У выпадку неабходнасці Беларусь можа вельмі жорстка адказаць на санкцыі Еўрасаюза. Такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 20 лютага даверчыя граматы ў паслоў Аргенціны, Ізраіля, КНР, Люксембурга, Нарвегіі, Сан-Марына, Эфіопіі і Японіі, а таксама ў апостальскага нунцыя.

«Калі ў Еўропе нехта думае нас нахіліць нейкімі санкцыямі, папрокамі, патрабаваннямі, то гэта дарога ў нікуды. Гэтыя санкцыі, якімі вы, еўрапейцы, размахваеце перад нашым носам, вы зразумейце — мы пакуль церпім. Але калі толькі вы пераступіце чырвоную лінію, мы адкажам вельмі жорстка»,
 — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

«Мы ў цэнтры Еўропы, 100 мільёнаў тон грузаў перамяшчаюцца з Усходу на Захад цераз нас, прычым у поўнай бяспецы, — падкрэсліў беларускі кіраўнік. — Мы будуем тэрміналы на мяжы, прапускаем вашы грузы туды-назад, арганізуем і бяспеку. Ніводнай скаргі не было за гэтыя гады, пакуль я прэзідэнт.

Што яшчэ трэба еўрапейцам, я не разумею? Вам не падабаецца Лукашэнка і той курс, які ён праводзіць? Але ад гэтага мы не адступім».

Лукашэнка ўпэўнены: «Калі ў Еўропе хтосьці думае пра тое, што нас па-ранейшаму яшчэ можна нахіліць нейкімі санкцыямі, папрокамі, патрабаваннямі — гэта дарога ў нікуды.

Нават калі мы застанемся адны без Расіі, Кітая, без іншых нашых сяброў, паверце, мы будзем насмерць стаяць тут, як калісьці ў 1941–1945-м, абараняючы сваю незалежнасць і суверэнітэт».

На думку кіраўніка дзяржавы, «Беларусь не стварае праблем ні суседзям, ні краінам далёкага замежжа».

«Я не разумею, якія могуць быць да нас прэтэнзіі. Мы разумеем, што сяму-таму не падабаецца тое, што мы тут робім, але нам таксама дзецьмі, магчыма, штосьці не падабаецца.
Але мы вельмі спакойна вытрымліваем пазіцыю, мы ніколі ні на каго не наступаем, не спрабуем кагосьці павучаць.
Кожная дзяржава мае права развівацца так, як яна лічыць патрэбным, ні ў якім разе не ствараючы праблем суседзям і іншым дзяржавам», — сказаў Лукашэнка.

Ён звярнуўся да нарвежскага пасла Ёна Елведала Фрэдрыксена, нагадаўшы, што летась як Беларусь, так і Нарвегія перажылі страшныя трагедыі. «І мы ведаем цану гэтай стабільнасці. Мы хочам любой цаной яе захаваць. Таму што спакой — гэта галоўнае ў жыцці чалавека», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка заклікаў еўрапейцаў: «Паглядзіце ўважліва на нашу краіну і не рабіце паскудстваў у дачыненні да Беларусі».

«Мы ж гэтага не заслужылі. Мы яшчэ даваенны ўзровень насельніцтва не аднавілі. Мы ж паклалі тры мільёны чалавек на алтар нашай агульнай перамогі. І што б было, калі б мы ў свой час не перамаглі?»
 — пацікавіўся ён.

«А сяброў у нас шмат, — дадаў Лукашэнка. — І сёння тарпедаваць нашы адносіны з Еўропай і спрабаваць нас дзесьці прыструніць, пакрыўдзіць, пакараць — бесперспектыўна.

Для нашай краіны, калі шчыра казаць, супрацоўніцтва з Расіяй, Кітаем, Індыяй, Цэнтральнай Азіяй — больш чым дастаткова. Мы забяспечым нармальнае жыццё нашых людзей.
Але мы не хочам быць назолай для еўрапейцаў, таму што тут цэнтр Еўропы».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?