Лібава-роменская чыгунка мінае тут лінію Сталіна,
якая спрадвеку наш родны край на паловы няроўна дзеліць
пад белым крылом старога бусла, якога вельмі аддалена
нагадвае больш рэальны і актуальны жалезны фенікс.

Станцыя «Беларусь», калі на яе глядзець з электрычкі, —
найпрыгажэйшая з бачаных мною сотняў чыгуначных станцый:
так лічыць бадай што кожны з тых, хто ніколі на ёй не выйшаў
і не вырашыў на свой страх тут хаця б на пару гадзін застацца.

І можна нават не ведаць легенды пра Рагвалода з Рагнедай
і словаў «бацька, ты тут не адзін», і іх гістарычнае ролі —
наўрад ці б хтосьці ў дарэчны момант патрапіў прамовіць лепей:
той хлопчык пасля яшчэ шмат чытаў, але болей нічога не здолеў.

Таму сітуацыя і не змянілася. Ад часоў Сьвідрыгайлы
тут непапулярная талерантнасьць і часам што-небудзь паляць —
праўда, цяпер ужо не іерархаў царквы, але заракацца рана:
раптам заўтра ў кагосьці прачнецца яшчэ генетычная памяць.

Аб гэтым сведчыць і рыцарскі фэст, які збірае ў Заслаўі
рэканструктараў сярэднявечнае зброі з былога саўка і Польшчы,
дзе гледачы-каталікі крычаць «мачы праваслаўных!»
а тыя ў адказ далікатна маўчаць, бо насамрэч іх тупа большасьць.

Вось жа, нас не цікавіць ні чорная, ні белая археалогія —
у нас усё роўна нічога няма, акрамя безыменных магілаў:
мы не раскопваем курганоў і не рабуем могільнікаў —
нам з галавою хапае шкілетаў між пылу фамільных архіваў.

Улетку, калі трава на замкавым вале пахне смалою,
калі ў мястэчку гуляюць вяселлі ад ранку да позняга вечара,
і ўсе кавярні Заслаўя ў суботу закрытыя на спецабслугоўванне —
мы збіраемся і сядаем у электрычку на Маладзечна.

Выходзім на станцыі «Беларусь» і рушым старымі маршрутамі,
якія шторазу прыхоўваюць штосьці раней безуважна ўпушчанае —
такія адрозныя і аднолькава па-добраму еб…тыя,
стомленыя вандроўнікі, аматары беларушчыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?