэтага не маюць. Было б добра, калі б мелі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?