Камісія польскага сейма па сувязях з палякамі замежжа рыхтуе запыты аб дзейнасці беларускіх парламентарыяў на тэрыторыі Польшчы.

«Мы запытаем інфармацыю на гэту тэму ў МЗС і прысвецім гэтаму пасяджэнне камісіі»,

 — паведаміў 22 лютага Польскаму агенцтву друку (ПАП) старшыня камісіі Адам Ліпіньскі.

Ён падкрэсліў, што «з боку польскага МЗС павінна быць адпаведная рэакцыя».

Нагадаем, 21 лютага шэсць членаў камісіі па сувязях з палякамі накіроўваліся ў Гродна для сустрэчы з прадстаўнікамі не прызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў на Беларусі (СПБ). На пагранпераходзе «Брузгі» дэпутатам было адмоўлена ва ўездзе без тлумачэння прычын, нягледзячы на наяўнасць у іх дыпламатычных пашпартоў.

«Некалькім асобам, у тым ліку мне, паставілі штамп „забарона на ўезд“ бестэрміновая», — паведаміў Ліпіньскі.

Намеснік старшыні камісіі па сувязях з палякамі Войцэх Зямняк паведаміў ПАП,

што сустрэча з прадстаўнікамі СПБ 21 лютага ўсё ж адбылася — праўда, на польскай тэрыторыі, у горадзе Сакулка. На ёй гаварылася пра цяжкае становішча беларускіх палякаў і сітуацыю з самім саюзам.
Таксама былі закранутыя пытанні адукацыі і карты паляка ў Беларусі. «Ёсць вялікая цікавасць да карты паляка, але з яе атрыманнем узнікаюць праблемы», — сказаў дэпутат сейма.

Старшыня СПБ Анжаліка Арэхва паведаміла, што ў сустрэчы 21 лютага ўзялі ўдзел сем прадстаўнікоў саюза і польскіх аб’яднанняў, у тым ліку яна сама; у гутарцы ўдзельнічаў і польскі консул у Гродне Анджэй Хадкевіч. Сярод іншага абмяркоўвалася кампанія супраць Польшчы, якая разгарнулася ў беларускіх СМІ, сказала Арэхва.

Паводле яе меркавання, улады Беларусі не зацікаўленыя ў тым,

каб польскія парламентарыі сустракаліся не проста з кіраўніцтвам саюза, а з радавымі актывістамі, якія маглі б расказаць, «як ім насамрэч жывецца і з якімі праблемамі яны сустракаюцца штодня».

МЗС Польшчы заявіў, што забарона на ўезд у Беларусь для польскіх дэпутатаў упісваецца ў «практыку недэмакратычнай беларускай дзяржавы». МЗС Беларусі назваў гэты візіт «канспірацыйным».

Каментуючы сітуацыю, намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі — начальнік аддзела прэс-службы МЗС Беларусі Марыя Ваньшына заявіла: «Польскія парламентарыі запланавалі свой візіт у Беларусь, грэбуючы не толькі ўзаемадзеяннем са сваімі беларускімі калегамі, але і якім-небудзь папярэднім інфармаваннем беларускага боку наогул. Ажыццяўленне візіту парламенцкай дэлегацыі мае на ўвазе наяўнасць адпаведнага запрашэння ад парламентарыяў краіны прызначэння — у гэтым выпадку Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».

«Беларускі бок зыходзіць з агульнапрынятай практыкі міжнародных адносін, паводле якой парламенцкі дыялог паміж дзяржавамі ажыццяўляецца на ўзаемапаважлівай і раўнапраўнай аснове, — падкрэсліла Ваньшына. — У гэтай сувязі ўзнікае пытанне: які пазітыў для двухбаковых адносін Беларусі і Польшчы могуць прынесці падобныя „канспірацыйныя“ візіты, арганізацыя якіх яўна парушае прынцыпы ўзаемнага даверу, адкрытасці і добрасуседства?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?