01.03.2007 / 10:18

Пасьля Пуціна будзе Пуцін 3

«Пасьля Пуціна... будзе Пуцін,» – заявіў учора ў Варшаве Глеб Паўлоўскі, вядучы расейскі палітоляг, адказваючы на пытаньне аб мажлівым пераемніку расейскага прэзыдэнта.

«Пасьля Пуціна... будзе Пуцін,» – заявіў учора ў Варшаве Глеб Паўлоўскі, вядучы расейскі палітоляг, адказваючы на пытаньне аб мажлівым пераемніку расейскага прэзыдэнта. – «Пуцін зрабіў сваю справу, і ён застанецца ў цэнтры расейскай палітыкі незалежна ад таго, хто будзе выбраны прэзыдэнтам».

Апанэнтамі Глеба Паўлоўскага, паліттэхноляга й дарадцы расейскага прэзыдэнта, на дыскусіі, арганізаванай польскай газэтай «Dziennik», быў Уладзімер Букоўскі – дысыдэнт, інтэлектуал, знакавая постаць антыкамуністычнага супраціву ў СССР, а таксама польскія гісторыкі Ўладзімеж Марціняк і Анджэй Новак.

Глеб Паўлоўскі падчас канфэрэнцыі абараняў тую зьнешнюю і ўнутраную палітыку, якую вядзе Расея пад кіраўніцтвам Ўладзіміра Пуціна.

Глеб Паўлоўскі запэўніваў прысутных у тым, што Расея ня хоча сусьветнай гегемоніі, адраджэньня ялцінскай сыстэмы часоў халоднай вайны. «Нацыянальнай Расеі, як і нацыянальнай Польшчы ў ялцінскім дагаворы няма. Зараз у сьвеце дамінуюць ЗША, і так будзе працягвацца датуль, пакуль разьвітыя нацыі не возьмуць сабе тое, што належыць ім па праву» – заявіў расейскі палітоляг.

Спрабуючы пераканаць слухачоў у тым, што Расея не мае ніводнай прыкметы імпэрскай дзяржавы, дарадца расейскага прэзыдэнта заявіў наступнае:

Г. Паўлоўскі: Мы ня маем ніякіх ідэй адносна таго, як павінна быць кіраваная Польшча, як павінна быць кіраваная Грузія. Шчыра кажучы, нам пляваць на тое, як будаваная Грузія, нам пляваць на грузінскую эканоміку, нам пляваць на амерыканскую эканоміку і (я раскрыю вам страшную таямніцу) нам пляваць на польскую палітыку.

Галоўнай бядой, якая паставіла Расею у 90‑х гадох на край катастрофы, на думку Паўлоўскага, была «дэнацыяналізацыя», навязаная «чужой злой воляй». Людзьмі, пазбаўленымі нацыянальнай сьвядомасьці, маральных каштоўнасьцяў, лёгка маніпуляваць. Як прызнаецца Паўлоўскі, ен перайшоў на бок прэзыдэнта Ельцына, калі той пачаў працэс адбудовы нацыянальнай Расеі – і пачаў яго з вайны ў Чачні.

На пытаньне, чаму знішчэньне нацыянальнай самасьвядомасьці суседняй Беларусі адбываецца пры поўнай падтрымцы расейскага кіраўніцтва, спадар Паўлоўскі адказаў, што, на яго думку, Лукашэнка не зьяўляецца праціўнікам беларускага сувэрэнітэту й нават адмаўляецца па гэтай прычыне ад уваходжаньня Беларусі ў склад Расеі:

Г. Паўлоўскі: Лукашэнка мне сказаў наступнае: Калі б Беларусь увайшла ў склад Расеі, то была б новая Чачня, мы б усе пайшлі ў зямлянкі. І гэта была б не такая Чачня, як на Каўказе! Вы памятаеце, як беларусы вялі сябе ў часы Другой Сусьветнай вайны? Яны паводзілі сябе ня так як палякі, яны сваіх габрэяў не выдавалі, яны сваіх габрэяў абаранялі. І я вымушаны быў згадзіцца зь ім.

Адкрытае абвінавчванне палякаў у калябарацыянізьме падчас вайны й антысемітызьме выклікала хвалю абурэньня ў залі.

Дарадца прэзыдэнта Расеі Глеб Паўлоўскі адказаў і на іншыя пытаньні Польскага радыё для замежжа. Сутнасьць расейскіх інтарэсаў у Беларусі паліттэхноляг раскрыў наступным чынам.

Г. Паўлоўскі: Саюз Расеі й Беларусі – гэта наш цэнтральны інтарэс, і мы спадзяемся, што прэзыдэнт Лукашэнка разумее ўсю важнасьць гэтага саюзу, тым больш зараз, калі на Беларусі маюць адбыцца сур’ёзныя рэформы яе эканомікі. Яна патрабуе падтрымкі, у тым ліку і ў крэдытах.

Ад адказу на пытаньне, ці не рыхтуе Крэмль замены Лукашэнку на выпадак, калі той стане перашкодай у расейска‑беларускіх стасунках, расейскі палітолаг ухіліўся:

Г. Паўлоўскі: Мы ня дзейнічаем праз галовы прэзыдэнтаў. Можа гэта й няправільна, але.... мы кансэрватыўныя.

Словы Глеба Паўлоўскага разыходзіліся з тым, што ён казаў усяго месяц таму падчас дыскусіі зь беларускім палітолягам Юрыем Шаўцовым. Тады дарадца расейскага прэзыдэнта казаў аб Саюзе Беларусі й Расіеі як фікцыі, выказваўся за рынкавыя адносіны паміж дзвюма дзяржавамі. Такую непасьлядоўнасць спадар Паўлоўскі растлумачыў наступным чынам:

Г. Паўлоўскі: Ёсьць вайскова‑стратэгічны саюз, і ён функцыянуе вельмі добра. Эканамічны стасункі праблематычна, але функцыянуюць, у агульным, добра. Праблемы ў палітычным саюзе і ў інэрпрэтацыі спадаром Лукашэнкам палітычнага саюзу як асновы для эканамічным прэфэрэнцыяў. Вось тут узьнікае праблема. У нас няма праблемаў па вайскова‑стратэгічнаму ўзаемадзеяньню. Гэта вельмі важна. У нас зь Беларусьсю спакойная мяжа, і мы гэта цэнім.

Уладзімір Букоўскі, адзін з самых вядомых савецкіх дысыдэнтаў, востра раскрытыкаваў тэзісы крамлёўскага палітоляга. На думку Букоўскага, трагедыя Расеі заключана ў няправільна сфармуляванай нацыянальнай ідэі, заснаванай на этнічным прынцыпе й канцэпцыі вялікай усеўладнай дзяржавы. Такая ідэя становіцца небясьпечнай у шматнацыянальнай краіне – і вынікі гэтага бачныя ўжо сёньня.

Пуцінская адміністрацыя ў астатнія гады занятая толькі пошукам ворагаў, бо толькі пачуцьцё зьнешняй пагрозы можа аб’яднаць грамадзтва ў краіне, дзе культывуецца нацыяналізм. Але ворагі ўвесь час драбнеюць. Калі раней гэта быў «увесь сусветны імпэрыялізм», то зараз – Латвія, Эстонія, Грузія, Малдова...

У сучаснай Расеі амаль не засталося альтэрнатыўнага мысьленьня, няма грамадзкай думкі.

Калі раней, пры ўсіх недахопах ельцынскага рэжыму, адносіны з суб’ектамі фэдэрацыі й суседнімі краінамі будаваліся на прынцыпах партнэрства — то сёньня вакол Расеі і ўнутры яе засталіся толькі рабы й сатэліты. А рабства й ксэнафобія зьяўляюцца слабым падмуркам для адзінства дзяржавы. Эканамічны крызыс можа прывесьці нават да дэзынтэграцыі Расеі – і крызыс 1998 году гэта паказаў, – паведаміў былы савецкі дысыдэнт.

Расея павінна перастаць вучыць іншыя краіны як жыць, а заняцца праблемамі ўласнага народу, асабліва калі прыгадаць, што астранамічныя цэны на нафту не заўсёды будуць такімі высокімі – падкрэсьліў Уладзімір Букоўскі.

0
Halina von Leipzig / Адказаць
01.03.2007 / 11:25
Пахне Гитлерам. Моцна пахне. Ну што, пачынаецца трэцяя миравая? Жудасна.
0
Michal Zaleski / Адказаць
01.03.2007 / 13:17
Знайшлі пад лавай сякеру, якую туды З.Пазьняк паставіў 15 гадоў таму.
0
Jau / Адказаць
01.03.2007 / 14:21
>Як прызнаецца Паўлоўскі, ен перайшоў на бок прэзыдэнта Ельцына, калі той пачаў >працэс адбудовы нацыянальнай Расеі – і пачаў яго з вайны ў Чачні Ja u afihien'ni!!! Cikavaje u rasiejcau nac. adradzhen'nie. Vidac' z-za hetaha jany tak admouna j da prybaltyjskich dy bielaruskich nacyjanalistau staviacca - pa sabie sudziac'.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру