за непрапарцыйнае выкарыстанне сілы супраць пратэстоўцаў на вуліцах, жорсткіх арыштаў больш чым сямісот чалавек, самавольнага пазбаўлення волі сямі кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах, і асуджэння некаторых з іх на працяглы турэмны тэрмін», — паведаміла 17 лютага французскі палітолаг, супрацоўнік Фінскага інстытута міжнародных адносін Анаіс Марын.

ЕС уводзіць санкцыі ў дачыненні да рэжыму за рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі, незалежных СМІ і праваабаронцаў — што само па сабе з’яўляецца парушэннем міжнародных пагадненняў, заключаных Беларуссю, сцвярджае эксперт.

Санкцыі, на думку палітолага, не накіраваныя на дыскрэдытацыю Аляксандра Лукашэнкі, яны пераследуюць толькі адну прынцыповую мэту — паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі,
што азначае ў першую чаргу безумоўнае вызваленне і поўную рэабілітацыю ўсіх палітвязняў. «Такім чынам, можна сказаць, што санкцыі не змаглі дасягнуць сваёй мэты: дзясяткі палітвязняў падвяргаюцца бесчалавечнаму абыходжанню ў турме», — заўважыла Анаіс Марын.

Адсюль, паводле яе словаў, і дэбаты адносна санкцый у Брусэлі, а таксама сярод беларускай апазіцыі, справакаваныя спрэчным выказваннем кіраўніка Офіса за дэмакратычную Беларусь (Брусэль) Вольгі Стужынскай на карысць паслаблення санкцый, якое ўжо падтрымалі паважаныя інтэлектуалы накшталт Аляксея Пікуліка (эксперта Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў). Гэтая ідэя падзяліла палітолагаў на два лагеры.

На думку аналітыка, у адным лагеры знаходзяцца тыя, хто лічыць, што санкцыі трэба змякчыць (прынамсі, фармальна — напрыклад, выкрасліць некаторыя імёны з чорнага спісу на візу), каб нанова пачаць дыялог з Мінскам. Яны спадзяюцца, сцвярджае палітолаг, што камунікацыя, эканамічнае супрацоўніцтва і перспектыва доўгачаканай «нармалізацыі» двухбаковых адносінаў падштурхнуць рэжым Лукашэнкі да добраахвотных крокаў да дэмакратызацыі. «Але я лічу, што гэта абсалютна няправільна, дарэмна і амаральна: дыктатуры не дэмакратызуюцца, яны мімікруюць, каб падоўжыць сваё існаванне», — заявіў эксперт.

«Аргументы на карысць таго, што санкцыі вернуць Беларусь у арбіту Расіі, я таксама не лічу пераканаўчымі: хіба рэжым калі-небудзь пакідаў расійскую сферу ўплыву?
І наколькі праеўрапейскай будзе Беларусь пасля Лукашэнкі? Гэта застаецца адкрытым пытаннем. Я думаю, што, акрамя Польшчы, у ЕС няма ніводнай краіны, якая сур’ёзна разглядала б магчымасць уваходжання Беларусі ў ЕС у агляднай будучыні», — паведаміла Анаіс Марын. Інтарэсы ЕС, па яе словах, не накіраваныя ні на далейшае пашырэнне (у адваротным выпадку Малдова і Украіна ўжо былі б афіцыйна прызнаныя кандыдатамі на ўступленне), ні на максімальны разрыў паміж Беларуссю і Расіяй. «Я думаю, што большасць лідараў краін ЕС, свядома ці не, згодныя з ідэяй, што Беларусь застанецца буферам паміж ЕС і Расіяй, і сярод гэтых лідараў некаторыя дапускаюць ідэю (да гэтага часу не выказаную, і, на маю думку, здольную выклікаць ганьбаванне), што
Крамлю можна дазволіць „разабрацца з праблемай Лукашэнкі“ ў той час і тым спосабам, якія Расія палічыць прымальным»,
заўважыла эксперт. Адзіным абмежаваннем з’яўляецца патрабаванне ЕС аб нязменнасці статусу Беларусі як суверэннай дзяржавы. «Еўрасаюз не можа дазволіць ёй быць паглынутай Расіяй, бо гэта створыць вельмі небяспечны прэцэдэнт для стабільнасці ўсяго кантынента. Што да гэтай перспектывы, я лічу, што далейшая эканамічная і ваенная інтэграцыя Беларусі ва ўзначаленыя Расіяй еўразійскія праекты вельмі паменшыць шанцы грамадзян Беларусі калі-небудзь жыць па агульных законах дэмакратыі і законнасці, адначасова яшчэ мацней аддаляючы шанцы на мадэрнізацыю беларускай эканомікі. Такім чынам, я падтрымліваю ідэю ўзмацнення сувязяў ЕС, гандлёвых у тым ліку, са сваімі ўсходнімі суседзямі, у тым ліку Беларуссю, хоць працягнуць руку Беларусі як краіне, не працягваючы яе пры гэтым беларускім лідарам, запатрабуе ад Брусэля палітычнай магіі», — лічыць палітолаг. Вяртаючыся да цяперашніх дэбатаў, кажа Анаіс Марын, у іншым лагеры мы знаходзім экспертаў, якія прызнаюць, што санкцыі не былі эфектыўнымі. «Я належу да тых, хто прызнае, што ЕС павінен сур’ёзна абдумаць новыя шляхі павышэння эфектыўнасці сваёй дыпламатыі прымусу. Гэта, я веру, патрабуе ўзмацнення рэпрэсіўнай сілы санкцый — праз выкарыстанне эканамічнага байкоту, напрыклад. Іншымі словамі, я сцвярджаю, што частка адказнасці за правал санкцый супраць Беларусі ляжыць на самім Еўрасаюзе, і асабліва на некаторых яго сябрах, якія адмаўляюцца прызнаваць прэваляванне агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў, дэмакратыі і прынцыпу салідарнасці ЕС над уласнымі нацыянальнымі інтарэсамі. Ні адны калектыўныя санкцыі не дасягнуць мэты, калі людзі з „клану“ Лукашэнка будуць упэўненыя, што яны змогуць звярнуцца да надзейных сяброў у Вільні, Берліне, Парыжы, Вене ці Рыме для падтрымання „звычайнага бізнэсу“, усё роўна, датычыць гэта выгадных кантрактаў або высокаўзроўневай дыпламатычнай кааперацыі», — мяркуе палітолаг. Анаіс Марын звярнулася да прыкладу: «Узяць хоць бы нядаўні візіт беларускага міністра ўнутраных справаў Анатоля Куляшова ў Ліён на сустрэчу Інтэрпола — хоць ён унесены ў спіс асобаў, якія не маюць права на візу ЕС (што лагічна, бо ён паліцыянт № 1 у Беларусі). Францыяй Куляшову была выдадзена віза па запыце Інтэрпола. Арганізацыя «Free Belarus Now!», якая прадстаўляе сем’і палітвязняў, звярнулася са скаргай да Парыжскага трыбуналу, патрабуючы прыцягнення Куляшова да адказнасці за адвольныя арышты грамадзян і катаванні, учыненыя яго падначаленымі, пра што ў мінулым годзе паведамлялі некаторыя палітвязні ў Камітэт ААН супраць катаванняў. Тым не менш, Куляшоў шчасліва вярнуўся ў Мінск.
Калі ў «краіне грамадзянскіх правоў», Францыі, міжнароднае паліцэйскае супрацоўніцтва з паліцэйскім рэжымам значыць больш, чым магчымасць французскай паліцыі арыштоўваць людзей, якія ўчыняюць злачынствы, у адпаведнасці з французскім (і міжнародным) заканадаўствам, тады палітыка санкцый Захаду наўрад ці зможа ўразіць Лукашэнку і яго паслядоўнікаў.
Гэта не адзінкавы выпадак — у 2011 годзе Італія і Літва таксама далі візы беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца ў «чорным спісе».

У заключэнне Анаіс Марын паведаміла, што лічыць санкцыі ЕС непрадуктыўнымі і мяркуе, што яны

павінныя быць ўзмоцнены шляхам уключэння новых імёнаў у спісы асобаў, якія не маюць права на візу, а таксама ў спісы блакавання грашовых сродкаў.
«Гэта паказвае на яшчэ адну вобласць, дзе ЕС можа ўзмацніць санкцыі: прымушаючы іншыя еўрапейскія ўрады (краін-кандыдатаў ЕС, сябраў ЕАСГ і, магчыма, „усходніх партнёраў“) таксама прытрымлівацца палітыкі санкцый. Калі задачай ЕС ёсць „задушэнне“ рэжыму Лукашэнкі, такая мера неабходная», — падкрэсліла эксперт.

Таксама «абмежавальныя меры» — афіцыйная фармулёўка ЕС, — па словах аналітыка, павінныя ўключаць больш эканамічных санкцый, накіраваных на дзяржаўныя кампаніі.

Да ўсяго іншага, на думку Анаіс Марын, спрэчкі ЕС з нагоды Беларусі не могуць датычыць адных толькі санкцый: «Урад краіны заслугоўвае „пугі“, але таксама павінныя існаваць справядлівыя „пернікі“ для насельніцтва, якое, усведамляе яно гэта ці не, жыве ў сацыяпалітычнай сістэме, што няўхільна рухаецца да свайго краху, бо яна эканамічна нежыццяздольная. Больш за 17 гадоў грамадзянам Беларусі паўтаралі, што яны жывуць у нейкай казачнай краіне пад абаронай „бацькі“. Да беларусаў трэба данесці, што чакае іх у канцы тунэлю, але для гэтага яны павінныя атрымаць доступ да аб’ектыўнай інфармацыі ад незалежных СМІ».

Заходнія дэмакратыі, паведаміла эксперт, павінныя зрабіць гэтую інфармацыю даступнай для сярэдняга грамадзяніна Беларусі,
а таксама ў аднабаковым парадку адмовіцца ад візавых пошлінаў для добрасумленных беларускіх грамадзян, якія хочуць паехаць у ЕС вучыцца і працаваць. «Гэта не толькі пазбавіць грунту палеміку Лукашэнкі, накіраваную супраць ЕС (у адпаведнасці з якой санкцыі ЕС наносяць шкоду грамадзянам Беларусі), але таксама паспрыяе вобразу ЕС як прыхільніка дэмакратыі „знізу“, праз чалавечыя кантакты», — заявіла Анаіс Марын.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?