Упершыню з часоў вялікіх канцэртаў “Крамбамбулі” ў Менску прайшло сапраўднае канцэртнае шоў з рок-балетам, відэашэрагам, яскравымі вядучымі і фэерыяй гуртоў — адроджаная “Рок-каранацыя”.

За пяць хвілінаў да пачатку канцэрту ў фае “Казы” можна было бачыць арганізатара “Каранацыі” Юр’я Цыбіна. Яго бледнасьць і адстароненасьць былі цалкам вытлумачальныя. Напярэдадні па БТ і АНТ паказалі чарговую сэрыю “Духоўнай вайны” Юр’я Азаронка, прысьвечаную рок-музыцы наагул і рок-каранацыі ў прыватнасьці. “N.R.M.”, “Краму”, “Нейра Дзюбэль”, “Індыга” вінавацілі ў “прадажнасьці”, у якасьці доказу прыводзячы цытату зь песьні Лявона Вольскага “Маё пакаленьне”: “Набыць бы даляры, прадаць бы рублі...” Большага перакручваньня сэнсу геніяльнага тэксту цяжка сабе ўявіць, таму да камэнтароў наконт гэтага ніхто з удзельнікаў каранацыі не апусьціўся.

Яшчэ арганізатарам спэцыяльна званілі з гарвыканкаму і “раілі” не пускаць на сцэну “Краму”, “Нэйра Дзюбель”, ня дай божа “Зэт” — і далей па сьпісе забароненых. Але ж усе яны на хвалі нацыянальнай салідарнасьці атрымалі рок-кароны. Таму большасьць “забароненых” на канцэрце сыгралі.

Замест “Крамы” іграў гурт “Ігар Варашкевіч і кампанія”. Нязьменны вакаліст стаяў у сцэнічным дыме як помнік самому сабе. Песьню “Бяжы, хлопец” рознаўзроставая публіка сьпявала хорам.

“Нэйра Дзюбель” пазнаваўся пад мяном “ВІП” (“Выпіць І Паплакаць”). Хоць наконт “паплакаць” ўзьнікалі сумневы: Кулінковіч хваляваўся і прамяніўся шчырай радасьцю за тое, што ягоны першы ў жыцьці беларускамоўны альбом прызнаны найлепшым у 2005 годзе.

Толькі “Зэт” “быў на гастролях у Паўднёвай Карэі”.

Маскоўскі журналіст Віктар Дзятліковіч, уганараваны за кніжку “Іх мроя, іх N.R.M.”, ад радасьці ў антракце выпіў віно проста з кароны.

Гомельскі гурт “ТТ-34” выпрабаваў карону іначай — ад хваляваньня музыкі ўпусьцілі трафэй на сцэне. Не пабілася. Купляйце прадукцыю шклозаводу “Нёман”.

Дэбютантаў году – “Таварышу Маўзэру” з Магілёву віншаваў пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які падарыў групе “поўны баекамплект” – пакунак сваіх кніг “Адкуль наш род”. Капэрту з імем намінанта вынес з-за кулісаў у зубах сыты ратвэйлер у суправаджэньні двухмэтровае (на абцасах) фотамадэлькі.

На каранацыі было многа новага: упершыню былі прадстаўленыя ўсе абласныя гарады. Магілёўскія “Глюкі” бралі крыкам. Гарадзенская “Айша” прыгаломшыла магутным вакалам. Віцебскі “Восьмы дзень” выпрабаваў слухацкае пачуцьце такту. Гомельскі “Al narrator orchestra” першым гукам вуснавага гармоніка сарваў захапленьне залі. Берасьцейская “Сьцяна” многа страціла без дадатковай вакалісткі. Музыкаў наваполацкага “Фляўс і Кляйн” цяпер можна назваць найлепшымі блазнамі беларускай рок-сцэны. З гэтай нагоды відавочна сумаваў Віталік Артыст з гурту “Безь білета”.

Прыз глядацкіх сымпатыяў разыгрываўся між рэгіянальных камандаў з дапамогай шумамеру: за каго публіка мацней закрычыць і запляскае. Калі б такім самым чынам выбіралі рок-караля, у горадзе па-ранейшаму валадарыў бы “N.R.M.” Яго флюіды адчуваліся ўсе чатыры гадзіны канцэрту. Заля выбухала вульканічнай авацыяй пры найменшым намёку — ці гэта кадры кінахронікі зь мінулых каранацыяў, ці гэта пазнавальныя гітарныя “запілы” з энэрэмаўскіх гітоў, якімі пасьля антракту пачаў свой выступ Піт Паўлаў. Ён першы са сцэны зьвярнуў увагу на прысутнасьць у залі Аляксандра Мілінкевіча: “Я ня мусіў гэтага казаць... Але цяпер у залі прысутнічае адзіны кандыдат”. Заля адказала авацыяй, людзі паўскоквалі зь месцаў. Цягам усяго антракту Мілінкевіч раздаваў аўтографы ў фае і фатаграфаваўся з усімі ахвотнымі. Нават працяг канцэрту крыху затрымаў. Сілы правапарадку паводзіліся карэктна. Праўда, на сцэну — уручыць кветкі Лявону Вольскаму і Русі з “Індыга” — Мілінкевіча не пусьцілі. Не бяды. Руся, каб атрымаць букет, укленчыла.

Новымі былі й вядоўцы. Парачку Вечараў замянілі бацька наваполацкага року Сяргей Анішчанка і вядучая зь Першага музычнага каналу Кацярына Пытлева. Дуэт джэнтльмэна з высакароднай сівінкай і маленькай лэдзі з сталёвым голасам мае шанцы стаць зорным — як толькі прытрэцца. А пакуль некаторым выступоўцам адчувальна не хапала “падлівы”. Зусім не падрыхтавалі вядучыя залю да выступу вакальнага фольк-гурту “Гуда”. Хоць даўнія крывіцкія строі зрабілі ўражаньне. Дзіўнай данінай фольку глядзелася “Альтанка” з калядкамі пад балалайку.

Аднак публіка была шчодрая на авацыі. Сарваў іх нават генэральны спонсар зь піваварнай кампаніі “Сябар”, які распрануўся на сцэне, аддаючы “апошнюю кашулю” дырэктару клюбу “Графіці”. У першы свой выхад на сцэну дзядзька гаварыў па-расейску, у другую пераключаўся на беларускую. Спрабаваў, зь меншым вынікам, і лідэр гурту “Куклы”. Прызёрамі яны ня сталі, але сыгралі чамусьці аж дзьве песьні. Зьдзівіла арганічнай беларускай мовай шматстаночніца Тамара Лісіцкая, што абвяшчала вынікі конкурсу відэакліпаў.

А галоўная інтрыга “Рок-каранацыі” чакала пры самым канцы. Вялікая карона так і засталася без гаспадара. Гурт “J_Mors”, які мусіў яе атрымаць, нечакана пакінуў закулісьсе перад уручэньнем. Як паведамілі музыкі ў распаўсюджаным назаўтра прэс-рэлізе, яны зьехалі ў знак пратэсту супраць палітызацыі мерапрыемства, якая выявілася ў прыходзе Мілінкевіча і “агітацыі са сцэны за аднаго з кандыдатаў”.

Учынак “Морсаў” выклікаў хвалю зьедлівых камэнтароў у прэсе і Інтэрнэце. Словы рэдактара “Музыкальной газеты” Алега Клімава: “Хлопцы проста, груба кажучы, наклалі ў порткі. А потым на гэтым вырашылі зрабіць піяр” — яшчэ ня самыя жорсткія. Ня любіць публіка тых, хто ні за сіх ні за тых.

Пераможцы “Рок-каранацыі-2005”

Прыз глядацкіх сымпатый

Фляўс і Кляйн

Альтэрнатыўны гурт году

ТТ-34

Блюз-рок выканаўца

Крама

Фольк-выканаўца

Іван Кірчук

Праект году

Прэм’ер Тузін

Выканаўца году

Лявон Вольскі

Сьпявачка году (Рок-князёўна)

Руся (Indiga)

Дэбют году

Таварыш Маўзэр

Кліп году

Турысты (Крамбамбуля)

Песьня году

Белакрылы анёл (ZET)

Альбом году

Таnki (Neuro Dubel)

Група году

J-Mors

Спэцпрызы:

За адданасьць рок-ідэалам – клюб “Графіці”

За найлепшую публікацыю пра рок-музыку – Віктар Дзятліковіч. “Іх Мроя. Іх N.R.M.”

Фэстываль году – “Рок-Кола”, Полацак

J_Морс між двух агнёў

Пасьля адмовы “J_Морсаў” удзельнічаць у сумніўных агітацыйных канцэртах “За Беларусь” групу быццам бы ўключылі ў сьпіс забароненых для канцэртаваньня. Матэрыял пра гэта зьявіўся на сайце “Тузін Гітоў”, але пратрымаўся толькі каля 20 хвілінаў: журналісты вымушаныя былі пайсьці насустрач пажаданьням мэнэджмэнту гурту “не ўздымаць гэтай тэмы”. Музыкі баяліся, што розгалас можа прывесьці да забароны і на ратацыю на радыёстанцыях.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?