Герб Запарожскага войска.

ГРУ і НКВД у Другую сусветную, дыверсанты Ваўпшасава ў 1920-я — гэта тое, што згадваецца, калі гаворка заходзіць пра расійскую выведку на беларускай зямлі. Каранямі ж з’ява сягае ў XVII ст.

Звесткі пра першых маскоўскіх шпегаў захавалі «веставыя стаўбцы», дакументы Разраднага прыказу — ваеннага ведамства Маскоўскай дзяржавы, якое займалася і зборам інфармацыі пра становішча на межах.
У перадваенныя 1652–54 у дакументах прыказу нашмат больш данясенняў з літоўскай мяжы — аб руху войскаў, дзеях камандуючых, канцэнтрацыі сіл і ўзбраення. У папярэднія гады болей увагі вайсковая выведка надавала «татарскай» ды «чаркаскай» тэматыцы. («Чаркасамі» ў тыя часы называлі ўкраінскіх казакоў).
Паводле ўмоваў Дэулінскага перамір’я 1618 да Рэчы Паспалітай адышлі землі з пераважна праваслаўным насельніцтвам — смаленскія, чарнігаўскія, ноўгарад-северскія.
Паміж жыхарамі падзеленых мяжой мясцовасцяў захоўваліся сваяцкія і гаспадарчыя сувязі. Гэта рабіла іх магчымымі агентамі выведкі аднаго з бакоў. Спрыяла і недасканалая ахова мяжы ў тыя часы.

Першыя шпегі — казакі

У 1652 г. войска Рэчы Паспалітай церпіць буйныя паразы ад паўстанцаў Хмяльніцкага пад Батогам і Жванцом.
У Маскве, дазнаўшыся пра гэта, мэтаскіравана пачынаюць рыхтавацца да вайны. Актывізуецца і выведка.
2 жніўня 1652 белгарадскі ваявода Емяльян Бутурлін па царскім даручэнні паслаў «у казачыя гарады чаркасаў Сеньку Маленькага ды Паўліка Каліннікава…для праведвання звестак за рубяжом, у польскай старане, у казачых гарадах… у Вепрыку ды ў Гадзячы».
Але сакрэтных агентаў Сеньку і Паўліка ў тых гарадах спынілі, забараніўшы рухацца як далей, так і назад: «у многіх месцах мор вялікі… пастаўленыя заставы моцныя… пускаць нікога не дазволена». Праўда, з адпіскі вольнаўскага ваяводы Пляшчэева ад 2 верасня мы даведваемся, што «моравай пошасці няма», а чутку пусцілі казацкія атаманы, баючыся прыходу маскоўскага ваяводы Грыгорыя Куракіна з войскам, які мог спустошыць акругу.

А можа, атаманы хацелі перашкодзіць дзейнасці замежнай выведкі на сваёй тэрыторыі (Украіна ў 1652 яшчэ не была звязаная дамоўленасцямі з Масковіяй).

«Літоўская пагроза»

Трывалай мэтай маскоўскай выведкі ад 1648 г. заставаўся збор інфармацыі аб ходзе паўстання Хмяльніцкага ва Украіне.
Поспехі ці паразы паўстанцаў уплывалі на палітыку Расіі ў дачыненні да Рэчы Паспалітай. Асабліва цікавілі маскоўскае кіраўніцтва адносіны казацкіх вярхоў з шараговым казацтвам (на якое і была зробленая стаўка ў будучым «інтэграцыйным працэсе»).

8 снежня 1652 казакі нежынскага палкоўніка Івана Залатарэнкі схапілі языка, «і той паляк казаў, што палякі і літва па першым зімовым шляху збіраюцца пад Новагародак-Северскі вайною». Хоць «палякі і літва» збіраліся дзейнічаць супраць Залатарэнкі, пасля гэтага выпадку з восені 1653 г. тэма «літоўскай пагрозы» пачынае ўсё часцей з’яўляцца ў дакументах прыказу.

22 верасня «бранскі пасадскі чалавек» Міцька Сапронаў даносіў ваяводу Грыгорыю Далгарукаму, што ў Смаленск прыйшлі «літоўскія людзі».
У кастрычніку 1653 таропецкі ваявода Сцяпан Вельямінаў паведамляў, што «ад літоўскіх людзей будзе з маскоўскімі людзьмі вайна… і лісты па гарадах і па мястэчках паўсюль папрыбіваныя».
Ужо ў студзені 1654 Далгарукі атрымаў звесткі аб месцы планаваных удараў літоўскага войска: «хочуць прыходзіць літоўскія людзі на Бранскі і на Серпейскі ўезд».
Тэма «пагрозы» ўсё часцей прасочваецца ў далейшых адпісках за 1654. Множыліся і выпадкі затрымання «падазроных» на мяжы.

На капітанскіх акладах

Як рэкрутаваліся і дзейнічалі «лазутчыкі»?
Бо тут ужо мы маем справу з «лазутчыкамі» — людзьмі, якія спецыяльна пасылаліся з мэтай збору інфармацыі. Найбольш поўна апісаныя метады адбору шпегаў у адпісцы яблонаўскага ваяводы Рыгора Куракіна за верасень 1652. Цар патрабуе ўзяць «з Корачы, і з Белгарада, і з Царова, з Усерда па добрым чалавеку з чаркасаў, каб іх паслаць у Літоўскую старану». Такім чынам, назіраць за ходам паўстання на Украіне бяруцца людзі з чатырох розных гарадоў — «добрыя і знаючыя».
Гэта «чаркасы» — людзі, якія будуць сваімі на гэтай тэрыторыі (па такім жа прынцыпе ў «лазутчыкі» бралі праваслаўных манахаў і сялян).
Шпегаў яшчэ трэба «дапрошаць» — г.зн. праверыць іх добранадзейнасць і даць пэўную задачу.
Далей даецца інструкцыя, што шпегаў трэба адпускаць у Літву па адным і не адначасова, каб яны не ведалі адзін аднаго і ніхто старонні пра іх не ведаў.
Тады, у выпадку правалу аднаго з іх, шкода супольнай справе будзе мінімальнай. (Нават пад катаваннем шпег не выдасць іншых, бо ён іх проста не ведае.) Шпегам загадана быць «у Літоўскай старане» працяглы час, каб здабываць больш дакладныя і поўныя звесткі, удакладняючы інфармацыю з розных крыніц. «Калі ж у Літоўскай старане дазнаюцца, што яны прыехалі з нашай стараны праведваць звестак, яны хай кажуць, што яны, не хочучы быць у нашай старане, ад’ехалі ў Літоўскую старану служыць». Яскрава бачны зародак «легенды» выведніка, якой ён будзе карыстацца ў выпадку правалу.
Добры шпег заўсёды карыстаецца добрым забеспячэннем. Шпегам, якіх пасылаў Куракін, загадана было даць «жалавання рублёў па 6 і па 7, а самым добрым, ад якіх знаеце ўсякага дабра і службы, па 8 рублёў».
Таксама, калі ў шпегаў былі слабыя коні, загадана даць кожнаму па драгунскім кані.

Невядома дакладна, на які тэрмін лазутчыкам выдаткоўваліся такія грошы. Тым не менш, гэта была даволі вялікая сума.

Параўнаем: шараговы замежны дваранін-наёмнік на службе ў маскоўскім войску атрымліваў 1,05 рубля за месяц, прапаршчык — 1,50, капітан — 7 рублёў.
Рубель тады складаў ля 100 капеек,
за рубель можна было купіць добрага каня.

Грошай было дастаткова на доўгатэрміновую дзейнасць за мяжой. Тое, што «добрым лазутчыкам» плацілі болей, сведчыць пра крокі да прафесіяналізацыі выведкі. Думалі таксама і пра забеспячэнне шпегаў неабходным рыштункам.

Колькі такіх шпегаў было ў кожнага ваяводы — невядома, але іх дзейнасць напэўна была адным са складнікаў паспяховасці ваенных кампаній маскоўскіх войскаў 1654–55. Бо 

не толькі колькасная перавага, але і добра спланаваныя аперацыі маскоўскага кіраўніцтва па захопе стратэгічных аб’ектаў на ўсходзе ВКЛ сталі прычынай ваеннай катастрофы Рэчы Паспалітай у 1654–55.
Яе вынікам стала знішчэнне паловы насельніцтва беларускіх земляў і іх гаспадарчы заняпад.

* * *

«Невядомая вайна» 1654–1667

Вайна Маскоўскай дзяржавы і Рэчы Паспалітай. Мела катастрафічныя наступствы для Беларусі. У выніку наш край страціў палову насельніцтва. Былі зруйнаваныя гарады, многія (як Магілёў, Быхаў) так і не аднавілі свайго былога значэння. Скончылася Андрусаўскім перамір’ем, згодна з якім Смаленская, Чарнігаўская і Ноўгарад-Северская землі заставаліся ў складзе Маскоўскай дзяржавы, а захопленае беларускае Падзвінне вярталася ВКЛ. Адыходзіла Масковіі і левабярэжная Украіна. Вывезены з ВКЛ падчас вайны шматтысячны палон вяртанню не падлягаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?