Адзін з самых вядомых еўрапейскіх дзіцячых паэтаў Ульф Старк прэзентаваў сваю кнігу «Дыктатар», перакладзеную на беларускую мову ў галерэі «Ў». Гэта гісторыя пра маленькім хлопчыка, які ўпэўнены, што свет круціцца вакол яго.
Аўтра "Дыктатара" Ульф Старк.
Усе фотаздымкі глядзіце ТУТ.
Ілюстратарам праекта стала вядомая фінская афарміцель Лінда Вендстэм, а беларускую версію кнігі стварылі перакладчыцы Насця Лабада і Вольга Рымзакава.
Даступная кніга і ў электронным варыянце. Яна выйшла ў выдавецтве Bybooks і даступная для запампоўкі на сайце выдавецтва www.bybooks.eu.
На беларускую прэзентацыю кнігі прыйшло больш дарослых, чым дзяцей, — адзначыў мадэратар прэзентацыі, паэт Андрэй Хадановіч.
Па словах аўтара, гэта характэрна для яго сустрэч з чытачамі.
— Я не лічу, што існуе такая вялікая розніца паміж дзецьмі і дарослымі. Дарослыя — гэта дзеці, якія прыкідваюцца дарослымі, — кажа сам Ульф Старк.
Паэту спадабалася мінская публіка.
— Выдатная публіка. Усе выглядаюць цалкам задаволенымі, і нават чытаюць маю кнігу, — пажартаваў аўтар. — Калі я ўзяў дарослую назву для дзіцячай кніжкі, якая зусім не пра палітыку, а пра свет хлопчыка, я разыграў публіку. Кніжка на самой справе дзіцячая.
Ульф Старк прызнаўся, што ў дзяцінстве яго любімым фільмам быў «Дыктатар», у якім Чарлі Чаплін грае Адольфа Гітлера.
— Гэта фільм, у якім добра злучаецца і гумар і сур’ёзнасць, — дзеліцца паэт. — На мой погляд, добрая дзіцячая кніга павінна быць такой жа. Калі дарослы чытае дзіцячую кнігу, і яна яму не падабаецца — гэта дрэнная кніга.
Па словах Ульфа Старка прататыпам «дыктатара» стаў яго старэйшы брат.
— Ён, напрыклад, вырашаў, будзе са мной сварыцца ці не, — успамінае пісьменнік. — Па-шведску дыктатар і паэт гучаць вельмі падобна. Таму, калі я пісаў кнігу, то сам вырашаў, што ў ёй будзе. У нейкім сэнсе я і сам дыктатар.
Пасля афіцыйнай прэзентацыі бард Віктар Шалкевіч прэзентаваў беларускі тэкст кнігі ва ўласцівай яму артыстычнай манеры. Прэзентацыю суправаджаў паказ электроннай версіі «Дыктатара».
У канцы афіцыйнай часткі ўсе жадаючыя змаглі набыць кнігу, пагутарыць з аўтарам і ўзяць у яго аўтограф.